«Не пытайцеся, як маме ў эміграцыі без яе дзяцей». Былая палітзняволеная Ганна Папай расказала, як адаптуецца да новага жыцця
Былая палітзняволеная Ганна Папай зараз жыве ў Польшчы, вельмі чакае сустрэчы са сваімі дзецьмі і марыць пра ўласную кавярню ў Мінску. Пра тое, як яна прызвычайваецца да новага жыцця і пра што марыць, піша выданне Politzek.me. А яшчэ Ганну проста цяпер можна падтрымаць данатам.

Без дома, без працы, без дзяцей
Ганне Папай 46 гадоў. У яе трое дзяцей. Родам яна са Жлобіна, скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і шмат гадоў пражыла ў Мінску. Амаль уся яе кар'ера была звязана з банкаўскай сферай: яна працавала з кліентамі, кансультавала.
За данаты Ганну Папай асудзілі ў Беларусі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яна прайшла праз СІЗА і калонію №4 у Гомелі, а ў снежні 2025 года жанчына апынулася ў групе палітвязняў, якіх пасля візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск дэпартавалі з Беларусі праз Украіну — у Польшчу. У Польшчы пачаўся новы этап жыцця Ганны: без дома, без звыклай працы. І без магчымасці абняць сваіх дзяцей.
Сёння Ганна Папай працуе ў варшаўскай пякарні — пячэ круасаны, а яшчэ стварае на замову тарты і дэсерты.

«Дожджык, дожджык, лупані, бабу з поля прагані!»
Проста прачнуцца раніцай, проста выйсці на вуліцу, проста купіць каву, проста патэлефанаваць блізкім. Для многіх людзей гэта звычайныя справы, але для Ганны — велізарная каштоўнасць, за якую яна заплаціла вельмі высокую цану. Яна прызнаецца: яе ўменне не здавацца родам з дзяцінства.
«У мяне было добрае дзяцінства. У мяне было многае, чаго не было ў іншых дзяцей: ровар «Аіст», канькі — заўсёды па памеры, і лыжы. Бацькі часта праводзілі з намі час. Кожны год мы ездзілі на мора. Я адчувала сябе вельмі шчаслівай».

Пра што марыла ў дзяцінстве? Ганна ўсміхаецца, калі згадвае смешныя жаданні дзіцяці, у якога было ўсё.
«У таты была фермерская гаспадарка. А мы з братам і сястрой часта марылі, каб дожджык пайшоў, калі нам даводзілася палоць клубніцы. Памятаеце: «Дожджык, дожджык, лупані, бабу з поля прагані»? Якое гэта было шчасце, калі ён пачынаўся!»
Калонія ўжо не сніцца так часта
На момант гэтай размовы прайшло 5 месяцаў пасля вызвалення. Паводле слоў Ганны, успаміны пра зняволенне ўсё яшчэ побач, але больш не кіруюць яе думкамі.
«Патроху цьмянеюць у памяці калонія і СІЗА. Яны ўжо не сняцца так часта, як раней. Ёсць адчуванне, што гэты этап усё ж такі ззаду. Пачынаецца новае жыццё.
Я разумею, што цяпер знаходжуся ў бяспецы і не трэба больш баяцца людзей у форме.
Нядаўна ўбачыла ў Варшаве аўтазак. Ён быў вельмі прыгожы і сучасны, але выклікаў у мяне выключна эстэтычную цікавасць».
Усведамленне свабоды з'явілася на наступны дзень пасля вызвалення.
«Тады я ўпершыню змагла патэлефанаваць па відэасувязі дзецям і бацькам. Менавіта ў той момант і з'явілася пачуццё — усё скончылася».

Не так уяўляла сабе вызваленне
У зняволенні Ганна ўяўляла сабе дзень выхаду на волю. І гэты дзень выглядаў зусім інакш, чым адбылося ў рэчаіснасці.
«Самым нечаканым аказалася тое, што я не дома, а тут. Я не чакала, што ўсё здарыцца менавіта так.
Вымушаная эміграцыя стала самым вялікім сюрпрызам. Ну і яшчэ Украіна. Не думала, што змагу патрапіць туды да заканчэння вайны, а атрымалася інакш».
Адным з самых моцных успамінаў першых дзён на волі для Ганны застаецца сустрэча, арганізаваная для вызваленых палітвязняў.
«Нас сустракалі ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве. Тады гэта падалося чымсьці натуральным. Але пазней я зразумела, якая велізарная праца стаяла за арганізацыяй сустрэчы амаль сотні чалавек. Кожнаму надаць увагу, кожнага накарміць, кожнаму знайсці словы падтрымкі. Такое немагчыма забыць!»
«Як ты без дзяцей? Сумуеш?»
Ганна расказвае, што ў турме час цячэ інакш. Чалавек застаецца сам-насам з сабой, сваімі страхамі і думкамі. Ганна старалася не канцэнтравацца на мінулым:
«Я думала пра тое, што ўсё праходзіць і гэта таксама пройдзе. Думала, што камусьці зараз яшчэ цяжэй, чым мне. Я ж жывая. Думала пра маму, пра дзяцей, пра каханага чалавека, які мяне чакаў. Пра будучыню. Я нават лічыла, колькі мне будзе гадоў, калі выйду».
Аказалася, гэтыя думкі пра будучыню сталі яе апорай.
«Я ўяўляла тое, што будзе наперадзе. А вось успаміны, наадварот, часта прыводзілі ў прыгнечаны стан.
Калі пачынаеш згадваць ранейшае жыццё, разумееш, колькі страціў. Гэта вельмі балюча. Шкада кожнага дня, пражытага ў няволі. Кожны такі дзень мог быць напоўнены шчасцем».
Галоўнай марай падчас зняволення была свабода.
«Вядома, я марыла пра свабоду. А потым ужо пра сустрэчу з блізкімі. Уяўляла гэта паасобку».
Аднак пасля вызвалення аказалася, што свабода не заўсёды азначае вяртанне дадому. Для Ганны ўсе пытанні пра яе дзяцей балючыя, гэтая тэма для яе «крываточыць».
«Людзі часта пытаюцца: «Як ты без дзяцей? Сумуеш?»
Я не разумею, навошта задаваць такія пытанні. Мне страшна цяжка быць тут без іх. Сэрца літаральна крывёй абліваецца».

Ганна стараецца не праходзіць міма школ і дзіцячых садкоў. Пазбягае такіх месцаў.
«Калі ўсё ж такі праходжу міма, кожны раз думаю пра тое, што мае сыны таксама маглі б хадзіць у гэтую школу, кожны дзень вяртацца дадому. Але я пазбаўленая гэтага. Яны растуць без мяне.
Гэта самае страшнае — разлука з дзецьмі. Таму не пытайцеся ў мам у эміграцыі, як ім без дзяцей. Ім НАСТОЛЬКІ ЦЯЖКА, што вам не трэба гэтага ведаць».
Лісты — велізарнае шчасце
У зняволенні падтрымку вымяраюць не толькі грашыма ці рэчамі. Часам падтрымку можна патрымаць у руках — у выглядзе ліста.
«Мне вельмі дапамагалі лісты і перадачы ад родных. У СІЗА даходзілі лісты ад каханага чалавека. Потым быў кароткі перыяд пасля суда, калі прапускалі лісты сяброў. Гэта было велізарнае шчасце».
У калоніі перапіска стала магчымай толькі з блізкімі сваякамі.
«Сваякоў у мяне шмат. Мне пісалі мама, тата, брат, сястра, старэйшая дачка. Мама перадавала прывітанні ад каханага чалавека і сяброў. Дзякуючы гэтаму я разумела: мяне не забыліся, мяне чакаюць».
Ганна кажа, што такая падтрымка дапамагае ёй і зараз.
«Дапамагаюць сябры, сябры сяброў, зусім незнаёмыя людзі, якія ўдзельнічаюць у зборах для былых палітвязняў. Дапамагаюць валанцёры. Гэтая падтрымка вельмі адчувальная і вельмі важная. Я ўсім бясконца ўдзячная».

