Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў
У пачатку лета гараджане радаваліся адноўленым цагляным фасадам дарэвалюцыйнага завода на вуліцы Маякоўскага, спадзеючыся на з'яўленне там новай культурнай лакацыі. Аднак вельмі хутка перад галоўным фасадам гістарычнага помніка вырас пяціпавярховы сакрэтны аб'ект для сілавікоў з апаратамі назірання і гіганцкім цірам.

У чэрвені беларускія СМІ пісалі, што ўжо пачалі адмываць ад савецкай фарбы муры дрожджава-вінакурнага завода Яўстафія Любанскага 1903 года пабудовы на вуліцы Маякоўскага. Хадзілі чуткі, што тут можа з’явіцца рэстаран.
Але спадзевы не спраўдзіліся. Тады яшчэ зусім не была заўважная галоўная частка т.зв. «рэканструкцыі» (слова якое цалкам дыскрэдытавала сябе ў беларускіх прававых рэаліях), а менавіта ўзвядзенне пад гэтай вывескай велізарнага новага гмаху, які не проста прымыкае да невялічкага двухпавярховага гістарычнага будынка, а вырастае сцяной літаральна перад самым яго галоўным фасадам, цалкам закрываючы помнік з вуліцы Маякоўскага.


Гэтая грамада вырасла літаральна за апошнія месяцы. Згодна з дадаткам да інвестыцыйнай праграмы Мінска, на працы выдзелены 31 мільён рублёў. Сёлета будаўнікі павінны асвоіць 6 мільёнаў, а асноўнае фінансавае ўліванне ў памеры 25 мільёнаў рублёў запланаванае на 2027 год. Аднак ідуць гэтыя бюджэтныя сродкі зусім не на рэстаўрацыю дарэвалюцыйнай спадчыны.

Што за сакрэтны аб’ект будуецца на вуліцы Маякоўскага ў Мінску
Узвядзенне аб'екта суправаджаецца беспрэцэдэнтнымі мерамі сакрэтнасці. На Публічнай кадастравай карце ўчастак пад гэты комплекс цалкам адсутнічае. Генеральным праекціроўшчыкам выступае інстытут «Мінскпраект», які традыцыйна праектуе спецаб’екты рознага ўзроўню сакрэтнасці, сярод якіх былі новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі, якая знаходзіцца ў ведамстве КДБ Беларусі, непасрэдна на гістарычных Залатагорскіх могілках, і скандальныя дамы ў мікрараёне Лебядзіны.

Большасць матэрыялаў праекта, уключаючы ключавыя раздзелы архітэктурных рашэнняў (АР) і генеральнага плана (ГП), адсутнічаюць у тэндарах дзяржаўных закупак. Усе звесткі пра ўнутраную планіроўку і прызначэнне атрыманыя выключна з тэндараў для розных камунікацый сумежнікаў, дзе ў тэхнічнай дакументацыі трапляюцца планы з ведамасцямі памяшканняў.
Афіцыйная назва пазбаўленая любой канкрэтыкі — «Рэканструкцыя будынка нявызначанага прызначэння пад адміністрацыйна-гаспадарчы будынак». Няма інфармацыі пра тое, для каго прызначаны будынак і ўнутры даступнай дакументацыі.

Новы аб'ект уяўляе сабой масіўны пяціпавярховы комплекс складанай формы ў плане, якая падобная да літары «d», доўгая частка якой расцягнулася ад вуліцы Маякоўскага да набярэжнай Свіслачы, збоку ад завода Любанскага. Трапецыяпадобны двор, які цалкам закрывае гістарычны будынак з галоўнага фасада, амаль замкнёны, калі не лічыць скразны праём на два паверхі ў крыле, звернутым непасрэдна да помніка архітэктуры.
Планіроўка будынка калідорная з двухбаковым размяшчэннем шматлікіх невялікіх кабінетаў памерамі каля 3х6 м. У такія цесныя кабінеты звычайна змяшчаюцца два працоўныя сталы супрацоўнікаў, шафа ды пара крэслаў для наведвальнікаў.
Самым цікавым па функцыянальным прызначэнні з’яўляецца першы паверх, падзелены на тры ізаляваныя адна ад адной часткі.

Першая, гаспадарчая, знаходзіцца ў крыле, што бліжэй да Свіслачы. Тут размяшчаюцца гараж з трыма боксамі для аўтамабіляў, майстэрня для іх абслугоўвання і рамонту, пакоі для персаналу і кіроўцаў, а таксама спецыялістаў, якія будуць абслугоўваць новы будынак. Частка прамысловых і бытавых памяшканняў гаража размешчана на антрэсолі.
Самым адметным тут з’яўляецца памяшканне для знішчэння папер — аднапавярховая прыбудова (26,3 м²), якая выканана ва ўласных канструкцыях і прымыкае да дальняга вугла новага будынка.
Побач з гаспадарчай часткай, размяшчаецца цір. Вакол яго размяшчаюцца пакоі для захоўвання мішэней і чысткі зброі, вучэбны клас, памяшканне дзяжурнай змены і пакой адпачынку афіцэрскага складу.
Больш як 50‑метровая ў даўжыню стралковая галерэя (плошчай 461,4 м²) з’яўляецца стандартнай для ціраў, але ў планіроўцы адміністрацыйнага будынка такі масіўны аб’ект, які разам з дадатковымі памяшканнямі займае ледзь не палову паверху, выглядае досыць незвычайна.
Тут жа, злучаны з цірам, размяшчаецца і невялікі медблок з кабінетам доктара, памяшканне чакання для амбулаторных хворых, працэдурна-прышчэпачны і фізіятэрапеўтычны кабінеты.
Галоўны ўваход у адміністрацыйную частку будынка размяшчаецца ў паўночна-заходнім вуглу будынка. Па правы бок ад уваходу, за турнікетамі, прасторны вестыбюль з ліфтамі і лесвіцай, а таксама бытавыя памяшканні: гардэробы, раздзявалкі і душавыя.


Крыло па левы бок ад уваходу мае больш цікавую структуру. Адразу за ўваходнай групай, у першым закрытым адсеку, размешчаны тры допытныя, базавае памяшканне допытных, насупраць іх — кабінет з паліграфам, два кабінеты «ФІН» і прыёмная «ФІН» (мы не ведаем, як расшыфроўваецца гэтая абрэвіятура).
За дзвярамі другога адсеку знаходзяцца чатыры кабінеты следчых, пакой чакання і асобнае памяшканне для часовага захоўвання рэчавых доказаў.
У самай глыбіні, у вуглавой частцы гэтага крыла, за яшчэ аднымі дзвярыма размяшчаецца аператыўна-сітуацыйны штаб («ОСШ» на чарцяжы).
Да залы штаба прымыкае зала, аддзеленая рассоўнай перагародкай і прыўзнятая на тры прыступкі, з кабінетам і пакоем чакання. З іншых бакоў групуюцца кабінет аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў («ОРМ» на чарцяжы), аддзелены шкляной перагародкай, кабінет групы кірункаў, серверная і кабінет «ИБМ» (расшыфроўка абрэвіятуры невядомая).
Яшчэ далей пакой прыёму ежы, туалеты і вялікі вестыбюль, з якога ёсць чорны выхад ва ўнутраны двор.
На вышэйшых паверхаў спецыфічных памяшканняў няма, збольшага — кабінеты. На другім паверсе, акурат над гаражом размяшчаецца вялікая трэнажорная зала з раздзявалкамі і душавымі. А ўзроўнем вышэй, на трэцім паверсе, запраектаваная паўнавартасная гульнявая зала з сумешчаным полем для баскетбола і міні-футбола. Такі шматпавярховы спартыўна-гаспадарчы блок лішні раз падкрэслівае фінансавы размах і статус ведамства.
Таксама на другім паверсе знаходзіцца актавая зала разлічаная на 255 пасадачных месцаў і з вялікім холам. Яшчэ адна вялікай зала для пасяджэнняў прыкладна на 60 чалавек запраектавана на чацвёртым паверсе. З той жа часткі будынка на другім паверсе запраектавана пераходная галерэя, якая злучыць новы будынак з гістарычным. Якім будзе функцыянальнае напаўненне помніка архітэктуры ў гэтым комплексе пакуль невядома.
Пяты паверх застаецца чыста тэхнічным.
Будынак адрэстаўруюць, але помніку канец
А як увогуле так сталася, што такі гмах змаглі пабудаваць так ганебна паставіўшыся да помніка архітэктуры? Як і ў выпадку з будоўляй КДБ, якая парушае зацверджаныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, праект дэталёвай планіроўкі і закон аб пахавальнай справе, адказ просты: «часам не да законаў».

Праект зон аховы дрожджава-вінакурнага завода Любанскага быў зацверджаны Міністэрствам культуры ў 2015 годзе. Супастаўленне гэтага дакумента з тым, што сёння адбываецца ў гэтым месцы, паказвае, як лёгка ў Беларусі абыходзіцца заканадаўства аб ахове спадчыны.

Тэрыторыя вакол былога завода Любанскага падзелена на некалькі ўчасткаў з рознымі рэгламентамі. Самая строгая з іх — ахоўная зона, дзе катэгарычна забаронена новае будаўніцтва будынкаў і збудаванняў. Аднак гэтая норма аказалася абсалютна бяссільнай перад бюракратычнай хітрасцю: гмах праходзіць як «рэканструкцыя будынка нявызначанага прызначэння», а не новае будаўніцтва, а значыць будаваць яго абсалютна любых размераў ніякі рэгламент не забараняе.
Новы будынак знаходзіцца таксама ў зоне рэгулявання забудовы, якая ўсталёўваецца спецыяльна для таго, каб новыя пабудовы не ціснулі на помнік і не знішчалі яго візуальнае ўспрыманне. Будоўля ідзе проста на тэрыторыі першага рэжыму ўтрымання, дзе забаронена ўзводзіць будынкі вышэйшыя за 5,5 метра ад узроўню зямлі да канька даху. Пяціпавярховы комплекс перавышае дазволеную законам норму амаль у чатыры разы.

Доўгае крыло новага будынка таксама расцягнулася ад вуліцы Маякоўскага да набярэжнай Свіслачы роўна па зоне аховы ландшафту, дзе катэгарычна забаронена не толькі будаўніцтва, але і змяненне самога характару ландшафту.
Нягледзячы на тое, што самі гістарычныя муры рэстаўруюцца, завод Любанскага як гістарычны помнік фактычна перастае існаваць. Доўгі час у свеце панавала думка, што помнік можа існаваць па-за сваім гістарычным асяроддзем. Але калі пасля вайны старую забудову вакол сабораў і іншых значных збудаванняў пазносілі, замяніўшы на мадэрнісцкія каробкі, стала зразумела, што гэта было памылкай. Асяроддзе працуе як натуральная «рама»: яна раскрывае мастацкую задуму і гістарычнае значэнне помніка.

Тое, што адбываецца на Маякоўскага, належыць да ліку тых горадабудаўнічых памылак, якія выправіць найбольш цяжка. Гэта памылкі таго ж кшталту, што рабіліся ў савецкі час: пяціпавярховікі вакол сабораў, шкляныя гмахі і скразныя магістралі праз гістарычную забудову — нічога з гэтага так і не было выпраўлена і праз паўстагоддзя.
Такое архітэктурнае нахабства, калі гістарычны будынак, відавочна, проста замінаў развярнуцца будоўлі, і не знеслі, напляваўшы на ахоўны статус, яго толькі праз кампраміс поўнага ігнаравання ахоўных зон, наводзіць на думку: а ці не гэтая магутная сілавая структура ініцыявала глабальную зачыстку Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей ад архітэктурных помнікаў, пра якую стала нядаўна вядома?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары