У ЗША разгарэўся скандал вакол газавага праекта Polar Train LNG на Алясцы коштам 25 мільярдаў даляраў. Амаль усё кіраўніцтва кампаніі пакінула свае пасады пасля абвінавачанняў у тым, што расійская газавая кампанія «Наватэк» таемна фінансавала праект і кантралявала яго. Пра гэта паведаміла Financial Times са спасылкай на былога генеральнага дырэктара Polar Train LNG Джоэла Рэдла, які заявіў, што асцерагаўся магчымага парушэння амерыканскіх санкцый.

Polar Train LNG займаецца распрацоўкай тэрмінала для экспарту звадкаванага прыроднага газу на поўначы Аляскі. Праект запусцілі ў сакавіку. Планавалася выкарыстаць часткова пабудаваны тэрмінал «Наватэка», перамясціўшы яго на Аляску.
Кампанія звярнулася ў Міністэрства фінансаў ЗША па дазвол на перамовы з расійскай групай, але на момант апісаных падзей яшчэ не атрымала яго.
Паводле слоў Рэдла, ён высветліў, што «Наватэк» ужо фінансуе праект і кіруе яго дзейнасцю, не чакаючы неабходных узгадненняў. У верасні Рэдл падаў у адстаўку. Пасля гэтага кампанію таксама пакінулі фінансавы дырэктар Дэн Чандра і іншыя кіраўнікі.
«Я пайшоў з пасады генеральнага дырэктара Polar LNG, бо мяне непакоіла тое, што расійская кампанія «Наватэк» фінансавала кампанію і ў выніку кантралявала яе стратэгічны кірунак», — заявіў Рэдл.
Спачатку ён меркаваў, што грошы на праект выдзяляюць інвестар Джэнтры Біч, звязаны з сям’ёй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, і кампанія Tech Wave з Абу-Дабі. Аднак пазней, па словах Рэдла, высветлілася, што Біч не ўкладаў грошы ў праект і не быў ні яго акцыянерам, ні кіраўніком.
Financial Times таксама вывучыла перапіску ў WhatsApp, у якой член праўлення «Наватэка» Дзяніс Салаўёў абмяркоўваў фінансаванне праекта і спрабаваў паскорыць перавод сродкаў Polar Train LNG.
У кампаніі Polar LNG заявілі, што Рэдл быў звольнены, назвалі яго «незадаволеным супрацоўнікам» і запэўнілі, што праект развіваецца з захаваннем амерыканскага заканадаўства.
«Наватэк» паведаміў, што дамовіўся даць кампаніі Tech Wave права выкарыстоўваць свае тэхналогіі на Алясцы. У красавіку таксама быў падпісаны мемарандум з Polar Train, калі Рэдл яшчэ ўзначальваў кампанію.
Паводле слоў суразмоўцаў Financial Times, праект абмяркоўваўся ў ходзе перамоў паміж Вашынгтонам і Масквой аб магчымых дзелавых дамоўленасцях, якія маглі б паспрыяць завяршэнню расійскай вайны супраць Украіны.
Сярод прапанаваных варыянтаў называлася схема, паводле якой тэхналагічная экспертыза «Наватэка» для будаўніцтва тэрмінала на Алясцы магла б стаць абменам на змякчэнне санкцый супраць расійскага праекта «Арктык ЗПГ-2».
У лютым 2026 года выданне The New York Times паведамляла, што Джэнтры Біч, універсітэцкі сябар Дональда Трампа-малодшага, заявіў пра дамоўленасць з «Наватэкам» наконт газавага праекта на Алясцы.
9 кастрычніка таксама паведамлялася, што Расія патрабуе змякчэння санкцый у межах перамоў аб магчымым «энергетычным перамір’і» з Украінай.
Еўрасаюз абнавіў сваю арктычную стратэгію. Што памяняецца, а што застанецца як было?
Зяленскі: Такой дэманстратыўнай непавагі Расіі да ЗША яшчэ не было
Расія ўжо пачала размаўляць з «Альтэрнатывай для Германіі» пра магчымасць аднаўлення паставак расійскага газу
Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам
У Еўропе энергетычны крызіс. Ці будзе яна зноў купляць нафту і газ у Расіі?
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары