Увесь час мы ў «Нашай Ніве» запісваем тыповыя памылкі, якія выпраўляем у артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Гэтую падборку рассылаем супрацоўнікам.
Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.
Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж, дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТБ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.
Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.
Форма тлумачэння — мінімалістычная.
нЯсвоечасовы (слова з дзвюма асновамі, у другой націск падае на другі склад)
мазутА, а не мазут — у беларускай мове гэтае слова жаночага роду
падаткОвы, а не падаткавы
дырэктарАў
горадА, годА, інтэрнатА, рэестрА, камітэтА, кодэксА, футболА, матчА, ДанбасА, КрымА
байкотУ, канфліктУ, спортУ, суверэнітэтУ, чэмпіянатУ, рэферэндумУ, юбілеЮ, дарожкі з каменЮ, арнаментУ
блОкбастар
Ордэны, а не ардэны
Дэпард'ё
кавЕр-бэнд
Вялікае Княства Літоўскае — усё з вялікіх літар
канеЧне
станікаў, а не ліфчыкаў
бЕрэт, а не барэт
сЫшоў, падЫшоў, разЫшліся, абЫшліся (прыстаўка канчаецца на зычны), але прЫЙшоў (прыстаўка канчаецца на галосны)
па ўплывЕ, па суседствЕ, па назіраннІ, па стосЕ
з ЛябедзькаМ, з МіколаМ, з МаркоткаМ, з КупалаМ
доктарка і дакторка — абодва варыянты магчымыя
прыязДЖала
высЕліць
лепш мінчук, а не мінчанін, пінчук, а не пінчанін, барысавец, а не барысаўчанін, кіевец, а не кіяўлянін, гамяльчук, а не гамяльчанін, берасцеец, а не брастаўчанін
ПДВ, а не ВДВ (паветрана-дэсатныя войскі), а вось ва Украіне — высокамабільна-дэсантныя войскі
маўзЕр
чараваць, а не калдаваць
бюст ПушкінА, але помнік ПушкінУ
таНЧыць
рэчавыя доказы (ад слова рэч), а не рэчыўныя (ад слова рэчыва)
Зычыць = wish, жадаць = desire. Зычыць поспеху, жадаць жанчыну.
Слова «мінак» - калька з расейскага прохожий, не злоўжывайце ім, яно паявілася ў мове ўсяго пару дзесяцігоддзяў назад. Для беларускай мовы была характэрная іншая логіка. Прохожие подскажут = людзі на вуліцы падкажуць, коробку заметили прохожие = скрынку прыкмецілі людзі на дарозе.
5,5 годА
бранЯтэхніка
Алена АмбразіЯду, а не Алена Амбразіаду
рокА, блюзА, джазА
неЙмаверна
анЕстэзія, энЕргія
інтэлІгентны
імаверны = магчымы, верагодны = праўдзівы
не дрэйф! (у загадным ладзе без мяккага знаку)
пЕльмені (е тут не пераходзіць у я ў першым складзе перад націскам, бо гэта слова неславянскага паходжання)
Каментары