Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

Пляжны консул

Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра дыпляматычную місію ля мора.

Я прапусьціў мінулую зіму, яна нейк захутка скончылася, а каб напісаць гэты тэкст мне патрэбны былі сьняжынкі у паветры, сумёты, шоргат сьнежных шуфляў -- дзеля кантрасту з успамінамі пра цёплае мора.

Ля шкляных дзьвярэй адносна невялікага гатэлю, сьветлыя сьцены зь пясочніку, шыльда з драпежнікам. Яна паведамляе, што ўнутры месьціцца консульства, адно-адзінае ў мястэчку. Шыльда выклікае адразу недаўменнае пытаньне: дыпляматычная місыя? Тут? Навошта?

Гатэльны хол: старая мармуровая падлога, здаецца нават адпаліраваныя пліты пашарэлі ад часу ды падэшваў. Пальмы ўнутры, пальмы звонку. З гатэлю ўласна й пачаўся курорт. Будаўнічая пляцоўка аказалася на месцы могілак рымскіх часоў, выклікалі архэолягаў. Знаходкі можна ўбачыць у чатырохпавярховым музэі за сьценамі старавечнага места з крэпасьцю. То былі часы, калі па суседзтву ўпершыню дэмакратычна абраны прэзыдэнт гэтак упадабаў уладу, што абвесьціў сябе каралём (!), падпісаў уласнаручна ўказ ці дэкрэт, можна зазірнуць у беларускую энцыкляпэдыю, каму цікава.

Так-так, мінулая зіма занадта хутка скончылася, і я не пасьпеў напісаць пра консула, якога ніколі ня бачыў, але якому бадай зайздрошчу і вось чаму: яго прызначылі, можна сказаць, курортным консулам. Не прадстаўніком турыстычнай фірмы, прыкладам, не, а менавіта дыпляматам. У яго два ці тры пакоі, у адным, ясна, офіс. З марскога боку перад гатэлем высокая тэраса для летняй кавярні, мне там падабаецца: добры агляд, а яшчэ вокны консула зь лесьвічкамі аканіцаў, з балконам, на парэнчах звычайна сушацца рознакаляровыя пляжныя вялікія ручнікі, а побач -- сьцяг ягонай краіны. Вельмі ўтульна выглядае.

Сёньня чысьцяць сьнег, часты шоргат з вуліцы, а мне хочацца адчуць сябе ў летнім антычным горадзе за высокімі мурамі з абарончымі вежачкамі. Чым заняты сёньня пляжны консул? Цікава! Адпачыньнікаў, можна здагадацца, амаль няма. Няма й сьнегу, думаю, а толькі паўднёвае мора на зімовы лад. Што рабіць, чым заняцца? Можа быць, ён зьяжджае на зімовы час дахаты? А на дзьвярах вешае замок… Але ці бываюць такія дыпляматычныя пляцоўкі?

Хаця, чаму не? Ён працуе на няпоўную стаўку, зьяжджае ў сьнег, у горы катацца на лыжах, сапраўдныя Каляды зь ялінкай.

Калі консул раптам літаратар -- гэта ідэальны варыянт. Улетку ён часта бывае на тэрасе ў “пісьменьніцкай” кавярні “Хэмінгуэй”, я нават перакананы, што бачыў яго там, толькі не пазнаў, на жаль. У “Хэмінгуэі” можна пачуць розныя мовы, наведнікамі прынята чытаць газэты, ёсьць вялікая газэтніца, іншыя размаўляюць, нехта піша. А ўзімку можна брацца за грунтоўны аповед, успамінаюцца міжволі консулы Іва Андрыча.

Што ў яго ў пакоі? Вялікая мадэль ветразёвага карабля, ясна, глёбус, само сабой, старыя мапы ў рамах на сьценах, у крамцы за старымі мурамі яны, здаецца, па дзесяць эўра былі ўсяго, мне хацелася старую Эўропу, але значна больш спадабалася “няразьвітая” Афрыка. У выхадныя ў каменным падворку антыкварны рыначак, цэны даступныя. Побач -- музэйчык: грэкі, рымляне… Амаль усё лета цягнецца літаратурна-тэатральны фэст. Сустрэчы зь пісьменьнікамі на пляцыку пад густым паўднёвым небам, тэатральная пляцоўка, Сафокл, Эўрыпід.

Вельмі верагодна, што ў консула будзе мноства кніг, маркі, манеты. Папугай? Кот? Ня ведаю, чаму не? У крэпасьці асобны музэй, а на тэрасе над морам у сьцяне вымураваны мясцовы герб, а побач з чугуннымі гарматамі можна выпіць кавы або дрынк. У гэты зімовы дзень ён зойдзе ў кавярню ў крэпасьці, столікі з тэрасы прыбраныя, але яму захочацца выйсьці і пастаяць з кубкам кавы каля гарматы, дыхаць морам, падставіўшы чало паднёваму ветру: ці хутка зацьвітуць ірысы, напрыклад?

Шкада, што я ня пляжны консул.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам29

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

Дачка спікера Сергеенкі ўладкавалася на працу ў Міністэрства працы11

На выездзе з Мінска пабудуюць аўтавакзал13

«Горы відавочна лішнія». Беларусы ацанілі Браслаў у шпіёнскім серыяле «Поні»4

Лукашэнка незадаволены развіццём адносін з Кітаем16

Швецыя зніжае ўзрост крымінальнай адказнасці да 13 гадоў22

Знойдзены Багдан Юнчык расказаў, дзе хаваўся тры дні13

Беларуска стала італьянскай кіназоркай і адкрыта выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі15

«Проста люстэрка». Беларусы паказалі, у што ператварыў дарогі цыклон з ледзяным дажджом

Караеў расказаў, дзе цяпер працуюць яго сыны5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам29

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць