«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»
Яўген Жарыкаў служыў афіцэрам у Мар'інай Горцы, але нядаўна яго асудзілі за «здраду дзяржаве» і кінулі за краты на гіганцкі тэрмін. У сацсетках малады афіцэр пісаў па-беларуску і асуджаў расійскі імперыялізм.

Яўгену Жарыкаву 23 гады. Ён нарадзіўся і вырас у Бабруйску, дзе ў 2020 годзе скончыў сярэднюю школу №6. Пасля заканчэння вайсковай навучальнай установы хлопец атрымаў афіцэрскае званне і трапіў па размеркаванні ў Мар’іну Горку — у 5‑ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння.
У сацсетках Яўген пісаў па-беларуску. Для афіцэра сучаснага спецназа гэта нячастая з’ява.
Хлопец адзначаў, што піша на беларускай мове «па інтуіцыі», і радаваўся мажлівасці размаўляць на ёй ужывую: «Дарэчы я сёння ўпершыню за доўгі час паразмаўляў па-беларуску… афігеў ад таго, што нічога не забыў амаль». Пры гэтым ён іранізаваў з моўнага пурызму: «Калі і так зразумела, што літаратурная мова ніколі не ўжываецца ў размове… навошта сварыцца, хто як піша і размаўляе».

У сваіх допісах афіцэр адкрыта фармуляваў жыццёвую пазіцыю: «Я люблю Беларусь» і «Беларусь перадусім».
Ён востра крытыкаваў расійскі імперыялізм, асуджаў ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны і разумеў пагрозу русіфікацыі:
«Беларуская культура будзе развівацца толькі пры падтрымцы дзяржавы. Ва ўмовах глабалізацыі і напору рускіх, якім мала таго, што мы саюзнікі, сама па сабе мова не вывезе».
Пры гэтым ён асуджаў рэпрэсіі, згадваючы пра «стук у хату, затрыманне, бутэльку» і зачыстку каналаў супрацоўнікамі ГУБАЗіК.
Па-за службай малады афіцэр захапляўся сілавым спортам і бегам (перадольваў 3 км за 12 хвілін і 20 секунд), слухаў пост-панк і гурт Brutto, цікавіўся гісторыяй, анімэ і камп'ютарнымі гульнямі. Таксама хлопец вывучаў замежныя мовы.
Невядома, што менавіта стала прычынай пераследу Яўгена, бо справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго яшчэ ў лютым 2025 года.
Суд адбыўся ў маі 2026 года ў Мінскім абласным судзе паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай або вайскоўцам»). Хлопцу прызначылі 19 гадоў калоніі і штраф памерам 500 базавых велічынь (22 500 рублёў). У верасні яго этапавалі ў калонію, але актуальнае месцазнаходжанне палітвязня невядома.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары