Літаратура22

Шэкспір пісаў п'есы разам са сваім найвядомейшым канкурэнтам. Навукоўцы знайшлі новыя доказы

Уільяма Шэкспіра і Крыстафера Марла доўгі час лічылі галоўнымі канкурэнтамі ў англійскім тэатры XVI стагоддзя. Аднак даследчыкі выявілі, што ўсё магло быць значна танчэй.

Уільям Шэкспір (злева) і Крыстафер Марла. Фота: Wikimedia Commons

Калі сёння гавораць пра англійскі тэатр эпохі Адраджэння, найперш згадваюць Уільяма Шэкспіра. Але ў канцы XVI стагоддзя адным з найбольш вядомых і ўплывовых драматургаў быў Крыстафер Марла, чыя слава апярэдзіла шэкспіраўскую.

Крыстафер Марла нарадзіўся ў Кентэрберы ў сям'і шаўца і атрымаў адукацыю ў Кембрыджскім універсітэце. У другой палове 1580‑х гадоў ён праславіўся п'есай «Тамерлан Вялікі», якая мела поспех у Лондане. Пазней напісаў «Трагічную гісторыю доктара Фаўста», «Мальтыйскага яўрэя» і «Эдуарда II».

Марла быў вядомы выразнай паэтычнай мовай, а ягоныя творы моцна паўплывалі на развіццё англійскай драматургіі.

Шэкспір, які прыехаў у Лондан са Стратфарда-на-Эйване, пачынаў тэатральную кар'еру, калі Марла ўжо цешыўся папулярнасцю. У адрозненне ад свайго сучасніка ён не меў універсітэцкай адукацыі, але паступова таксама заваяваў прызнанне як драматург і актор.

Даследчыкі даўно заўважалі ў ранніх п'есах Шэкспіра ўплыў Марла. Аднак дакументальных сведчанняў таго, што яны асабіста сустракаліся ці сябравалі, не захавалася.

Пры гэтым сумесная праца драматургаў у той час не была незвычайнай. Лонданскія тэатры пастаянна мелі патрэбу ў новых творах, таму аўтары нярэдка аб'ядноўвалі намаганні, падзяляючы паміж сабой сцэны ці асобныя часткі сюжэта. Цяпер брытанскія даследчыкі атрымалі новыя доказы таго, што Шэкспір і Марла таксама маглі працаваць такім чынам.

Загадка «Эдуарда III»

Як піша The Guardian, у цэнтры новага даследавання апынулася гістарычная драма «Эдуард III», прысвечаная англійскаму каралю і падзеям Стогадовай вайны паміж Англіяй і Францыяй.

П'еса была ўпершыню надрукаваная ў 1596 годзе без указання аўтара. Яна не ўвайшла і першы зборнік твораў Шэкспіра, выдадзены ў 1623 годзе, праз сем гадоў пасля яго смерці. Аднак літаратуразнаўцы даўно заўважалі ў «Эдуардзе III» падабенства з іншымі п'есамі Шэкспіра і меркавалі, што прынамсі частка твора належыць яму.

У 2016 годзе да такой высновы прыйшоў і брытанскі даследчык Роры Лафнейн, які працаваў над новым Оксфардскім выданнем твораў драматурга. На яго думку, Шэкспір, імаверна, напісаў некалькі сцэн, але для больш пэўных высноў тады не хапала доказаў.

Таму Лафнейн працягнуў даследаванне разам з прафесарам літаратуры Брэтам Грэйтлі-Хіршам з Універсітэта Лідса. Каб вызначыць аўтарства спрэчнай п'есы, яны выкарысталі камп'ютарны аналіз тэксту, параўнаўшы яе моўныя асаблівасці з творамі дзесяці драматургаў, якія працавалі ў канцы 1580‑х — сярэдзіне 1590‑х гадоў. Аўтарства гэтых твораў было надзейна вызначана, што дазволіла навукоўцам выявіць характэрныя асаблівасці пісьма кожнага з іх.

Вынікі аказаліся нечаканымі. Аналіз паказаў, што над «Эдуардам III» працавалі як мінімум два аўтары — Шэкспір і Марла. У адным з тэстаў 23 фрагменты п'есы былі аднесеныя да Шэкспіра, а дзевяць — да Марла. Іншыя метады аналізу далі падобныя вынікі.

На падставе гэтых даных даследчыкі прыйшлі да высновы, што Шэкспір быў асноўным аўтарам п'есы, а Марла — ягоным суаўтарам. Гэта адкрыццё дапаўняе ранейшыя сведчанні таго, што два драматургі, якіх доўгі час лічылі канкурэнтамі, насамрэч супрацоўнічалі.

Не толькі канкурэнты, але і суаўтары

Яшчэ ў 2016 годзе даследаванне трох частак гістарычнай п'есы Шэкспіра «Генрых VI» паказала, што Марла, імаверна, таксама ўдзельнічаў у іх стварэнні. На падставе гэтых высноў у новым Оксфардскім выданні яго імя пазначылі побач з імем Шэкспіра.

Цяпер да гэтага спісу дадаецца «Эдуард III», напісаны, як мяркуецца, каля 1592 года, калі абодвум драматургам было прыкладна па 28 гадоў.

На думку Роры Лафнейна, новыя доказы істотна змяняюць уяўленне пра стасункі двух пісьменнікаў. Даследчык адзначае, што мы прызвычаіліся лічыць іх канкурэнтамі — двума таленавітымі аўтарамі, якія нарадзіліся з розніцай у некалькі тыдняў і адначасова заваёўвалі прызнанне ў лонданскім тэатральным свеце.

Аднак цяпер, паводле Лафнейна, становіцца зразумела, што іх адносіны былі значна больш складанымі. Яны не проста канкуравалі ці ўплывалі адзін на аднаго. Сумесная праца над некалькімі п'есамі дае падставы меркаваць, што паміж імі існавала даволі працяглае творчае супрацоўніцтва.

Пры гэтым невядома, як менавіта яны працавалі разам: пісалі асобныя сцэны, абмяркоўвалі сюжэты ці перапрацоўвалі тэксты адзін аднаго. Дакументальных сведчанняў пра іх асабістыя стасункі таксама не захавалася.

Магчыма, гэтае супрацоўніцтва працягнулася б і надалей, але ў маі 1593 года Марла загінуў ва ўзросце 29 гадоў. Паводле афіцыйнага расследавання таго часу, яго смяротна паранілі нажом падчас сваркі ў Дэптфардзе, непадалёк ад Лондана.

Шэкспір перажыў свайго сучасніка больш чым на два дзесяцігоддзі і ўжо пасля яго смерці стварыў свае найбольш вядомыя трагедыі, у тым ліку «Гамлета», «Атэла» і «Караля Ліра».

Каментары2

  • вельмі цікава
    24.10.2026
    Дзякуй вялікі.
  • І будзе ўстрыцай мне свет, яго адкрыю я мячом
    24.10.2026
    Добра і лагічна.

    Калі прыехаў у сталіцу, напэўна імкнуўся зарабляць праз свае творы з тэатральнымі кампаніямі і знайшоў партнёра па бізнэсу.

    Менавіта праз тое, мог на Шэкспіра накінуцца Роберт Грын - маўляў ператвараюць тут тэатр у нейкую базарную папсу. Што паказвае, што з самага пачатку ў еўрапейскай літаратуры была гэтая бітва паміж прыхільнікам цэхавага акадэмізму і тымі, хто можа прадаваць.

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

У Італіі штучны інтэлект адшукаў скрадзеную карціну, на якой злодзеі старанна замалявалі німб і ягня. Зараз алгарытм пачне паляванне на нарабаваныя расіянамі скарбы Украіны

Трэці дзень запар у Еўропе масава паведамляюць пра бомбы на авіярэйсах. Праз гэта сёння экстранна селі шэсць пасажырскіх самалётаў1

У Сербіі затрымалі дзевяць паліцэйскіх за гвалт над пратэстоўцамі4

Цапкала і Балкунец папрасілі Трампа, каб Літва не дэпартавала Карач і Скіндзерава30

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць