«Рызыкаваць самалётам не хацелася». Чаму беларусы плацяць амаль 200 еўра за выбар даты перасячэння мяжы
Дзмітрыю трэба было трапіць у Варшаву без затрымак — адтуль у яго быў самалёт у Ізраіль. Але паездка прыпала на дні, калі чэргі на мяжы з Польшчай пачалі расці. Рызыкаваць вылетам мужчына не хацеў: завіснеш на мяжы на некалькі гадзін — планы могуць сарвацца. У выніку Дзмітрый заплаціў амаль 200 еўра за магчымасць загадзя забраніраваць дату выезду. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся з выданнем Most, а яго журналісты вывучылі, як працуе сістэма браніравання, колькі аўтамабіляў могуць скарыстацца ёй і што пра гэтую паслугу кажуць беларусы.

Спачатку Дзмітрый і яго жонка думалі ехаць без спецыяльнай броні. Зарэгістраваліся ў электроннай чарзе і сталі маніторыць сітуацыю на мяжы. Але, прыкінуўшы прыблізны час выкліку ў зону чакання, беларусы зразумелі, што ў аэрапорт прыедуць амаль упрытык. З'явілася думка паехаць на аўтобусе, але там сітуацыя была яшчэ горшай, узгадвае Дзмітрый.
«Рызыкаваць самалётам не хацелася, таму мы адмянілі звычайную бронь і абралі пэўную дату браніравання. На наступную раніцу ўжо былі на мяжы».
Паводле слоў мужчыны, з зоны чакання яго выклікалі практычна адразу. Ад уезду ў зону чакання да пашпартнага кантролю прайшло каля паўгадзіны, а ўсё перасячэнне мяжы заняло каля дзвюх гадзін.
«Далей чаргу я праходзіў ужо ў агульным парадку», — кажа Дзмітрый.
Колькасць слотаў, якія можна забраніраваць, абмежаваная. Мужчына кажа, што ім з жонкай пашанцавала: крыху пазней па такой жа сістэме хацелі паехаць і яго прыяцелі, але слотаў на абраны дзень ужо не было.
«Якраз у гэты час былі велізарныя чэргі. Думаю, што многія, хто ехаў у адпачынак, пачалі карыстацца гэтай паслугай».
Амаль у 31 раз даражэй за звычайную рэгістрацыю
Магчымасць загадзя абраць дату ўезду ў пункт пропуску з'явілася з 1 студзеня 2026 года. Скарыстацца з паслугі могуць фізічныя асобы на легкавых аўтамабілях. Для матацыклаў яна не прадугледжаная, як і для машын, якія выкарыстоўваюцца для міжнароднай перавозкі пасажыраў.
Забраніраваць дату можна анлайн праз асабісты кабінет на сайце «Белтмытсэрвісу», у раздзеле «Анлайн-браніраванне». Кіроўца пазначае даныя аўтамабіля, абірае даступную дату і аплачвае рэгістрацыю — 15,5 базавай велічыні, або 697,5 беларускага рубля.

Забраніраваць дату могуць не ўсе ахвотныя. Колькасць такіх слотаў залежыць ад канкрэтнага пункта пропуску і яго прапускной здольнасці. Мяркуючы па паведамленнях удзельнікаў прыгранічных чатаў, у сярэднім гэта 20—24 аўтамабілі за суткі.
Для параўнання: звычайная рэгістрацыя легкавога аўтамабіля ў электроннай чарзе каштуе 0,5 базавай велічыні — 22,5 рубля. Атрымліваецца, браніраванне абыходзіцца кіроўцу амаль у 31 раз даражэй за звычайную рэгістрацыю.
Забраніраваная дата дзейнічае на працягу сутак — з 00:00 да 23:59. У прызначаны дзень аўтамабіль мусіць прыбыць у зону чакання. Там правяраюць даныя машыны, пасля чаго аўтамабіль выклікаюць у пункт пропуску, дзе ён праходзіць стандартныя працэдуры — пашпартны кантроль, надгляд і мытнае афармленне. Колькі часу яны зоймуць, залежыць ужо ад загружанасці пункта пропуску.
Памяняць дату ва ўжо забраніраванай рэгістрацыі нельга. Калі планы змяніліся, рэгістрацыю прыйдзецца адмяніць і аформіць новую. Грошы за адмененую рэгістрацыю не вяртаюцца і не пераносяцца на новую. У аднаго аўтамабіля адначасова можа быць толькі адна дзейная рэгістрацыя. Змяніць рэгістрацыйны нумар ва ўжо аформленай рэгістрацыі таксама нельга.
«Каб даіць іншаземцаў і рускіх»
Мяркуючы па паведамленнях удзельнікаў прыгранічнага чата ГраніцаBY Беларусь—ЕС, свабодныя даты могуць хутка заканчвацца, асабліва калі на мяжы растуць чэргі. Таму кіроўца не заўсёды можа абраць менавіта той дзень, які яму патрэбны. Напрыклад, такая сітуацыя ўзнікала ў некаторыя дні жніўня.
«У апошнія дні было попыту на прыярытэт больш за прапанову. І яго нельга было забраніраваць», — піша карыстальніца Кацярына.
Хаця ў самым пачатку, мяркуючы па ўсім, некаторыя беларусы паставіліся да такой опцыі скіптычна. Карыстальнікі пісалі, што кошт паслугі занадта высокі.
«Гэта каб даіць іншаземцаў і рускіх, якія едуць у Еўропу», — пісаў адзін з удзельнікаў чата.
У адказ на падобныя паведамленні людзі ўзгадвалі выпадкі, калі жывую чаргу займалі беларусы, а потым прадавалі сваё месца.
«Калі ў Брэсце быў дурдом з чэргамі, то людзі па 200 еўра чаргу куплялі і не плакаліся. А цяпер тыя ж грошы — толькі афіцыйна, у бюджэт».
Каментары