Моды2828

«Запатрабаваны дзеці славянскай знешнасці». Новая мода і ў Мінску, і на перыферыі — мадэльныя школы. Бацькі плацяць гіганцкія грошы

Калі хлопчыкаў у Беларусі модна аддаваць на хакей, то дзяўчатак — у мадэльныя школы. Цяпер такія студыі ёсць не толькі ў сталіцы і абласных гарадах, але нават у райцэнтрах — Барысаве, Жлобіне. «Ніна» распытала бацькоў з розных гарадоў, навошта яны запісваюць дзяцей у подыумныя школы, колькі каштуе навучанне і ўдзел у паказах і якія кантракты прапануюць дзяўчаткам (і хлопчыкам — яны таксама ходзяць на асновы дэфіле і фотапазіраванне).

«Перспектыўны кірунак — Кітай»

Наста Вінаградава з Віцебска вучыцца ў мадэльнай школе з мінулай вясны.

— Рэч у тым, што ў нашым горадзе заняць па інтарэсах дзіця ўзросту прыкладна 5 гадоў не так проста. У той час Наста ў садок не хадзіла, а прапанаваць ёй хацелася тое, што будзе па душы, — расказвае тата Аляксандр. — Даведаліся, што праводзіцца кастынг у мадэльную школу. Дзяцей было шмат, але дачку адабралі. Спачатку мы сумняваліся: ці патрэбна? Але вырашылі паспрабаваць.

Навучанне праходзіць раз на тыдзень, у нядзелю. Занятак доўжыцца дзве гадзіны. Сярод прадметаў — дэфіле, фотапазіраванне, акцёрскае майстэрства, фітнэс, танцы. Бяруць дзяцей з рознымі параметрамі, бо не факт, што калі яны падрастуць, то застануцца запатрабаванымі.

— Фотасесіі праходзяць, напэўна, раз на месяц. Паказы нашмат радзей. Шчыра кажучы, у Віцебску і пляцовак для іх правядзення зусім няшмат. У гэтым плане ў Мінску больш магчымасцяў. Мінулай восенню мы ўдзельнічалі ў паказе ў рамках Беларускага тыдня моды, — дзеліцца Аляксандр.

Наста разам з татам Аляксандрам і мамай Аксанай.

Месяц заняткаў у мадэльнай школе каштуе 110 рублёў. У гэты кошт уваходзіць таксама аплата фатографаў і відэографаў.

Кар’ера? Дзяўчынкам прапануюць ездзіць на паказы ў Расію, краіны далёкага замежжа. Удзел у іх аплачваюць бацькі.

— Найбольш перспектыўны цяпер кірунак — Кітай. Там запатрабаваны дзеці славянскай знешнасці. Але там трэба вельмі шмат працаваць, да 10 гадзін, а гэта для шасцігадовага дзіцяці цяжка. Перспектывы таксама ўмоўныя — трапіць на старонкі анлайн-крам. Таму мы гэты варыянт не разглядалі.

Аляксандр не хавае: першапачаткова адправіць дачку ў мадэльнае агенцтва было бацькоўскім жаданнем. Але цяпер гэта імкненне і інтарэс самой Насты.

— За час навучання дачка стала больш разняволенай і ўпэўненай у сабе, — адзначае тата. — Мы не ставім мэту скарыць сусветныя подыумы. Галоўнае — каб дзіця развівалася ў розных кірунках. Жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах. 1 верасня Наста ідзе ў першы клас. Стане яна мадэллю, матэматыкам, фізікам — хто ведае? Няхай паспрабуе. Выбар, ці працягваць займацца мадэлінгам у дарослым жыцці, павінен заставацца за дзецьмі.

«50% поспеху дзіцяці залежыць ад бацькоў»

У Зарыне Яшчанка задаткі мадэлі бацькі разгледзелі з маленства.

— Калі фатаграфавала дачку, яна аўтаматычна ножку ўперад выстаўляла, ручку на пояс клала, галаву нахіляла. Гэта забаўна выглядала. Многія казалі, што абаяльнае дзіця, — дзеліцца мама Алена.

Зарына з мамай Аленай.

Сама яна працуе юрысткай у Магілёве. Хоць у юнацтве марыла пра подыум.

— Усе дадзеныя на той час у мяне былі — рост, фігура. Але ў Магілёве тады мадэльны бізнэс не быў развіты. Потым, калі вучылася ў інстытуце, хадзіла ў агенцтва на дзень адчыненых дзвярэй, але не наважылася запісацца, бо мне споўнілася ўжо 18 гадоў і няёмка было б вучыцца разам з маладзейшымі дзяўчатамі.

