Нерухомасць

Жыллё ў Мінску стала больш даступным, офісныя будынкі апусцелі. У рэгіёнах нічога такога. Як рынак нерухомасці перажыў 2022 год

Адток насельніцтва з Беларусі, нестабільная сітуацыя на валютным рынку, масавая рэлакацыя IT-кампаній — кароткі спіс таго, што паўплывала на рынак нерухомасці ў 2022 годзе. «Наша Ніва» прааналізавала, як цягам года гэтыя і іншыя чыннікі паўплывалі на рынак нерухомасці.

Продаж прасеў, рынак у ступары

Сёлета на рынку нерухомасці Беларусі назіралася адразу некалькі цікавых тэндэнцый, на якія паўплывала палітычная сітуацыя ў краіне і рэгіёне. 

У першы месяц пасля нападу Расіі на Украіну продаж кватэр у Беларусі заўважна прасеў. Калі ў лютым у сталіцы было зарэгістравана 1205 здзелак, то ў сакавіку гэтая лічба скарацілася да 1026. Тэндэнцыя на змяншэнне колькасці здзелак у сакавіку назіралася па ўсёй краіне. Увесну рыэлтары казалі, што людзі былі ў ступары, не ведалі, што рабіць далей. Частка здзелак, якія абмяркоўваліся да 24 лютага, у выніку сарвалася. 

Такія паводзіны купцоў прывялі да імклівага зніжэння цаны «квадрата». У сакавіку быў пастаўлены сваеасаблівы антырэкорд, калі цана прапановы квадратнага метра ў Мінску за тыдзень апусцілася на 29 даляраў. Такога рэзкага падзення цэн на кватэры сталіца не бачыла з 2009 года. 

Продаж аднавіўся, а цэны — не

Тым не менш, з часам рынак стабілізаваўся, у кастрычніку Мінск нават паставіў рэкорд па ўгодах з кватэрамі. Тады за месяц у Мінску зарэгістравалі 1458 угод куплі-продажу кватэр, што стала рэкордам для гэтага месяца за апошнія 10 гадоў. 

Аднак гэта ўсё адно не дапамагло Мінску захаваць цэны, якія былі да пачатку вайны. У лютым сталічны «метр», згодна з данымі рэальных здзелак, каштаваў 1353 даляры. У верасні «метр» у рэальных здзелках патаннеў да 1298 даляраў. Як паказвае статыстыка Realt.by, выніковыя лічбы за год будуць яшчэ больш сціплыя, бо нават згодна з індэксам цаны прапановы па стане на 12 снежня метр у Мінску ў сярэднім каштуе 1189 даляраў. Гэта ўзровень 2007 і 2016 гадоў.

Індэкс цэн прапаноў кватэр у Мінску. Скрыншот з сайта realt.by

Такім чынам, за 2022 год «метр» у сталіцы патаннеў на 2,8 працэнта. Пры гэтым Мінск застаўся адзіным буйным горадам Беларусі, дзе нерухомасць па выніках года стала больш танная. У абласных цэнтрах сярэдняя цана «квадрата» вырасла. Найменшы прырост цэн паказаў Брэст — плюс 5,4 працэнта. Найбольш прыкметна цэны на нерухомасць выраслі ў Гомелі — плюс 11,6 працэнта. 

Зніжэнне цэн на нерухомасць у Мінску рыэлтары тлумачаць тым, што сталіца больш за рэгіёны адчула на сабе ўсе негатыўныя наступствы вайны. Менавіта ў Мінску была найбольшая канцэнтрацыя бізнэсу ў цэлым і ІТ-сектара ў прыватнасці. Апошні ад пачатку года скараціўся на 13,3 тысячы чалавек. 

Рэкордна нізкі попыт на офісныя памяшканні

Масавы рэлакейт ІТ-кампаній, сыход часткі заходняга бізнэсу і эканамічная сітуацыя ў краіне ў цэлым заўважна паўплывалі на рынак камерцыйнай нерухомасці. Лічба свабодных офісных памяшканняў цягам года працягвае павялічвацца. 

Прапанова офісаў значна перавышае попыт. Свабодныя памяшканні можна знайсці ў 117 бізнэс-цэнтрах са 141.

На рынку арэнды офісаў з'яўляецца ўсё больш плошчаў, якія раней здымалі IT-кампаніі. У параўнанні з 2019 годам свабодных офісных плошчаў у Мінску стала больш у пяць разоў.

БЦ Fortune. Фота: sigmapolus.com

Прычыны вызвалення офісаў не заўжды звязаныя з рэлакацыяй бізнэсу. Частка бізнэсу проста аптымізуе выдаткі, пераязджае ў памяшканні меншага памеру, пераводзіць супрацоўнікаў на «аддалены характар працы». 

Расце колькасць кватэр для доўгатэрміновай арэнды

Колькасць прапаноў па арэндзе расце не толькі ў сферы камерцыйнай нерухомасці. З пачаткам сёлетняй хвалі міграцыі значна павялічылася колькасць прапаноў па здачы кватэр у доўгатэрміновую арэнду. 

Па стане на лістапад 2022 года, попыт на арэнду кватэр у Мінску знізіўся на 9 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Колькасць свабодных для засялення кватэр у сталіцы працягвае павялічвацца: за ўвесь лістапад у базе Realt.by фігуравала на 2,6 працэнта кватэр больш, чым месяцам раней. Паралельна з ростам лічбы прапаноў меншае колькасць запытаў «зняць кватэру ў Мінску», па выніках лістапада скарачэнне склала 2,5 працэнта.

Як вынікае са статыстыкі, 2022 год стаў даволі складаным для рынку нерухомасці. У Беларусі далей працягваюць скарачацца аб'ёмы будаўніцтва. Скарачаецца колькасць людзей, занятых у будаўнічай галіне. Толькі за 9 месяцаў бягучага года адток занятых у будаўніцтве склаў амаль 9 тысяч чалавек. Але гэты трэнд зарадзіўся не сёлета: колькасць занятых у будаўніцтве перманентна скарачаецца, пачынаючы са жніўня 2020 года.

Чытайце таксама:

У цэнтры Мінска на продаж выставілі кватэру, у якой цана метра — 6829 даляраў. Глядзіце, што ўнутры

Па якіх цэнах прадаюць кватэры ў сталічных новабудоўлях? Вось дзе самыя танныя варыянты

Каментары

Цяпер чытаюць

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?9

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Усе навіны →
Усе навіны

«Жывуць на Блакітным беразе». Лукашэнка запатрабаваў, каб «разумныя гандляры» ішлі гандляваць у неперспектыўныя вёскі11

У гродзенскім універсітэце ўводзяць дзяжурных, каб папярэдзіць экстрэмізм і прадухіліць тэрарызм

Па краіне прайшоў Усебеларускі хрэсны ход11

Расійскія сілавікі адрэзалі геніталіі азербайджанцам, закатаваным да смерці падчас рэйду ў Екацярынбургу12

Анатоль Котаў ужо выязджаў у Турцыю і лічыў яе бяспечнай — крыніцы13

Дудкін: Мая дапамога беларускаму контрвыведу заўсёды была накіравана на карысць Беларусі13

У Кіеве развіталіся з беларускім добраахвотнікам «Месяцам»

Як Крэмль выдае старыя відэа з Пуціным за новыя сустрэчы, у тым ліку і перад сустрэчай з Уіткафам2

«З'ездзілі за дзень 8 разоў». Што робіцца на польскай мяжы, дзе прадавалі выезд без чаргі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?9

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць