Амерыканска-іранская вайна наблізілася да завяршэння, і цэны на нафту амаль дасягнулі даваеннага ўзроўню. Спыталі ў эксперта, што гэта будзе азначаць для Беларусі.

Вяртанне на даваенны ўзровень
Перад пачаткам канфлікту ЗША і Ірана нафта маркі Urals прадавалася па $56‑58 за бараль. Цяпер яе кошт наблізіўся да $59. Гэта пры тым, што цягам некалькіх месяцаў яе кошт нярэдка перавышаў $100, а ў пікавыя моманты дасягаў амаль $120 за бараль.
Высокія цэны разам з замарозкай санкцый у дачыненні да расійскай нафты давалі Расіі магчымасць атрымліваць дадатковы прыбытак ад экспарту.
Завяршэнне гэтага спрыяльнага для расійскай эканомікі перыяду разам з рэгулярнымі атакамі на НПЗ могуць негатыўна паўплываць на эканоміку і курс рубля. А паколькі беларуская эканоміка шчыльна звязаная з расійскай, то ўсе негатыўныя наступствы будуць адбівацца і на нашай эканоміцы.
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што прасяданне курсу расійскага рубля ў другой палове года было прагназаваным.
«Гэта было ў тым ліку звязана з тым, што анамальна высокія цэны на нафту з часам павінны былі знізіцца, паколькі краіны АПЕК нарасцілі аб'ёмы пастаўкі нафты, а таксама з прычыны таго, што і іранская нафта стане паступаць на рынак.
Таксама гэта звязана з праблемамі на расійскіх НПЗ, калі ў выніку разбурэнняў могуць скарачацца аб'ёмы паставак нафтапрадуктаў», — тлумачыць эканаміст.

Санкцыі на нафту вернуцца?
Акрамя таго, у сувязі з нармалізацыяй сітуацыі на Блізкім Усходзе ЗША, хутчэй за ўсё, не стануць падаўжаць замарозку санкцый на расійскую нафту.
«Таму гэта можа павялічыць дысконт, з якім Расія будзе вымушаная прадаваць сваю ўжо зноў падсанкцыйную нафту.
Для Расіі гэта будзе азначаць трэнд на зніжэнне расійскага рубля да замежных валют, адпаведна, аналагічныя тэндэнцыі адбудуцца хутчэй за ўсё і з рублём беларускім», — мяркуе эксперт.

Пры гэтым эканаміст адзначае, што гэта будзе не імгненны, а расцягнуты па часе працэс, паколькі кантракты заключаюцца загадзя і выручка па новых, усё яшчэ высокіх цэнах таксама пачынае паступаць з пэўнай затрымкай.
«Таму ў поўнай меры эфект ад таннай нафты расійская эканоміка пачне адчуваць бліжэй да жніўня — пачатку верасня», — звяртае ўвагу Лузгіна.
Ці будуць утрымліваць курс?
Для Расіі зніжэнне курсу рубля можа разглядацца і як станоўчы эфект, бо цяпер рубель занадта дарагі, што таксама не вельмі добра для іх эканомікі.
«Калі ў Расіі будзе адбывацца аб'ектыўнае зніжэнне курсу, то эканамічныя ўлады не будуць нічога рабіць для ўтрымання курсу на цяперашнім узроўні.
Але на беларускі валютны рынак гэта будзе дзейнічаць аналагічным чынам, што будзе прыводзіць да патаннення беларускага рубля да таго ж даляра. Пры гэтым да расійскага рубля, наадварот, можа адбыцца ўмацаванне», — тлумачыць эканаміст.
Аднак зніжэнне ўзроўню нафтагазавых даходаў у Расіі — гэта не толькі пра змены на валютным рынку.
«Для эканомікі, якая і так знаходзіцца не ў лепшым стане, усё гэта, вядома, будзе мець негатыўныя наступствы.
У РФ ужо перагледзелі прагнозы эканамічнага росту ў бок змяншэння, знізіўшы прагнозны паказчык да 0,4%. Запаволенне эканамічнага росту азначае, што і попыт на беларускія тавары таксама не будзе расці».

І паколькі эканоміка Беларусі шчыльна звязаная з расійскай, то ўсе негатыўныя тэндэнцыі, якія там адбываюцца, будуць знаходзіць адлюстраванне ў эканоміцы Беларусі.
Беларускія НПЗ не ўратуюць сітуацыю
Пры гэтым важна разумець, што тыя даходы, якія Беларусь атрымлівае за кошт павелічэння паставак паліва ў Расію, — агулам невялікі плюс для эканомікі.
«За пяць месяцаў было пастаўлена 270 тысяч тон бензіну на расійскі рынак. Гэта шматразовае павелічэнне паставак у параўнанні з мінулым годам. Аднак калі нават выказаць здагадку, што толькі за чэрвень паставяць 60 тысяч тон — гэта ўсё роўна менш за 2% штомесячных патрэбаў рынку Расіі.

Хутчэй за ўсё, Расія магла б купляць больш, але беларускія НПЗ фізічна не могуць моцна павялічыць вытворчасць бензіну», — канстатуе эксперт.
Лузгіна кажа і пра менш відавочныя, але таксама даволі грунтоўныя фактары, якія могуць негатыўна адбівацца на беларускім экспарце.
«Атакі беспілотнікаў на расійскую інфраструктуру патэнцыйна абмяжоўваюць аб'ёмы экспарту беларускіх тавараў, якія ідуць транзітам праз Расію ў іншыя краіны. Таму нарошчванне паставак паліва ў РФ можа не кампенсаваць узніклыя дадатковыя выдаткі праз пагаршэнне лагістычных шляхоў».
Каментары