У Мінску паказалі новую мадэль аўтакрамы — сярэднетанажны грузавік МАЗ-365 120 («Тарга 8»). Фургон будзе ездзіць па невялікіх вёсках Мінскай і Віцебскай абласцей, расказвае Onliner.

У грузавіку ўсталяваныя халадзільнікі, стэлажы і маразільнікі. У фургоне працуе аўтаномная інвертарная сістэма, якая падтрымлівае стабільны тэмпературны рэжым для захоўвання прадуктаў. Улетку можна ўключыць кандыцыянер, а ўзімку — аўтаномны абагравальнік.

МАЗ-365 120 створаны на базе новага шасі ўласнай вытворчасці і абсталяваны дызельным рухавіком магутнасцю 151 конская сіла, які працуе ў пары з шасціступенчатай рабатызаванай каробкай перадач. Поўная маса грузавіка дасягае 8 тон. Для кіроўцы прадугледжаная сучасная кабіна.

Адзначаецца, што аўтакрама можа працаваць без падключэння да электрасеткі. Дызельны генератар магутнасцю 7 кілават спраектавалі з запасам магутнасці — з разлікам на халадзільныя ўстаноўкі і стабільны мікраклімат у кузаве. Сістэма назапашвальнікаў над стэлажамі дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць гандлёвую прастору. Для розных відаў прадуктаў прадугледжаныя асобныя паліцы.

Аўтамабіль адпавядае экалагічнаму класу «Еўра-5». Выкіды выхлапных газаў зведзеныя да мінімуму.
Трапіць унутр можна праз бакавыя дзверы па невялікай лесвіцы з поручнямі. Таксама распрацаваная паніжаная адкідная прыступка — з клопатам пра людзей старэйшага ўзросту.
Першы фургон перадалі кампаніі «Дабраном», і ён стане часткай сеткі «Капеечка». Аўтакрама будзе курсаваць паміж невялікімі населенымі пунктамі.
Каментары
малы, калі зусім мелкі быў, сказаў неяк: "я хачу жыць у халадзільніку - там светла і ўсё ёсць"