Расіяне зноў скупляюць аўто ў Беларусі. Але ад BMW даводзіцца адмаўляцца
Бяруць танныя машыны да 3,5 тысячы даляраў для кіроўцаў-пачаткоўцаў і дызельныя аўтамабілі — на фоне дэфіцыту бензіну ў Расіі.

Пасля некалькіх падвышэнняў утылізацыйнага збору ў 2024—2025 гадах увоз аўто ў Расію з Беларусі стаў нявыгадным, але летам 2026 года цікавасць расіян да гэтага каналу адрадзілася, піша «Газета.Ru».
Попыт дзеліцца на дзве плыні. Купляюць танныя машыны да 3,5 тысячы даляраў для кіроўцаў-пачаткоўцаў і дызельныя аўтамабілі — на фоне дэфіцыту бензіну ў Расіі, паколькі дызпаліва на АЗС заканчвалася радзей.
З 1 снежня 2025 года дзейнічаюць новыя патрабаванні для ільготнай стаўкі утыльсбору: магутнасць рухавіка не вышэйшая за 160 к.с. і поўны камплект мытных дакументаў.
Праз гэта замест раней папулярных BMW цяпер бяруць Peugeot, Renault, Opel і недарагія красоверы накшталт Chevrolet Trax і Buick Encore.
У Беларусі выбар дызельных аўто шырэйшы, а ва ўладальнікаў часцей захаваны арыгіналы мытных дакументаў, што спрашчае легалізацыю ў Расіі. Расійскія аўтападборшчыкі адзначаюць: такія машыны цяпер раскупляюць за некалькі дзён пасля публікацыі аб’явы.
Яшчэ адна катэгорыя пакупнікоў — уладальнікі пражэрлівых або патрабавальных да якасці паліва іншамарак. З-за з’яўлення на расійскіх АЗС паліва класа «Еўра-2» людзі перасаджваюцца на больш непераборлівыя і эканамічныя машыны.
Аўтаматычнай выгады больш няма — трэба закладваць выдаткі на пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку. (каля 300 даляраў) і паслугі аўтападборшчыкаў з дастаўкай (каля 800 даляраў). Але ў асобных выпадках выгада ўсё роўна вялікая: напрыклад, Chevrolet Trax 2019 года з прабегам 30 тыс. км купілі за 15,5 тысячы даляраў, тады як у Расіі падобнае аўто (ужо са скручаным прабегам) прадавалася за 21,5 тысячы.
Каментары