«Аказалася, мяне не так лёгка зламаць»
Пра зняволенне Ганна расказвае даволі спакойна. Але ёсць рэчы, якія да гэтага часу выклікаюць вельмі моцныя эмоцыі.
«Я не ведала, што змагу ўсё гэта перажыць. Аказалася, што мяне не так ужо і лёгка зламаць».
Самым страшным выпрабаваннем былі не фізічныя нязручнасці і цяжкасці, а чалавечая здрада.
«Там гэта называюць стукацтвам. Сістэма ціску ўладкаваная так, што многія людзі ламаюцца і пачынаюць даносіць на сваіх таварышаў па няшчасці.
Асабліва цяжка даводзіцца палітычным зняволеным. Многія не вытрымліваюць. Я вытрымала. Ёсць невялікая падстава для гонару».
Нечакана для яе самой, у калоніі Ганна адкрыла свае здольнасці да шыцця.
«Аказалася, я няблага ўмею шыць. Школьныя ўрокі працы не прайшлі дарэмна. Пяць месяцаў я працавала на фабрыцы, дзе мы шылі курткі. Мне давяралі даволі складаныя аперацыі: падрубку рукавоў, зборку капюшонаў. І я выдатна спраўлялася. Нечаканае вызваленне абарвала «кар'еру» швачкі-пачаткоўкі».
А яшчэ ў калоніі нікуды не знікла даўняя любоў Ганны да дэсертаў і салодкага.
«Вядома, паўнавартасна пячы там нельга: духоўкі ж няма. Але я лічу, што можна было паставіць хаця б некалькі пліт на кухні. Пральныя машыны і халадзільнікі ж ёсць у кожным атрадзе.
Але торцікі мы ўсё роўна рабілі — з пакупных каржоў, згушчонкі, масла і арэхаў. Часам атрымлівалася сапраўды вельмі смачна і прыгожа.
Я рабіла дэсерт з печыва, тварагу, масла і смятаны. Праўда, мае дэсерты хутка скончыліся, бо грашовых пераводаў у мяне не было, а на мясцовы заробак асабліва не разгуляешся.
Першы заробак быў зусім маленькі: у ліпені за 20 дзён працы я атрымала ўсяго 4 рублі, у жніўні было 27 рублёў, у верасні 35 рублёў, у кастрычніку — рублёў 35—40, а ў лістападзе брыгада спрацавала горш і заробак упаў — выдалі 29 рублёў.
Я купляла каву, цукар — 1 кг (больш нельга), яблыкі, печыва, тварог, смятану, вафлі, улетку марожанае пару разоў і аднойчы кока-колу. Гэта было свята — марожанае (сіняе васільковае) з колай. У калоніі можна есці толькі на кухні ў атрадзе, а ў іншых месцах забаронена, але ўсё роўна было супер. Я хадзіла ў краму адзін раз на месяц з заробку, і пакупак хапала на тыдзень».

Салодкае ратуе ад стрэсу
Сёння Ганна працуе ў пякарні, пячэ круасаны. Выпяканне было яе захапленнем яшчэ да арышту, а цяпер паступова ператвараецца ў справу жыцця.
«Для мяне гэта вельмі проста: салодкае і выпечка — гэта крыніца задавальнення і радасці. Без гэтага, вядома, можна пражыць, але што гэта будзе за жыццё? Я без салодкага доўга не працягну, гэта дакладна. Асабліва ў турме. Там, дарэчы, усе ядуць салодкае і шмат. І ніхто не таўсцее.
Салодкае вельмі добра ратуе ад стрэсу. Я і раней гэта ведала, а ў турме пераканалася канчаткова. Калі вам цяжка, сумна ці здарыўся нейкі моцны стрэс, не бойцеся з'есці кавалачак любімага торта. Свет адразу становіцца святлейшым».
Выпечка для Ганны — гэта частка жыцця. Смачнае і прыгожае жыццё. Першыя тарты яны пяклі разам з сястрой.