Калі Алена прывяла дачку ў агенцтва, дзяўчынку адразу заўважылі. Прапанавалі заключыць кантракт і ўзялі ў асноўны склад. Калі дзіця вылучылі, то навошта адмаўляцца, разважае мама. У свае чатыры Зарына паспела зняцца ў рэкламе «Марк Фармэль».

— Мне падаецца, для подыуму дачка яшчэ па гадах не падыходзіць. Таму пакуль разглядаем толькі ўдзел у фотасесіях. Ва ўсіх паездках патрэбна суправаджэнне бацькоў — як і ў любым відзе спорту. Ты павінен максімум удзельнічаць ва ўсім. У мяне свабодны графік, таму я магу вазіць Зарыну, — дзеліцца Алена.

«Мой старэйшы сын займаўся спевамі. І яго настаўнік казаў: 50% поспеху дзіцяці — гэта бацькі. Колькі яны ўкладуць сіл, намаганняў, такі вынік і атрымаюць. А калі стаяць убаку, нічога не будзе».

Зарына ходзіць таксама ў мастацкую школу, на гімнастыку. Але мадэлінг — больш дарагое хобі. Асноўныя расходы — аплата заняткаў.

— Гэта затратна. Ды й любы гурток, секцыя ў Беларусі — на платнай аснове. Але калі ты паказваеш пэўныя поспехі, робяць зніжкі, дзяцей пераводзяць на бясплатнае навучанне.

Наконт будучай прафесіі Зарыны мама пакуль не загадвае. Кажа, мадэлінг для дачкі — проста забава.

— З заняткаў яна заўсёды шчаслівая выходзіць. Зарына — не сарамлівая, вельмі хутка наладжвае кантакт з людзьмі, адразу знаходзіць сябровак на дзіцячай пляцоўцы. Нехта ад мамы не адыходзіць ні на крок і трымаецца за ручку, а яна лёгка працуе з фатографам.

Алене падабаецца, што ў мадэльных школах дзяцей вучаць, як падаць сябе.

— Усе дзяўчынкі там вельмі пісьменныя, прыгожа размаўляюць. Старэйшым выкладаюць этыкет — яны ведаюць, як сесці правільна, як ногі паставіць, калі ты ў спадніцы, каб гэта выглядала эстэтычна. Адразу бачна, што перад табой шляхетная дзяўчына.

«Патрэбны розныя тыпажы, нават пульхненькіх бяруць»

Бацькі Насты Каленік аб’яву пра набор у мадэльнае агенцтва пабачылі ў інтэрнэце. І вырашылі прывезці дачку на прагляд. Спачатку дзяўчынка хадзіла на заняткі без энтузіязму, а пасля ўцягнулася.

— Потым для бацькоў зрабілі адкрыты ўрок. Мы з мужам схадзілі паглядзець і былі прыемна здзіўлены. Я, канечне, мадэльную школу крыху па-іншаму ўяўляла, — прызнаецца мама Кацярына.

Цяпер Насці 9 гадоў, і яна часта ўдзельнічае ў кастынгах. У Магілёве, дзе жыве сям’я, іх не праводзяць, таму дзяўчынка з мамай ездзяць у Мінск. Або дасылаюць арганізатарам кастынгаў фота.

— Па якіх крытэрыях адбіраюць, складана сказаць, бо кожны раз патрэбны розны тыпаж. Часта нават пульхненькіх бяруць, напрыклад, на рэкламу ежы. Дыет у дзяцей няма — з патрабаваннямі да фігуры ў іх не так строга, як у дарослых.

Наста хадзіла па подыуме ў Маскве, Фларэнцыі. У мінулым месяцы здымалася для рэкламы адзення Calvin Klein у Амстэрдаме. Усім займаецца агенцтва, яно цалкам бярэ на сябе растраты.

Бонусы для маленькай мадэлі могуць быць розныя: хтосьці прапануе адзенне (як было з Calvin Klein), хтосьці — грашовы ганарар, дзесьці гэта проста прэстыж.

Дзяўчынка ездзіла таксама на два месяцы ў Кітай.

— Ганарару не было — мы атрымалі міжнародны досвед, партфоліа добрае. Дачка рэкламавала там адзенне. Не сказаць, што ёй было цяжка, усё праходзіла ненапружана. Думаю, такая паездка — вялікі штуршок у гэтым бізнэсе.

Наста з бацькамі.

Мама Кацярына з мадэлінгам ніяк не звязаная. Скончыла Акадэмію МУС і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, працавала ў міліцыі.

— Я заўсёды хацела быць ці адвакаткай, ці міліцыянткай. А мадэльная школа — гэта выбар дачкі: мы ёй проста прапануем, калі што знаходзім цікавае. Цяпер Наста ходзіць яшчэ на танцы, маляванне, ангельскую мову. Пакуль, куды завялі, нічога кідаць не хоча. Паўсюль паспявае. І ёй няцяжка — нават сумуе, калі нешта адмяняецца, не ведае тады, чым заняцца дома. Яна ўжо прывыкла жыць у такім рытме і ёй падабаецца.

Па словах мамы, дачка бачыць сябе ў гэтым бізнэсе.

— Як яна кажа: «Хачу быць вядомай мадэллю». Насце не страшна хадзіць па подыуме — яна ў сваю стыхію трапляе. Мы ёй дапамагаем. Вядзём старонку ў інстаграм, бо гэта таксама важна — многія менавіта па ёй знаходзяць дачку. У нашым Магілёве мадэльных перспектыў, напэўна, няма. Мінск у гэтым кірунку лепш працуе, але і там не такія магчымасці, як за мяжой.

Кацярына прафесію мадэлі не лічыць сумнеўнай і станоўча ставіцца да выбару дачкі. 

— А каб не трапіць за мяжой у праблемную гісторыю, трэба працаваць з праверанымі агенцтвамі — іх для дарослых дзяўчат не так ужо і шмат. Гэта гарант бяспекі.

«Хлопчыкі ў мадэльнай школе нарасхват»

Хлопчыкаў у мадэльных школах мала. 11-гадовага Мацвея Скрыгалоўскага (Гомель) прывялі туды, бо ён рос… сарамлівы.

— Ён быў такім хатнім дзіцем, — кажа мама Яўгенія. — Знаёмыя параілі аддаць у мадэльную школу, каб крыху разняволіўся. Мы займаемся паўтара года, і гэта дапамагае ў жыцці. Сын ужо не такі скуты пры незнаёмых, гутарку можа падтрымаць, не сыходзіць у іншы пакой, калі прыходзяць чужыя.

Аднакласнікі пра новае хобі Мацвея нічога не ведалі, пакуль ён не з’явіўся на афішах горада ў рэкламе мадэльнай школы. Іх бачылі практычна ўсе. У адзін момант хлопчык стаў зоркай. Пасля ён здымаўся ў рэкламе марозіва, у беларускім фільме. Мацвею больш падабаецца граць у кадры, чым хадзіць па подыуме, таму з наступнага года ён хоча запісацца на курсы на акцёрскім майстэрстве.

— Хлопчыкі ў мадэльнай школе нарасхват, — адзначае Яўгенія. — Часам на паказах іх адзяваюць у рэчы, якія не пасуюць па росце, бо іншых хлапцоў няма. Мне здаецца, мадэлінг — гэта не толькі дзявочае захапленне.

Матвей з мамай і старэйшым братам.

Цэны за заняткі стартуюць ад 50 рублёў на месяц. Але куды больш грошай ідзе на фотасесіі і паказы.

— Трэба рабіць мадэльныя тэсты (прафесійныя здымкі для партфоліа), а яны нятанныя — ад 25 даляраў за 10 фатаграфій. Удзел у паказах практычна ўсюды платны. Часам гэта сімвалічная сума — летась, напрыклад, удзельнічалі на Ночы музеяў у Гомелі, там бралі па 5 рублёў з дзіцяці, за касцюмы. Калі гэта паказы ў Мінску ці Маскве, там, адпаведна, іншыя цэны, нашмат большыя.

У Беларусі аддаеш ад 200 рублёў за адзін паказ. За мяжой — мінімум 300 еўра без уліку дарогі.

Яўгенія дадае, што кожны год у мадэльную школу прыходзіць шмат дзяцей. Але не ўсе заканчваюць навучальны год — кідаюць, бо для бацькоў гэта дорага.

— У нас апошнім часам пачалі актыўна прасоўваць дзяцей на замежныя кантракты. Яны выгадныя, але мы не разглядаем гэты занятак як работу. Плюс Мацвей для свайго ўзросту вельмі высокі і не пасуе на кантракт. У асноўным патрабуюцца дзеці да 120 см на Еўропу і да 140 см у Кітай. Сын большы ўхіл робіць у спорт — ён ходзіць на настольны тэніс. А мадэлінг, як ён кажа, — аддушына.

Каментары28

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць