Афіша8282

Хрысціянскія дэмакраты збіраюць подпісы за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў праспект Станкевіча

Сёння, 6 студзеня, у гатэлі «Камфорт» пройдзе вечарына, прысвечаная 125-годдзю Адама Станкевіча.

6 студзеня спаўняецца 125 гадоў (6.01.1892) лідару беларускага руху 1920-40 гадоў, аднаму з заснавальнікаў беларускамоўнага касцёла і Таварыства беларускай школы, кіраўніку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, закатаванаму ў ГУЛАГу Адаму Станкевічу.

Адам Станкевіч — святар, лідар беларускага руху 1920-30-ых гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў эпоху яе росквіту.

Нарадзіўся будучы правадыр хадэцыі 6 студзеня 1892 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Арляняты, што на тагачаснай Ашмяншчыне (сёння — Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), у сям’і беларускіх сялянаў-каталікоў. Адсюль жа, з Арлянятаў, паходзяць знакаміты філолаг, перакладчык Бібліі на беларускую мову Янка Станкевіч і літаратуразнаўца, першы кіраўнік Антыбальшавіцкага блоку народаў Станіслаў Станкевіч.

Дзякуючы здольнасцям Адама і ягонай цікавасці да навукі, бацькі падтрымлівалі навучанне сына спярша ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, потым у Гальшанскай народнай школе, а далей у гарадской вучэльні ў Ашмянах.

У 1910-м Адам паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў на выдатна ў 1914-м і быў высвечаны на ксяндза. Першая ягоная імша (прыміцыя) адбылася ў старажытным Крэве ў 1915-м.

Паступаючы ў 1916-м Пецярбургскую духоўную акадэмію як адзін з найлепшых віленскіх студэнтаў, Адам ужо меў выразную беларускую свядомасць — і гэта адразу дало магчымасць яму стаць адным з завадатараў святарскай супольнасці, з якой узнікла Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Акадэмію Адам Станкевіч скончыў са ступенню кандыдата кананічнага права і рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне Святога Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюза».

Па вяртанні Станкевіч адразу акунуўся ў вір працы на Радзіме, дзе толькі адгрымела вайна. Ужо ў 1918-м ён выступае перад сялянамі Дзісеншчыны па-беларуску — і слухаць яго збіраюцца натоўпы.

У 1919-м ксяндза Адама Станкевіча прызначаюць у Вільню, і з гэтага часу ён становіцца на чале Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, а пазней — і ўсяго беларускага руху. Ксёндз Адам узяў на сябе рэдагаванне «Крыніцы» і вёў рэй на першых сустрэчах хадэкаў. У 1924-м узначаліў Таварыства беларускай школы, а ў 1926-м — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

У лістападзе 1922 года Адам Станкевіч быў абраны дэпутатам Сойма — першага пасляваеннага парламента — ад Дзісны, Свянцян, Браслава і Пастаў. У якасці дэпутата да 1926 года ксёндз Адам заняў пасаду намесніка кіраўніка беларускай фракцыі і шматкроць выступаў у абарону правоў беларусаў з трыбуны Сойма. Ладзіў шматлюдныя мітынгі на сваёй акрузе і за яе межамі — у Гродне, Нясвіжы, Даўгінаве, Жодзішках - і здабыў усеагульную павагу беларускага грамадства ды нават ворагаў.

За беларускую пазіцыю ўлады Польшчы яго арыштоўвалі, канфіскоўвалі наклады «Крыніцы», супраць яго пачыналі крымінальныя справы; урэшце ў 1929 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі забараніў ксяндзу удзел у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і Станкевічу давялося весці сваю працу непублічна. У 1938 годзе ксяндза Адама увогуле саслалі на 5 гадоў у Слонім — і толькі з пачаткам вайны ён здолеў вярнуцца ў Вільню.

Пра глыбокую хрысціянскую веру Адама Станкевіча сведчыць адзін малавядомы факт. У 1941-м, калі немцы захапілі Літву, ксёндз Адам хаваў у касцёле шасцёх савецкіх грамадзянаў, у тым ліку бальшавіцкага камісара — усім ім пагражаў расстрэл. Праз восем гадоў камуністы арыштуюць Адама Станкевіча.

У 1944 годзе, заняўшы Вільню, саветы выклікаюць ксяндза, які ўсю вайну служыў у касцёле і займаўся беларускай школай — і спрабуюць схіліць яго да супрацы: узначаліць асобны ад Ватыкана каталіцкі рух. Станкевіч адмовіўся. Тады, у 1949-м яго арыштоўваюць — і з прысудам 25 гадоў выпраўляюць у Сібір.

Дарогаю ксёндз Адам моцна захварэў — і памёр па прыбыцці ў лагер.

Далей піша Віктар Сікора, якому давялося хаваць ксяндза Станкевіча: «У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыццё. Баяліся, каб хтосьці жывы не ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мяснік», які проста рваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваннях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. З дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б'е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў…» («Апошні шлях Адама Станкевіча // «Наша Ніва» № 34(155), 13-19 снежн. 1999).

Гісторыя страшная: быццам сам д’ябал шалеў у ярасці над целам непахіснага ксяндзa.

Як святар, Адам Станкевіч заўжды заставаўся добрым пастырам — і вёў, ахоўваў, абараняў, ратаваў сваю парафію і свой народ. Ягоныя глыбокія казані складаюць цэлую кнігу беларускага хрысціянства. Ягонае даследаванне «Родная мова ў святынях» дагэтуль — фундаментальная праца для навукоўцаў і святароў. 

Як літаратар, ксёндз Адам пакінуў па сабе вялікую спадчыну кніг, прысвечаных сарцавінным асобам беларускага руху — Скарыну, Вітаўту, Каліноўскаму, Эпімах-Шыпілу, і галоўным тэмам — мове, гісторыі, хрысціянству.

Як падлічыў Уладзімір Конан, Адам Станкевіч — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля 1000 артыкулаў, нататак у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Сярод іх — «Родная мова ў святынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1939), «Беларускі хрысціянскі рух» (1939), «Хрысціянства і беларускі народ: спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыццё і творчасць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: з яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэологіі» (1931), «З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня» (1938), «На свята маткі» (1940).

БХД пачала збор подпісаў за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў Мінску ў праспект Адама Станкевіча.

Каментары82

Цяпер чытаюць

У сацсетках Хлястова апублікавалася відэа, запісанае на выпадак яго затрымання. Сам спявак на Акрэсціна14

У сацсетках Хлястова апублікавалася відэа, запісанае на выпадак яго затрымання. Сам спявак на Акрэсціна

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прыехаць у Кіеў110

Захісталася крэсла пад міністрам архітэктуры і будаўніцтва2

Былы палац Радзівілаў у Дзятлаве за 90 рублёў набыла расіянка22

Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»3

МЗС выклікала часовага паверанага Літвы, заяўляе пра парушэнне мяжы ўкраінскім беспілотнікам3

СБУ нанесла магутны ўдар па штабе ФСБ на Херсоншчыне4

У дакументальным фільме з удзелам Ціханоўскай заблюрылі Вераніку Цапкала47

У Канах паказалі фільм, цалкам створаны штучным інтэлектам. $400 тысяч пайшло на вылічальныя магутнасці ШІ4

На дарогах Беларусі сёлета выпрабуюць канадскі скотапрагон ад дзікіх жывёл3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У сацсетках Хлястова апублікавалася відэа, запісанае на выпадак яго затрымання. Сам спявак на Акрэсціна14

У сацсетках Хлястова апублікавалася відэа, запісанае на выпадак яго затрымання. Сам спявак на Акрэсціна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць