Беларус паўгода спрабаваў вярнуць больш за 6 тысяч еўра, якія заплаціў за часовы ўвоз машыны на польскіх нумарах
Раман (імя зменена) ужо некалькі гадоў жыве ў Польшчы. У гэтай краіне ён купіў аўтамабіль і паставіў яго на ўлік. А потым паехаў на ім у Беларусь. Як і належыць, за часовы ўвоз машыны на замежных нумарах ён заплаціў забеспячэнне, якое павінна было вярнуцца пры вывазе машыны з Беларусі. Але з вяртаннем грошай узніклі праблемы. На тое, каб іх атрымаць, пайшло паўгода. Чаму так здарылася, Раман расказаў выданню Most.

Пры ўвозе машыны ў Беларусь мяжу Раман праходзіў не без стрэсу: надгляд, рэнтгенаўскі кантроль. У якасці забеспячэння часовага ўвозу яму налічылі каля 6 тысяч еўра.
Што такое часовы ўвоз
Аўтамабіль, зарэгістраваны за межамі ЕАЭС, можна ўвесці ў Беларусь для асабістага карыстання, без мыты, на тэрмін да аднаго года. Іншаземцы, а таксама грамадзяне з пашпартамі серыі PP або адзнакай пра пастаноўку на консульскі ўлік за мяжой, пры гэтым нічога не плацяць. Астатнія беларусы мусяць пакідаць фінансавую гарантыю ў суме мытных плацяжоў, якія прыйшлося б заплаціць пры імпарце такой машыны. Гэтыя грошы вяртаюцца, калі аўтамабіль выязджае з ЕАЭС.
Грошы не вярнулі, але выдалі паперу
Раман аплаціў налічаную яму суму ў аддзяленні Беларусбанка на мяжы. Яму паведамілі, што ў момант выезду аплату вернуць тым жа спосабам. Для гэтага беларус дадаткова падаў супрацоўніцы мытні раздрукаваны нумар карт-рахунку.
Падчас вяртання ў Польшчу на мяжы Раману, як і абяцалі, аформілі дакументы на вяртанне грошай. Аднак мужчыну насцярожыла адна акалічнасць: супрацоўніца мытні адправіла яго ў аддзяленне банка — атрымліваць грошы гатоўкай.
«Я ёй казаў, што грошы павінны прыйсці на карту, — кажа беларус. — Натуральна, у банку мне ніякіх грошай не вярнулі. Супрацоўніца сказала, што яна наогул упершыню ў жыцці чуе, каб грошы вярталіся гатоўкай. Хаця, мяркуючы па ўзросце, яна ўжо не першы год на службе».
У той дзень вярнуць свае грошы Раману так і не ўдалося. Замест гэтага яму выдалі дакумент, які пацвярджае ўнясенне сродкаў. На словах яму патлумачылі, што з гэтым дакументам ён зможа на працягу трох гадоў ездзіць у Беларусь, не ўносячы паўторнай аплаты за часовы ўвоз аўтамабіля. Паколькі Раман неўзабаве планаваў яшчэ адну паездку ў Беларусь, ён вырашыў разабрацца з вяртаннем грошай наступным разам.
«Або аплачваю паўторна, або еду назад у Польшчу»
Калі Раман зноў паехаў у Беларусь на той жа машыне, быў спакойны: ніякіх праблем з уездам узнікнуць не павінна было.
«Я задаволены ўязджаю на беларускі пункт пропуску, іду са сваёй паперай да [работніцы] мытні, яна правярае інфармацыю і кажа, што маіх грошай у іх няма. Прычым яна бачыць, што я іх не забіраў, але не ведае, дзе яны. І або я аплачваю забеспячэнне паўторна, або з'язджаю назад у Польшчу», — расказвае мужчына.
Раман пачаў тэлефанаваць па нумарах мытнага ведамства, пазначаных на афіцыйным сайце. У выніку яму ўдалося звязацца з начальніцай змены, якая працавала ў той дзень, калі мужчына ўпершыню ўязджаў у Беларусь. Пасля праверкі дакументаў той паведаміў Раману, што ён няправільна аформіў дакументы: адсутнічаў карт-рахунак для вяртання сродкаў.
«Я дакладна яго пазначаў», — сцвярджае мужчына.
Тым не менш, Раману давялося вярнуцца ў Польшчу, пакінуць аўтамабіль на паркоўцы каля мяжы, якая каштавала 60 злотых на тыдзень, і ўехаць у Беларусь ужо на аўтобусе. Агулам праз гэта мужчына страціў каля 10 гадзін.
«Як так? Вашы грошы ляжаць у нас на рахунку»
Вярнуўшыся дадому, мужчына адразу пачаў вырашаць праблему.
«Пачаў зноў тэлефанаваць на мытню. Пашанцавала трапіць на вельмі кваліфікаваную супрацоўніцу, якая расказала, што трэба будзе зрабіць, калі буду выязджаць з Беларусі. А на маё пытанне, чаму мытня не бачыць маіх грошай у сістэме, яна сказала: «Як так? Вашы грошы ляжаць у нас на рахунку», — узнаўляе яе словы Раман.
У выніку Раман прыйшоў да высновы, што адна супрацоўніца згубіла яго карт-рахунак, а другая не ведала, што ў падобных сітуацыях грошы вяртаюцца на банкаўскую карту.
З Беларусі ў Польшчу Раман таксама вяртаўся на аўтобусе. Тады яму прыйшлося аформіць выезд аўтамабіля, які так і не пусцілі ў краіну.
«Праз 1,5 месяца грошы паступілі мне на рахунак у той жа суме, у якой былі сплачаныя, — кажа беларус. — На вяртанне пайшло каля паўгода».
«На беларускім пункце пропуску ты заўсёды ў напружанні, а на польскім — як дома»
Пасля гэтага выпадку Раман аформіў консульскі ўлік і ездзіць у Беларусь без праблем. Аднак нядаўна ў падобную сітуацыю трапілі знаёмыя мужчыны.
«Сістэма працуе, але толькі тады, калі супрацоўнікі кампетэнтныя ў сваіх абавязках, — лічыць ён. — Але крыўдна, што на беларускім пункце пропуску ты заўсёды ў напружанні, а на польскім баку адчуваеш сябе як дома. А павінна ж быць наадварот. На польскім баку ў мяне ніколі не было праблем, хоць у мяне звычайны часовы ДНЖ, ну і па-польску размаўляю прыстойна».
Каментары