«Якія менавіта тарты? Гэта была савецкая класіка: «Напалеон», медавік, «Рыжык», «Зебра». Потым было «Птушынае малако», праўда, не зусім сапраўднае, у суфле была манная каша».
Адзін з яркіх салодкіх успамінаў звязаны са школьным конкурсам прыгажосці.
«Чамусьці там трэба было не толькі ўдзельнічаць у конкурсе, але яшчэ і што-небудзь спячы. Мы з мамай зрабілі торт у каструлі. Для таго часу гэта быў вельмі прасунуты варыянт. Бісквіт рэзалі кубікамі, дадавалі садавіну, смятанны крэм з жэлацінам і выкладвалі слаямі ў каструлю. Потым пераварочвалі яго — і атрымліваўся прыгожы роўны торт! Мне тады гэта падавалася сапраўдным дзівам».
Дом — гэта пах шарлоткі
Сярод любімых дэсертаў у Ганны ёсць фаварыты.
«З тартоў, якія пяку, больш за ўсё люблю міндальны торт з чызкейкам і мусам маскарпонэ. Там ідэальны баланс усяго. Яшчэ я люблю макаронс, хоць па-сапраўднаму смачнымі яны бываюць рэдка, гэта вельмі складаны дэсерт.
А з таго, што раблю зараз у пякарні, абажаю рол-чызкейк: слаёнае цеста, а ўнутры — чызкейк з марцыпанам, зверху — канфі з парэчак. Шалёна смачна!»
У кожнага перыяду жыцця, на думку Ганны, ёсць свае смакі і водары.
«Вось зараз маё жыццё — гэта пах цынамонак (булачак з карыцай) і свежага хлеба. Калі казаць пра дом, то ён пахне зусім інакш.
Для мяне дом — гэта мядовы торт. І яшчэ пах свежавыпечанага бісквіта. Лепш ванільнага ці лімоннага, але можна і шакаладнага. І абавязкова — пах шарлоткі!»
Тут вы можаце ўбачыць дэсерты, якія пячэ Ганна. А раптам вы таксама неабыякавыя да салодкага і вам вельмі-вельмі патрэбен торт-антыстрэс? Падпішыцеся і парайце сябрам!
«Адчуваю сябе на сваім месцы»
Калі б вы ўбачылі Ганну на вуліцы, то да галавы не прыйшла б думка, што гэтая жанчына перажыла жахі беларускай калоніі. Ганна выглядае вельмі па-жаноцку і стыльна, любіць сукенкі і ўпрыгажэнні. Кажа, што за гады пошукаў і змен нарэшце знайшла занятак, які прыносіць ёй унутраны спакой.
«Мне падабаецца мой стан, калі я займаюся выпечкай. Я адчуваю сябе на сваім месцы. Адчуваю, што раблю тое, што трэба, і мне не трэба больш нічога шукаць».
Пры гэтым для яе выпечка ніколі не была выключна пра ежу.
«Выпечка, па-першае, для людзей. Мне падабаецца, калі мае тарты, дэсерты, пірожныя, а зараз ужо і круасаны, хлеб атрымліваюцца. Калі людзям падабаецца, калі ім смачна і яны вяртаюцца зноў і зноў. Вядома ж, выпечка — гэта і для блізкіх, для сям'і».
Асабліва цёпла Ганна расказвае пра дзяцей.
«Напрыклад, мой малодшы сын Паша вельмі палюбіў макаронс, французскае пірожнае на міндальнай муцэ. Хто б мог падумаць, што дзіцяці менавіта гэта спадабаецца? А старэйшы абажае мой шакаладны торт. Асабліва шакаладны бісквіт. І ў мяне ёсць свой адпрацаваны фірмовы рэцэпт».
Выпечка дапамагае перажыць цяжкія часы
Ганна прызнаецца, што выпечка дапамагала ёй спраўляцца з крызісамі задоўга да зняволення.
«Быў такі цяжкі момант у маім жыцці — развод. Тады здавалася, што ўсё жыццё ляціць дагары нагамі. Але былі замовы, людзям усё роўна патрэбныя былі тарты. Для мяне гэта стала выратаваннем. Прыходзіла з працы, станавілася каля пліты і гатавала. Заспакойвалася і разумела, што жыццё працягваецца».

Па яе словах, менавіта тады яна ўпершыню адчула, што ўлюбёная справа можа літаральна ўтрымліваць чалавека на плаву.
«Калі працуеш з цестам, крэмам, каржамі, усё становіцца нейкім больш зразумелым. Ёсць рэцэпт, ёсць паслядоўнасць дзеянняў, ёсць вынік. Часам гэтага вельмі не хапае ў жыцці».
Свой першы торт у эміграцыі яна памятае вельмі добра:
«Гэта быў «Напалеон» на Новы год. Мы ішлі ў госці да сяброў маіх сяброў, якіх я, вядома, зусім не ведала. Спякла «Напалеон», бо тады ў мяне яшчэ не было ні міксера, ні формаў для бісквітаў. А слаёны торт у такой сітуацыі — самае простае рашэнне».

