Z-блогерцы Таццяне Манцян далі 1,5 года калоніі. Яна заклікала да гвалту ў дачыненні да «сацыяльнай групы асоб «ахранота»
Таццяна Манцян рэгулярна з'яўляецца ў беларускіх праўладных СМІ.

Варашылаўскі міжраённы суд у акупаваным Данецку прыгаварыў да года і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму 54‑гадовую Z-блогерку і юрыстку Таццяну Манцян, абвінавачаную па артыкуле аб закліках да «экстрэмізму» (частка 2 артыкула 280 КК), пiша «Медыязона».
Разам з рэальным тэрмінам суд таксама забараніў Манцян адміністраваць сайты на працягу двух гадоў. Дзяржабвінавачанне патрабавала для блогеркі пяць гадоў калоніі-пасялення.
Справа супраць Манцян была распачата ў верасні 2025 года.
Падставай стала фраза «ахраноту мачыць без усялякага шкадавання», сказаная падчас стрыму ў снежні 2022-га.
У спрэчках пракурорка казала, што, згодна з лінгвістычнай экспертызай, у гэтых словах знайшлі «заклік да ажыццяўлення гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да групы асоб, названай як «ахранота».
Дзяржабвінаваўца таксама згадаў высновы яшчэ адной комплекснай лінгвістычнай і псіхолага-лінгвістычнай экспертызы, згодна з якімі ў фразе Манцян з’яўляецца «пабуджэнне ў форме закліку» да гвалтоўных дзеянняў супраць «сацыяльнай групы асоб «ахранота».
Сама Манцян і яе прыхільнікі тлумачылі, што «ахранотай» яна называла блогераў, якія замоўчваюць праблемы на фронце ў выгаду ўлады, а «мачыць» азначала баніць ботаў у каментарах да трансляцыі.
«Найбольшая ганьба, што яны распаўсюджвалі — гэта тое, што мы крадзем данаты. Вось суткамі яны ўсім расказвалі: вось яны крадуць эшалонамі. Яны крадуць, яны не адлічваюцца. Людзі ім кажуць, паглядзіце, вось жа ў іх усе паблікі забітыя справаздачамі, — казала Манцян. — [Людзі казалі], што вы ад іх хочаце? Не, такіх людзей [ахранота] баніла. Вось у такой прыблізна абстаноўцы мы вялі ўтрох гэты стрым, які мне цяпер інкрымінуецца».
Пасля завядзення справы супраць Манцян кіраўніца «Лігі бяспечнага інтэрнэту» Кацярына Мізуліна пісала, што яе арганізацыя звярнулася ў МУС з-за таго, што «вялікая колькасць грамадзян» скардзілася на «дыскрэдытацыю войска» ў публікацыях блогеркі. Раней Манцян таксама крытыкавалі прапагандыст Уладзімір Салаўёў і супрацоўнік яго канала Барыс Якіменка. Паводле іх слоў, яна крала грошы, атрыманыя пры зборах для расійскіх вайскоўцаў.
Манцян нарадзілася ў Крыме і працавала адвакаткай ва Украіне. У 2015 годзе яе ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта «Міратворац» за юрыдычную дапамогу вайскоўцам з самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
У 2023 годзе ва Украіне супраць Манцян завялі крымінальную справу аб закліках да зрынання канстытуцыйнага ладу, замаху на тэрытарыяльную цэласнасць краіны, калабарацыйную дзейнасць і апраўданні расійскай агрэсіі супраць Украіны. Прывідам сталі яе выступы на расійскіх прапагандысцкіх каналах і публікацыі ў сацыяльных сетках.
Па інфармацыі СБУ, Манцян пераехала ў Расію ў 2021 годзе. У студзені 2023 года яна стала калумністкай канала «Спецыяльна для RT». Паводле слоў Манцян, за 13 месяцаў працы там яна зарабіла 4,5 млн рублёў (сёння 54 тыс. даляраў).
Таксама яна рэгулярна з’яўляецца ў беларускіх праўладных СМІ.
Пра затрыманне яна пісала так: пасля рэабілітацыі ў маскоўскай бальніцы на яе наляцелі людзі ў балаклавах, якія сілай усадзілі яе ў аўтамабіль і прывезлі на кватэру для вобшуку.
«Яны сказалі, што мы з навалачкай на галаве зараз адвязем у Данецк, па дарозе прыкапаем. Калі не адамкнеш дзверы, мы іх зламаем, і яны застануцца адчыненымі. Я зразумела, што ў мяне безвыхаднае становішча, і адамкнула дзверы. Пасля гэтага яны мне паказалі пастанову аб вобшуку на падставе таго, што я заклікала «мачыць ахову» на стрыме», — абуралася блогерка.
Па размовах сілавікоў ёй падалося, што тыя спадзяваліся знайсці ў кватэры «залежы грошай, золата, брыльянтаў» — напрыклад, пастаянна прастуквалі сцены.
«Я ўжо проста смяялася, кажу, ну ў тую сцяну пастукайце, там вы яшчэ не праверылі. Пілiце, Шура, пілiце, гіры залатыя», — згадвае Манцян.
Праз некаторы час, паводле слоў Z-блогеркі, следчы Багдан Бандарчук «пагражаў ёй усімі страшнымі пакутамі і казаў, што дарэмна яна так сябе паводзіць, што лепш бы змірылася і падпарадкавалася, таму што ўсё роўна яе заб’е ў СІЗА якая-небудзь наркаманка».
Выступаючы ў судзе ў апошні дзень, яна працягнула крытыкаваць сваіх апанентаў у Z-сферы: «Безумоўна, усе ўкраінскія памыйніцы зараз крычаць ад шчасця проста. Вось што будзе з такімі здраднікамі, як Манцян? Ну што, дагаварылася ў ААН? Дагаварылася на федэральных каналах? Дагаварылася з калонак ва ўсякіх СМІ тыпу RT? Атрымаеш! Вось такое з табой учынілі твае маскалі, і так табе і трэба. Я паўтаруся, хто гэта зрабіў, я не разумею, але гэтыя людзі дакладна з’яўляюцца ворагамі Расіі і перамогі ёй не жадаюць».
Яна пакуль што застаецца на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе да ўступлення прысуду ў сілу
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары