Кіраўнік Пентагона загарэўся паставіць у сябе ў кабінеце глобус Эйзенхаўэра. Але па дарозе рэліквію растаўклі
Як паведамляе выданне The Washington Post і іншыя амерыканскія СМІ, міністр абароны ЗША Піт Хегсет захацеў перанесці ў свой кабінет гістарычны артэфакт — знакаміты глобус генерала Дуайта Эйзенхаўэра, якім той карыстаўся падчас Другой сусветнай вайны. Аднак супрацоўнікі міністра пашкодзілі глобус, калі спрабавалі перамясціць яго ўнутры Пентагона, піша Бі-бі-сі.

У Пентагоне захоўваюцца два глобусы, якімі, паводле звестак дасведчаных крыніц, карыстаўся Эйзенхаўэр падчас Другой сусветнай вайны. Абодва яны былі вырабленыя ў 1930‑я гады. Наступныя пакаленні кіраўнікоў амерыканскага вайсковага ведамства захоўвалі гэтыя гістарычныя рэліквіі.
Хегсета зацікавіла гістарычнае значэнне прадметаў, і яго супрацоўнікі папрасілі перанесці адзін з глобусаў, дыяметр якога складае каля 70 сантыметраў, у кабінет міністра.
Звычайна перамяшчэнне гістарычных экспанатаў у Пентагоне старанна плануюць і праводзяць пад наглядам спецыяльна падрыхтаваных куратараў. Аднак супрацоўнікі Хегсета вырашылі арганізаваць перанос самастойна. Падчас гэтай спробы яны страцілі кантроль над глобусам і выпусцілі яго з рук.
Як паведамляюць крыніцы, глобус упаў на ўласную падстаўку, якая прабіла яго ў раёне Антарктыды. У выніку ўтварылася адтуліна шырынёй каля 10 сантыметраў.
Прадстаўнікі Пентагона не перадалі The Washington Post фатаграфій пашкоджанага глобуса і не дазволілі журналістам асабіста агледзець артэфакт. Аднак выданне ўсё ж атрымала выяву пашкоджанняў.

Армія ЗША пацвердзіла, што глобус быў пашкоджаны 3 лютага падчас спробы перамяшчэння. Па словах яе прадстаўніка Крыстафера Сэрыджа, акрамя адтуліны, сферычная частка глобуса адлучылася ад металічнага мацавання, якое дазваляла яму круціцца.
У выніку пашкоджаную рэліквію так і не перанеслі ў кабінет Хегсета. На пытанне пра тое, адкуль былі супрацоўнікі, якія займаліся перамяшчэннем, Сэрыдж параіў звярнуцца ў офіс міністра. Прадстаўнікі самога Хегсета адмовіліся каментаваць інцыдэнт.

Пасля публікацыі матэрыялу 22 кастрычніка прадстаўнік Пентагона таксама пацвердзіў здарэнне. У заяве ведамства гаварылася, што няшчасныя выпадкі здараюцца, і выказвалася задавальненне тым, што ніхто не пацярпеў, а глобус цяпер рамантуюць. Колькі будзе каштаваць рамонт і калі яго скончаць, не паведамляецца.
Паводле інфармацыі ад крыніц, вайсковае падраздзяленне, якое адказвала за захоўванне глобуса, планавала звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў Цэнтра вайсковай гісторыі Арміі ЗША, каб высветліць, як бяспечна перавезці артэфакт.
Аднак супрацоўнікаў гэтага гістарычнага падраздзялення часова адправілі ў неаплатны адпачынак праз частковае спыненне працы ўрада. Калі звязацца з экспертамі не ўдалося, супрацоўнікі Хегсета вырашылі перанесці глобус самастойна.
Застаецца незразумелым, чаму яны не сталі чакаць дапамогі спецыялістаў. Частковае спыненне працы ўрада, якое перашкаджала атрымаць кансультацыю, скончылася ў той самы дзень, калі глобус быў пашкоджаны. Паводле аднаго з дасведчаных суразмоўцаў выдання, адной з відавочных прычын паспешлівасці быў «недахоп цярплівасці».
Інцыдэнт адразу стаў тэмай плётак і жартаў у Пентагоне. Некаторыя супрацоўнікі ўбачылі ў ім праяву самаўпэўненасці і захаплення настальгіяй па Другой сусветнай вайне — рысамі, якія, на іх думку, характарызуюць знаходжанне Хегсета на пасадзе кіраўніка вайсковага ведамства.
Піт Хегсет, былы афіцэр Нацыянальнай гвардыі, які служыў у Іраку і Афганістане, называе сваю пасаду «міністр вайны». У мінулым годзе ён выканаў указ Дональда Трампа аб перайменаванні Міністэрства абароны ў Міністэрства вайны. Такім чынам была вернутая назва, якая выкарыстоўвалася з 1789 да 1947 года.
«З таго часу, як пры прэзідэнце Гары Трумэне ведамства стала Міністэрствам абароны, мы не выйгралі ніводнай вялікай вайны», — заявіў Хегсет летась.
Кангрэс, аднак, пакуль не ўхваліў змены назвы.
На фатаграфіях, якія атрымала The Washington Post, бачная таблічка побач з пашкоджаным глобусам. Яна сведчыць, што гэта адзін з двух «глобусаў Эйзенхаўэра», якія Армія ЗША захоўвае ў Пентагоне.
Эйзенхаўэр быў вядомы сваёй любоўю да глобусаў. На шматлікіх гістарычных здымках ён пазіруе побач з імі.
Падчас Другой сусветнай вайны генерал Дуайт Эйзенхаўэр адыграў важную ролю ў разгроме нацысцкай Германіі. Сярод ключавых аперацый пад яго кіраўніцтвам была высадка саюзнікаў у Нармандыі ў 1944 годзе.
Пасля заканчэння вайсковай кар’еры Эйзенхаўэр стаў прэзідэнтам ЗША і кіраваў краінай з 1953 да 1961 года, у першы перыяд Халоднай вайны.

Адстаўны генерал Тай Сейдул, які выкладаў гісторыю ў Вайсковай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце, выказаў шкадаванне з нагоды пашкоджання гістарычнага глобуса.
«Хегсет хоча мець татэм Эйзенхаўэра, каб быць падобным да Айка — чалавека, які быў выдатным і на вайне, і ў мірны час», — сказаў Сейдул.
«Хегсет — не Айк. Глобус не надзеліць яго такімі якасцямі Айка, як сціпласць, інтэлект і разважлівасць», — дадаў генерал.
Пры гэтым невядома, ці асабіста Хегсет загадаў перанесці глобус, ці такое рашэнне прыняў іншы высокапастаўлены супрацоўнік яго офіса. Таксама застаецца незразумелым, ці мелі памочнікі міністра ўсе неабходныя матэрыялы і сродкі для бяспечнага транспартавання гістарычнага артэфакта.
Амерыканскія ўлады хочуць выпрабаваць на мяжы нябачны «цеплавы прамень», ад якога чалавеку здаецца, што ён гарыць
Кіраўнік Пентагона дапусціў перакідку часткі войскаў ЗША з Еўропы ў Заходняе паўшар'е
У Іране назвалі каманду Трампа «клоўнамі» на фоне спрэчкі вакол Армузскага праліву
У Белым доме не падтрымалі планы Пентагона радыкальна скараціць колькасць войскаў ЗША у Еўропе
Кіраўнік Пентагона дапусціў магчымасць выкрадання прэзідэнта Кубы
Каментары
У Пентагоне захоўваюцца два глобусы, якімі, паводле звестак дасведчаных крыніц, карыстаўся Эйзенхаўэр падчас Другой сусветнай вайны."
Один уже разбили. Осталось потерять второй, и наличие русских корней у нынешней администрации Пентагона можно будет считать доказанным. Ну, как минимум происхождение от той же самой очень особенной породы обезьян, с той же лишней хромосомой.
Интересно, как это произошло технически. Они его катили?