Яна ўсміхаецца, згадваючы свае перажыванні.
«Было страшнавата, калі шчыра. Хвалявалася, што не атрымаецца. Прадукты незнаёмыя, духоўка чужая, часу прайшло шмат з тых часоў, як я штосьці сур'ёзна пякла. Але ўсё атрымалася. Торт выйшаў цудоўны. Я ўпрыгожыла яго ягадамі, у Польшчы яны прадаюцца круглы год і каштуюць значна танней, чым у Беларусі. У выніку торт разляцеўся імгненна. Усім спадабаўся».
«Няхай мае круасаны набяруць сто сэрцаў»
Нядаўна адзін з пастоў Ганны ў Threads нечакана сабраў больш за пяцьсот лайкаў.
«Няхай я заўтра зазірну сюды і мае круасаны набяруць сто сэрцаў. Гэта мае першыя круасаны. Мне было складана, але я справілася».
Вопыт зняволення змяняе стаўленне чалавека да многіх рэчаў.
«Зусім няважнымі сталі многія матэрыяльныя рэчы. Грошы — самі па сабе — перасталі мець вялікае значэнне. Самае важнае зараз — гэта магчымасць камунікаваць з блізкімі людзьмі».
Пасля атрымання міжнароднай абароны з'явілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні, упершыню за доўгі час Ганна адчула бяспеку. Але цяжкасці застаюцца.
«Самае складанае — гэта вывучыць польскую мову. Для паходу ў краму яе хапае, але для паўнавартасных зносін — пакуль не. Без мовы ўсё роўна адчуваеш сябе чужой. Як быццам ты чалавек, які не можа гаварыць і спрабуе тлумачыцца жэстамі. Толькі я да таго ж жэстаў таксама не ведаю!

Планы на будучыню? Як мінімум я хачу стаць партнёрам у бізнэсе, дзе зараз працую. Як максімум — адкрыць уласную пякарню. Тут ці ў Беларусі. Я нават ведаю раён Мінска, дзе б яе адкрыла. Ну а што? Марыць жа можна.
Ёсць яшчэ адна мара. Вельмі асабістая. Пакуль не магу пра яе расказваць, а то не спраўдзіцца».
Гэты вопыт нельга проста забыць
У атачэнні часта пазбягаюць размоў пра турму. Таму пра свой вопыт Ганна расказвае рэдка.
«Многія не хочуць слухаць расказы пра калонію. Ім здаецца, што гэтым яны мяне расстрояць. А мне часам, наадварот, хочацца падзяліцца. Усё ж такі гэта частка майго жыцця. Нельга проста выкрасліць яе і забыць».
Пасля вызвалення Ганна стала часцей тэлефанаваць маме.
«Мама пісала мне лісты кожныя два-тры дні. Ніхто ў свеце не здольны на такую падтрымку і любоў, як мама. Гэта я зразумела канчаткова.
Я не вярнулася дадому. Я не вярнулася ў сваё ранейшае жыццё. Таго жыцця больш няма. Але я на волі. І вельмі гэта цаню.
Кожны дзень, праведзены там, быў для мяне пеклам. Зараз я атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны жыцця. Усё будзе добра. У нас ва ўсіх. Я гэта ведаю. Таму што пасля чорнай паласы заўсёды ідзе белая».

Ганне Папай вы можаце дапамагчы проста цяпер — вось тут.
Ваша падтрымка проста неабходная тым, хто сёння апынуўся ў вымушанай эміграцыі без блізкіх. Ганна толькі пачынае сваё самастойнае жыццё ў чужой краіне. Яна шмат і цяжка працуе. Такія людзі рэдка просяць пра дапамогу. Любая сума дазволіць ёй адчуваць сябе крыху больш упэўнена ў бытавых выдатках.
Сума збору: €3000
€1200 — арэнда жылля на 2 месяцы
€950 — інвентар і тэхніка для вырабу тартоў і дэсертаў
€550 — закупка інгрэдыентаў і расходных матэрыялаў
€300 — рэзерв і развіццё прыватных замоў
Ці ёсць сярод сілавікоў у турмах і калоніях добрыя людзі? Адказвае Лосік
Ірэна Бярнацкая, палітзняволеная па справе Саюза палякаў, цяпер працуе выхавацелькай у Беластоку
Пачобут: Зараз мы з жонкай толькі спрабуем навучыцца жыць разам нанова
«Ганаруся, калі мне кажуць, што я — наіўны». Віктар Бабарыка выступіў на кніжным кірмашы ў Варшаве
Былы палітвязень і экс-кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук адкрыў бізнэс у Літве
Каментары