Адзін з самых паспяховых акцёраў сучаснага Галівуду вырашыў часова адысці ад звыклага вобраза героя баевікоў і зняўся ў сатырычнай камедыі. Эксперымент каштаваў $125 мільёнаў, але вынік аказаўся катастрафічным. Стужка паказала найгоршы старт пракату за апошнія 19 гадоў кар'еры акцёра. Аб прычынах разважае The Wall Street Journal.

У сусветны пракат выйшла новая карціна «Дыгер» (Digger), галоўную ролю ў якой выканаў Том Круз. Паводле звестак студыі-дыстрыб’ютара Warner Bros., за першыя выхадныя ў кінатэатрах ЗША і Канады стужка зарабіла каля 8 мільёнаў даляраў, а ў міжнародным пракаце сабрала яшчэ 12 мільёнаў.
Для кінапраекта, вытворчы бюджэт якога склаў прыблізна 125 мільёнаў даляраў, такі старт азначае істотныя фінансавыя страты. Для самога Круза гэта найгоршы старт пракату з 2007 года, калі на экраны выйшла палітычная драма «Ільвы для ягнят» (Lions for Lambs).
Стужка «Дыгер» уяўляе сабой маштабную палітычную сатыру, якую паставіў мексіканскі рэжысёр Алехандра Гансалес Іньярыту. Беларускім аматарам кіно ён найперш вядомы па такіх прызнаных карцінах, як драматычны трылер «Выжылы» (The Revenant) з Леанарда Дзі Капрыа і трагікамедыя «Бёрдмэн» (Birdman), якія прынеслі пастаноўшчыку прэміі «Оскар».
У новым фільме Іньярыту Том Круз змяніў сваё традыцыйнае амплуа. Замест выканання небяспечных трукаў акцёр увасобіў адразу некалькі персанажаў. Яго асноўны герой — эксцэнтрычны нафтавы магнат, які дэманстратыўна і з іроніяй забруджвае навакольнае асяроддзе, што становіцца падставай для высмейвання сучаснага карпаратыўнага свету, экалагічных праблем і палітычнага папулізму.
Для самога Круза гэтая роля стала сур’ёзнай рызыкай. Калі на пачатку кар’еры ён ахвотна здымаўся ў складаных рэжысёраў накшталт Стэнлі Кубрыка ці Майкла Мана, то апошнія паўтара дзесяцігоддзя працаваў амаль выключна ў камерцыйна бяспечных баевіках узроўню «Місія невыканальная» (Mission: Impossible) і «Топ Ган: Мэверык» (Top Gun: Maverick).

Пагадзіўшыся на «Дыгера», акцёр імкнуўся падтрымаць аўтарскі кінематограф. Выступаючы перад Гільдыяй прадзюсараў ЗША, Круз падкрэсліў сваю надзею, што касавы поспех карціны дапаможа іншым неардынарным рэжысёрам і надалей атрымліваць бюджэты на арыгінальныя ідэі, а не толькі на працягі вядомых франшыз.
Аднак меркаванні крытыкаў і першых гледачоў адносна карціны моцна падзяліліся. Паводле ацэнак кампаніі CinemaScore, якая вывучае рэакцыю аўдыторыі пасля прэм’ерных паказаў, фільм атрымаў даволі нізкі сярэдні бал C+. Студыя Warner Bros. нават спрабавала пабудаваць маркетынгавую кампанію вакол гэтай палярнасці меркаванняў. Так, у адным з рэкламных ролікаў пасля цытат з рэзкіх адмоўных рэцэнзій персанаж Круза эмацыйна прапаноўваў не звяртаць увагі на крытыкаў. Тым не менш гэты крок не дапамог прыцягнуць публіку ў залы.
У чым прычына правалу фільма «Дыгер»?
Як адзначае WSJ, няўдача «Дыгера» сведчыць пра больш шырокую праблему Галівуду, дзе прыцягнуць гледачоў у кінатэатры на арыгінальныя фільмы становіцца ўсё цяжэй. Ім надзвычай складана канкураваць з сіквеламі і праектамі, заснаванымі на ўжо вядомых франшызах. Адным з нешматлікіх выключэнняў застаецца жанр жахаў, дзе арыгінальныя гісторыі па-ранейшаму здольныя прыносіць значны камерцыйны поспех.
Апошнія некалькі гадоў студыя Warner Bros. якраз спрабавала ісці насуперак гэтай тэндэнцыі. Яе кінападраздзяленне свядома выдзяляла вялікія бюджэты прызнаным рэжысёрам на арыгінальныя праекты, разлічваючы не толькі на мастацкі рэзананс, але і на добрыя касавыя зборы.
Аднак гэтая стратэгія прынесла неадназначныя вынікі. Адзіным безумоўным хітом стаў якраз фільм жахаў «Грэшнікі» (Sinners) рэжысёра Раяна Куглера, што толькі пацвердзіла правіла. Іншыя ж аўтарскія працы напаткаў больш складаны лёс. Карціна Пола Томаса Андэрсана «Адна бітва за адной» (One Battle After Another) атрымала мноства «Оскараў», у тым ліку за найлепшы фільм, але не акупілася ў пракаце, і стужка «Нявеста!» (The Bride!) Мэгі Джыленхол аказалася фінансава няўдалай.
У гэтым кантэксце правал «Дыгера» стаў сімвалічным фіналам цэлай эпохі. Гэта апошні рэліз, які легендарная Warner Bros. выпусціла ў якасці цалкам незалежнай кампаніі, завяршаючы свой 103‑гадовы шлях перад закрыццём угоды па яе зліцці з медыягрупай Paramount і стварэнні новай структуры Skydance.
Каментары