Эканоміка

«Беларусь не падставіць Расіі плячо з якаснай тэхнікай, бо сама без імпарту яе не зробіць» — эканамічны эксперт

На сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка заявіў, што беларускія прадпрыемствы гатовыя забяспечыць Расію любой тэхнікай, асабліва ва ўмовах сыходу з краіны заходніх кампаній. Наколькі гэта рэалістычна, у інтэрв'ю праекту «Филин» тлумачыць эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Уладзімір Кавалкін

— Забяспечыць можна — але пытанне, якой якасці гэтая тэхніка будзе і з якіх камплектуючых сабраная.

Калі мы гаворым пра ўзоры тэхнікі, характэрныя для 70—80-х гадоў мінулага стагоддзя, то, напэўна, такую тэхніку ўласнымі сіламі можна вырабіць. Іншае пытанне — ці будуць задаволеныя кліенты такой якасцю. Калі мы гаворым пра рухавікі, пра карбюратары, якія не адпавядаюць ніякім нормам «Еўра» па экалагічнасці, па эканамічнасці расходу паліва і гэтак далей.

Калі ж мы гаворым пра замену, дапусцім, Scania або Volvo, ці яшчэ нейкіх буйных міжнародных брэндаў, то нават з імпартнымі камплектуючымі беларускі МАЗ гэта зрабіць не зможа.

Калі ўжо мы гаворым пра тое, што цяпер МАЗ, МТЗ і іншыя беларускія прадпрыемствы вырабляюць, то так, там жалязякі самі — тое, што можна выкаваць, пафарбаваць — будуць вырабленыя з расійскага металу ў нас. А вось што тычыцца рознай электронікі, то гэта ж усё абсалютна імпартнае.

Можна вырабіць самазвал МАЗ, але без добрай імпартнай помпы высокага ціску ад фірмы Bosh ён не паедзе. Вы можаце вырабіць вялікую колькасць жалязяк, якія не ездзяць. І цалкам магчыма, што, нават звёўшы імпарт у кошце аўтамабіля да 5—10%, можна атрымаць сітуацыю, калі без канкрэтна гэтай шрубкі або помпы тэхніка проста не заводзіцца і не едзе. Вось увогуле і ўсё імпартазамяшчэнне на гэтым заканчваецца.

Пытанне ва ўмовах гэтых санкцый — ці будзе магчымасць далей вырабляць усё тое, што выраблялі да гэтага.

— Губернатар Варонежскай вобласці заявіў, што можна закупляць медыцынскае абсталяванне, якое вырабляецца ў Беларусі. Адгукнуўся пра яго як пра якаснае, адпаведнае чаканням, якія ёсць у расійскай медыцынскай супольнасці. Што скажаце з гэтай нагоды?

— Зусім нядаўна Галоўчанка заяўляў пра праблемы з пастаўкамі ў Беларусь медыцынскага абсталявання і запасных частак да высокатэхналагічных апаратаў — заходнія партнёры падвялі. Вось у гэтых умовах ці можна верыць у тое, што Беларусь возьме і забяспечыць Расію неабходнымі прыборамі медыцынскага прызначэння тады, калі яна сама іх імпартуе? На мой погляд, няма.

— Ці атрымаецца ў Беларусі зарабіць на пастаўках пасажырскай, камунальнай, сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расію?

— Даволі складана сказаць. Гэта будзе вельмі моцна залежаць ад таго, наколькі сінхранізуюцца санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Вядомая рэч, што па меры таго, як рэжым Лукашэнкі будзе спрабаваць зарабляць традыцыйна, што называецца, на перакіданні — нешта купляць і прадаваць, а маржу сабе пакідаць, краіны Захаду будуць за гэтым сачыць і паволі ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, каб гэта не было магчымым.

Таму нейкія грошы з дапамогай хітрых схемаў яны, вядома, заробяць, але пра тое, што гэта стане бізнэсам на гады наперад, можна не марыць. Ужо калі нехта на перакіданні і заробіць, то якія-небудзь трэція краіны па-за межамі Эўрасаюза, Беларусі, Расіі і Украіны. Напрыклад, Турцыя. Праз яе можна будзе спрабаваць што-небудзь пастаўляць на Расію. Або праз краіны былога Савецкага Саюза — праз Узбекістан, скажам.

Да Беларусі будзе пільная ўвага, бо краіна ўспрымаецца як суагрэсар, таму ўсе дзіркі будуць вельмі хутка закрывацца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

На «Мінск-Арэне» шайба трапіла заўзятарцы ў галаву. Хакеісты наведалі яе ў бальніцы1

МНС назвала нечаканыя крыніцы радыяцыі ў паўсядзённым жыцці3

«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала1

У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць