Беспілотнік на выходных заляцеў у Брэсцкую вобласць і накіраваўся да мяжы з Польшчай
Чарговыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Беларусі падчас расійскіх атак зафіксаваў «Флагшток» 18—19 кастрычніка. Гэтым разам беспілотнікі заляталі не толькі ў Гомельскую, але і ў Брэсцкую вобласць.
Каля 02:30 18 кастрычніка ўкраінскі тэлеграм-канал «Рында мониторит» паведаміў пра рух неўстаноўленага беспілотніка ў ля сяла Растань Ковельскага раёна Валынскай вобласці.
Ужо праз некалькі хвілін ён накіроўваўся ў бок вёскі Прыбарава ў Брэсцкім раёне — гэта каля самай мяжы з Польшчай.
Канал адзначаў, што пакуль дакладна невядома, з якой менавіта краіны быў запушчаны гэты беспілотнік.
У той жа дзень а 08:50 іншы беспілотнік праляцеў звыклым маршрутам праз Гомельшчыну і вылецеў у бок Чарнобыля. Яшчэ адзін — каля 21:00 па той жа траекторыі.
19 кастрычніка прыкладна а 04:10 рэактыўны беспілотнік праляцеў над Гомелем. Ён быў запушчаны з Бранскай вобласці і пасля вылецеў ва Украіну, паведаміў «Флагштоку» маніторынгавы канал «еРадар».
Паводле звестак канала «Рында мониторит», гэты беспілотнік ляцеў над Рэчыцкім і Лоеўскім раёнамі (вёскамі Пракісель і Колпень), накіроўваючыся на Любеч Чарнігаўскай вобласці.
Такім чынам, паводле наяўных на гэты момант звестак, мінімум чатыры беспілотнікі парушылі паветраную прастору Беларусі 18—19 кастрычніка.
Тым часам расійскія беспілотнікі па-ранейшаму штодня рухаюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, выкарыстоўваючы яе як прыкрыццё і, верагодна, «чапляючыся» за сігналы станцый беларускага мабільнага аператара.
Жыхары гомельскага памежжа рэгулярна чуюць гукі выбухаў. Верагодна, частку дронаў на гэтым участку ўкраінскім вайскоўцам удаецца збіваць, і гукі выбухаў даносяцца з суседняй тэрыторыі. Часам гэтыя гукі вельмі моцныя.
Каментары
[Зрэдагавана]