Пуцін хоча новай «Ялты» — падзелу свету на сферы ўплыву між Масквой, Вашынгтонам і Пекінам. Над галовамі Еўропы і Украіны
Перагляду еўрапейскага парадку бяспекі Масква дамагалася яшчэ перад уварваннем ва Украіну, піша «Агентство». Калі гэта здарыцца, Беларусь застанецца пад бетонным кантролем Расіі.

Падчас тэлефоннай размовы з Дональдам Трампам 9 кастрычніка Уладзімір Пуцін зноў абмяркоўваў магчымасць трохбаковай сустрэчы разам з Сі Цзіньпінам на саміце АЦЭС 18—19 лістапада, паведаміла The Wall Street Journal. Паводле крыніцы газеты, Пуцін разлічвае на «новую Ялту» — перамовы аб падзеле сфер уплыву па аналогіі з канферэнцыяй 1945 года.
Як паведаміў WSJ былы супрацоўнік расійскай разведкі, знаёмы з ініцыятывай, расійскі прэзідэнт ускладае на трохбаковы фармат маштабныя, хоць і нерэалістычныя надзеі:
ён хацеў бы ператварыць сустрэчу ў другую Ялцінскую канферэнцыю, на якой вялікія дзяржавы падзялілі б свет на сферы ўплыву.
Масква прапанавала правесці перамовы на палях саміту АЦЭС 18—19 лістапада ў кітайскім Шэньджэні. Прапанову перадалі Пекіну па дыпламатычных каналах. Кітай даў зразумець, што не пярэчыць, калі пагодзіцца Трамп, сцвярджаюць крыніцы WSJ.
Трамп пакуль не пагадзіўся, але можа падтрымаць ідэю дзеля абяцання скончыць вайну, паведаміў высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік. Фармат выключае ўдзел Украіны і яе еўрапейскіх саюзнікаў.
Магчымасць перамоў пацвердзіў і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. «Размовы пра сустрэчу былі. Не ведаю, ці ўзгодненая яна канчаткова, але прэзідэнт ясна даў зразумець, што хоча заканчэння вайны паміж Расіяй і Украінай», — сказаў ён Reuters у панядзелак. Пяскоў паведаміў WSJ, што пакуль няма яснасці ні наконт сустрэчы, ні наконт парадку дня, «хоць усе тры бакі прызнаюць гіпатэтычную магчымасць правядзення такой сустрэчы».
У снежні 2021 года Расія перадала ЗША і НАТА праекты дамоў аб «гарантыях бяспекі». Масква патрабавала юрыдычна забараніць пашырэнне альянсу, у тым ліку за кошт Украіны і іншых былых рэспублік СССР, спыніць вайсковую дзейнасць НАТА ва Украіне, Усходняй Еўропе, Закаўказзі і Цэнтральнай Азіі, а таксама вярнуць размяшчэнне войскаў альянсу ў Еўропе да канфігурацыі 1997 года.
НАТА адмовіўся зачыняць дзверы для новых членаў, прапанаваўшы абмяркоўваць кантроль над узбраеннямі і зніжэнне рызык. Пуцін заявіў, што патрабаванні Расіі праігнараваныя. Абвяшчаючы 24 лютага 2022 года пра ўварванне, ён сказаў, што Масква 30 гадоў спрабавала дамовіцца з Захадам, але сутыкалася з «хлуснёй» і «шантажом».
У чэрвені 2024 года на сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС Расіі Пуцін прапанаваў стварыць новую сістэму бяспекі ў Еўразіі і паступова згарнуць там вайсковую прысутнасць «знешніх дзяржаў». У маі 2025 года Пуцін зноў запатрабаваў пісьмовых гарантый непашырэння НАТА — у тым ліку на Грузію, Малдову і іншыя былыя савецкія рэспублікі.
У верасні 2026 года Пуцін заявіў, што пытанні еўрапейскай бяспекі былі вырашаныя паводле вынікаў Другой сусветнай вайны, а змены пасля распаду СССР адбываліся са згоды Расіі. Усё, што супярэчыць гэтым дамоўленасцям, супярэчыць інтарэсам Масквы, сказаў ён.
Гэтым разам ідэя новай Ялты гучыць на фоне перагляду адносін Вашынгтона і Масквы. На працягу апошніх тыдняў ЗША:
- дазволілі гандаль расійскім дызельным палівам пасля размовы Трампа з Пуціным 9 кастрычніка — нягледзячы на адсутнасць прагрэсу ў мірных перамовах;
- прыпынілі ўвядзенне новых санкцый, прадугледжаных прынятым у верасні законам;
- патрабуюць ад Кіева спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах;
- абмяркоўвалі здзелкі з замежнымі актывамі «Лукойла» і ўдзел інвестара з ЗША ў праектах «Паўночнага патоку», а таксама магчымае размарожванне актываў Расіі;
- амерыканскія перамоўшчыкі таксама вядуць размовы аб аднаўленні закупак Еўропай расійскіх энергарэсурсаў.
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары