Мова1111

Немка Надзін Лашук размаўляе ў мінскіх крамах па-беларуску, а дзеці растуць у беларуска-нямецкім двухмоўі

У сваім першым інтэрв’ю на беларускай мове палітолаг Надзін Лашук расказвае «Салідарнасці» пра дзяцей-білінгваў, адрозненні беларусаў і немцаў, а таксама пра блог, які вяла «між сям’ёй, дачай і дысертацыяй».

Калісьці дзеля мужа-беларуса яна вывучыла беларускую мову, а сёння прэзентуе кнігу пра сваё жыццё ў Беларусі.

Надзін вырасла ў Заходняй Германіі. Але яшчэ са школы цікавілася Усходняй Еўропай і ў якасці трэцяй замежнай мовы вучыла рускую. У 2006-м годзе яна ўпершыню прыехала ў Мінск, дзе неўзабаве пазнаёмілася з беларусам Аляксеем, будучым мужам.

Мовай зносін паміж імі доўгі час была англійская. Ён адмаўляўся размаўляць з Надзін па-руску, хоць мову яна ведала нядрэнна. Так у дзяўчыны з нямецкага Эссэна з’явіўся моцны стымул вывучыць мову Коласа, Купалы і Аляксея Лашука — яе будучага мужа.

Беларуская мова — мост у сямейнае жыццё

— На дварэ стаяў 2007-ты год — знайсці ў Мінску курсы беларускай мовы для тых, хто яе ніколі не вучыў, было няпроста, — прыгадвае Надзін. — Але мне пашанцавала. Аднойчы ў цягніку на Вільнюс я пазнаёмілася з дзяўчынай, якая была выкладчыцай рускай і беларускай моў як замежных. Яна згадзілася са мной займацца.

Сёння, слухаючы беларускую гаворку Надзін, можна засведчыць — вучаніцай яна была стараннай. Адзінае, што выдае ў ёй іншаземку, гэта акцэнт.

— Мне сябры ў Беларусі часта кажуць, што я і выглядаю, як «свая», — пасміхаецца немка. — Замежніцай я адчуваю сябе хіба, калі размаўляю па-беларуску ў мінскай краме. Часам нават простае пытанне пра каву, зададзенае па-беларуску, збівае прадаўцоў з панталыку. А вось у кнігарнях мяне разумеюць: значыць, не ў акцэнце справа, а ў жаданні зразумець мову.

У сям’і Аляксея і Надзін пануе двухмоўе, але не класічная для беларускага вуха трасянка, а суіснаванне побач беларускай і нямецкай моў. Дзеці Лашукоў слухаюць казкі як на адной, так і на другой мове.

— Я звяртаюся да дзяцей па-нямецку, а муж — па-беларуску. І яны выдатна разумеюць нас абодвух, — адзначае Надзін. — Паміж сабой з мужам мы таксама гаворым то на адной, то на другой мове. Муж выдатна размаўляе па-нямецку.

Адметна, што з імёнамі для дзяцей Аляксей і Надзін вызначыліся яшчэ да вяселля — «Казімір» і «Паўліна».

— Мой муж быў за традыцыйныя беларускія імёны, да таго ж было важна, каб імёны лёгка чыталіся ў абедзвюх мовах, — зазначае маці Казіміра і Паўліны.

Сям’я Лашукоў доўгі час не магла вырашыць, у якой з дзвюх краін яны будуць жыць. Сёння выбар зроблены на карысць радзімы Надзін, але як заўважае яна сама, муж марыць аб тым, што калісьці сям’я ўсё ж вернецца жыць у Беларусь.

«Спачатку быў блог, пасля — кніга»

З моманту пераезду ў Мінск Надзін Лашук пачала весці блог пра жыццё ў Беларусі. За 10 гадоў яна апісала ў ім усё, што калісьці перажыла сама і што сёння працягвае перажываць яе сям’я. Ад вяселля, цяжарнасці і нараджэння першага дзіцяці да культурных адрозненняў, адзення і нацыянальнай кухні двух народаў.

У 2016-м на аснове блога была выпушчана кніга «Liebesgrüsse aus Minsk. Wo die Babuschka regiert und Heringe Pelzmäntel tragen» (бел. «Сардэчныя вітанні з Мінска. Дзе [у сям’і] кіруе бабуля і селядцы носяць шубу») накладам у 12 тысяч асобнікаў.

У кнігу, акрамя вытрымак з блога, увайшлі таксама рэцэпты традыцыйных беларускіх страў, а таксама фотаздымкі з жыцця сям’і Лашукоў у Беларусі.

— Чытачы, якія прыходзілі на прэзентацыю кнігі ў Германіі, проста ў захапленні, — усміхаецца аўтар. — Шмат хто пасля яе прачытання хоча ўпершыню прыехаць у Беларусь.

Кніга пра Беларусь выдадзеная пакуль толькі па-нямецку, але Надзін абяцае, што будзе клапаціцца і пра яе пераклад на беларускую мову.

— У Беларусі пра кнігу вядома не вельмі шмат, бо мы яшчэ не рабілі ёй рэкламу, — прызнаецца аўтар. — Увогуле, я была здзіўленая, калі ў Германіі на мяне выйшаў літаратурны агент і прапанаваў апублікаваць маю пісаніну. Але было прыемна, што яму спадабаўся мой блог.

Да каго падобныя беларусы?

Прыводзячы вытрымкі з кнігі, Надзін расказвае пра тое, што ў беларусах здзівіла яе ў свой час найбольш.

— Немцы, рыхтуючыся да вяселля, амаль за год плануюць дату вяселля, браніруюць рэстаран. А ў Мінску мы з Аляксеем прыйшлі замаўляць рэстаран за два (!) тыдні да вяселля і рэстаран быў вольны (!), — адзначае Надзін. — Я часам і ў панядзелак магу спытаць пра планы на нядзелю, але муж суцішвае: «Пачакай, яшчэ трэба дажыць».

Беларусаў маладая пісьменніца называе прыстойнымі і пунктуальнымі — «немцамі» Усходняй Еўропы. Асобнае ўражанне зрабілі на немку і беларускія бабулі:

— У Беларусі роля бабулі ў выхаванні ўнукаў часта нашмат большая, чым у Германіі. Часта бывае так, што бабуля нават пераязджае ў сям’ю, дзе чакаюць дзіця. Беларускія бабулі лічаць сябе вельмі кампетэнтнымі ў справах унукаў.

Надзін адзначае, што, нягледзячы на адукацыю палітолага, у Беларусі працу па спецыяльнасці ёй знайсці было б не так лёгка.

— Я магла б быць уласным карэспандэнтам якойсьці нямецкай газеты, але, на жаль, у Беларусі няма нямецкіх журналістаў — усе яны працуюць з Масквы, — паціскае плячыма палітолаг.

Маладая пісьменніца прызнаецца, што калісьці хацела пісаць дысертацыю пра беларускія аграсядзібы і нават яе пачала. Але, будучы цяжарнай, вырашыла не працягваць.

— Я не зусім навуковец, таму спроба дысертацыі ўжо ў мінулым. Але я вельмі хацела б мець сваю сядзібу, каб займацца яе ўладкаваннем. Мой свёкр кіруе сплавамі па р. Нарачанцы — будзе што прапанаваць турыстам будучай сядзібы, — усміхаецца Надзін.

Напрыканцы я зноў вяртаюся да размовы аб дзецях. Дзецях-білінгвах з сям’і Лашукоў.

— Мы з мужам не загадваем іх будучыню, — кажа Надзін. — Яны вырастуць і самі выберуць свой шлях. Важна аднак, каб яны жылі з дзвюмя культурамі, якія ёсць у іх бацькоў. Мелі нямецкую і беларускую душу. У мяне, думаю, беларуская душа ўжо з’явілася — у Беларусі я адчуваю сябе як дома.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»6

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Усе навіны →
Усе навіны

Ветэрану з Гродна 97 гадоў — у 1945-м ахоўваў мост пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля вайны змагаўся з «бандэраўцамі»19

Анархісту ў Расіі далі 16 гадоў за падпал ваенкамата. Ён збег у Бішкек, яго злавілі і дэпартавалі

Брусэль плануе скараціць дыпперсанал у Беларусі11

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс»

Колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы ў 2024 годзе і якія краіны іх часцей выдаюць?9

Адзінаццаць гадоў Лукашэнка развівае гарады-спадарожнікі. Пакуль атрымліваецца не вельмі

У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену1

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»13

Беларус знайшоў на набытым участку дзіўныя рэчы на выпадак апакаліпсісу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»6

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць