11‑гадовая дзяўчынка вынесла з дому 45 тысяч рублёў, каб «выратаваць» маму
Дзяўчынка паверыла незнаёмцу, які назваўся супрацоўнікам фінансавай міліцыі і заявіў, што яе маці пагражае крымінальная справа, а грошы трэба тэрмінова перадаць кур’еру.
У пачатку кастрычніка да 49‑гадовай мінчанкі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што яна стала ахвярай падману: у яе скралі 45 тысяч рублёў. Са слоў жанчыны, яна праверыла сховішча і выявіла, што ашчадку няма. У гэты момант яе 11‑гадовая дачка прызналася, што аддала грошы незнаёмцам.
З дзіцем у месенджары звязаўся невядомы. Ён назваўся супрацоўнікам фінансавай міліцыі і заявіў, што маці дзяўчынкі падазраецца ва ўчыненні злачынства. Адзіны спосаб дапамагчы ёй — неадкладна перадаць усе грошы кур’еру. Школьніца выканала патрабаванні, не падазраючы, што аддае грошы злачынцам.
Кур’ерам быў 19‑гадовы студэнт, якога ашуканцы таксама падманулі. Напярэдадні з ім звязалася «супрацоўніца БелДІЭ» і паведаміла, што ад яго імя дзейнічаюць зламыснікі: нібыта яны атрымалі доступ да яго даных, адкрылі рахунак і спрабуюць перавесці грошы за мяжу.
Пасля гэтага да размовы далучыўся лжэсілавік. Ён папярэдзіў мінчаніна, што па факце махлярства справу перададуць у Следчы камітэт і, каб даказаць сваю невінаватасць, хлопцу неабходна задэклараваць наяўныя ў яго фінансы.
Калі высветлілася, што ў студэнта няма грошай, яму далі «спецыяльнае заданне»: прыехаць па адрасе, які назаве куратар, забраць там грошы, пасля чаго адправіцца ў Маскву і перадаць іх чалавеку каля ўвахода ў метро, назваўшы кодавае слова.
Выканаўшы патрабаванні, малады чалавек вырашыў праверыць інфармацыю ў інтэрнэце і прачытаў, што, хутчэй за ўсё, стаў удзельнікам ашуканскай схемы. Пасля гэтага ён звярнуўся ў міліцыю.
Каментары
В Польше до 13 лет никаких меседжеров
А где же ещё! :)))