Грамадства1616

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

У Беларусі Максіма Стасевіча, які працаваў на Белым моры ў сферы турызму, пакаралі толькі ў 2026 годзе — адміністратыўкай, калі ўсе тэрміны даўніны прайшлі. А вось у Карэліі яго дзеянні палічылі «пагардлівымі адносінамі да заканадаўства Расіі і Беларусі».

Стала вядома пра незвычайны выпадак трансгранічных рэпрэсій у адносінах беларуса Максіма Стасевіча, удзельніка пратэстаў 2020 года. Вярхоўны суд Рэспублікі Карэлія забараніў яму заязджаць у Расію да 17 красавіка 2126 года. Гэта не абдрукоўка — беларусу будуць не рады на працягу 100 гадоў. Усе апеляцыі аказаліся марнымі.

Максім Стасевіч вучыўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці «лінгвіст-выкладчык». У 2020‑м ён удзельнічаў у пратэстах пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

16 жніўня 2020 года Максім з бел-чырвона-белым сцягам ішоў у калоне па праспекце Незалежнасці ў Мінску, як вядома з рашэння суду. У Беларусі яго не прыцягвалі да адказнасці, дый увогуле выглядала, што пра хлопца забылі.

У чэрвені 2021 года Стасевіч пераехаў у расійскую Карэлію. З чэрвеня 2022‑га ён працаваў у дзіцячым лагеры ў Лоўхскім раёне рэспублікі: быў важатым, выкладаў кіналогію і марскі турызм. Жыў там жа, у жыллі, якое даваў працадаўца. На працы яго характарызавалі выключна са станоўчага боку.

Вёска, дзе працаваў беларус, знаходзіцца на ўзбярэжжы Кандалакшскага заліва Белага мора. Замежнікам туды можна трапіць толькі з асаблівым дазволам ФСБ. Такі дазвол у Стасевіча быў да 31 снежня 2023 года, а потым ён яго не падаўжаў.

У снежні 2025 года беларуса затрымалі ў Санкт-Пецярбургу. Аказалася, што цяпер ён у вышуку, і Беларусь хоча, каб яго вярнулі на радзіму. Аднак пракурор Адміралцейскага раёна Пецярбурга вырашыў, што паколькі ўдзел у дэманстрацыі не з’яўляецца па расійскім заканадаўстве крымінальным злачынствам, то і выдаваць Стасевіча Беларусі няма патрэбы. У выніку хлопца проста адпусцілі.

У красавіку 2026 года Стасевіча затрымалі ў карэльскай вёсцы Нільмагуба за тое, што ён знаходзіўся там без дазволу ФСБ. Яго аштрафавалі, таксама паўстала пытанне, ці не выслаць беларуса з краіны. Часцяком за такое высылаюць з Расіі на пару гадоў, але суд вырашыў не дэпартаваць беларуса. 

А пасля ўмяшаўся Цэнтр па процідзеянні экстрэмізму МУС Карэліі — гэта аналаг мясцовага ГУБАЗіКа. Паліцэйскія вынеслі рашэнне: забараніць Стасевічу ўезд у Расію на 100 гадоў. Прычына — тое, што беларус «схаваўся ад органа крымінальнага пераследу на тэрыторыі Расіі».

Тады беларусу давялося тэрмінова вырашаць пытанні на радзіме — хутчэй за ўсё, дыстанцыйна. У чэрвені 2026 года Стасевіч падаў хадайніцтва ў Заводскі РАСК Мінска, каб крымінальны пераслед замянілі адміністрацыйнай адказнасцю. У выніку Стасевіча аштрафавалі і канчаткова перагарнулі гэтую старонку.

Пасля гэтага Петразаводскі гарадскі суд Карэліі прызнаў забарону на ўезд Стасевічу незаконнай. Суд адзначыў, што ў Расіі Стасевіч не займаўся ні экстрэмісцкай, ні іншай супрацьпраўнай дзейнасцю.

Але паліцыя не здавалася і патрабавала ўсё ж выслаць Стасевіча. Паводзіны Максіма назвалі «пагардлівым стаўленнем да заканадаўства Расіі і Беларусі». А яго ўдзел у пратэстах у Мінску — «безумоўнай пагрозай грамадскаму парадку, у тым ліку на тэрыторыі Расіі».

У выніку Вярхоўны суд Карэліі выканаў патрабаванне паліцэйскіх. Канчатковае рашэнне — Максім Стасевіч павінен пакінуць тэрыторыю Расіі і не вяртацца да 2126 года.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Ё
    13.10.2026
    Паглядзіце на яго, адразу па фотках бачна -небяспечны элемент і тэрарыст. Я цяпер параўнайце са светлымі тварамі краўнікоў Талібана, каторых Масква запрашае на форумы і там цалуецца з імі ў дзёсны.
  • Хрыч
    13.10.2026
    Поедет теперь в ЕС! Будет там проживать и радоваться жизни.Во Франции сейчас особенно хорошо,пусть туда едет
  • Слончык
    13.10.2026
    нейкая мякіна у галаве, ісці з бчб сцягам, а потым ехаць у Расею, каб там жыць у весцы. Калі хочаш жыць на зямлі, калі ласка, Віцебшчына, Магілеўшчына - пустыя вескі, хутары. Трэба свае развіваць. Яшчэ і абскарджваў прысуд. Я туды , нават калі б мне даплацілі, не паехаў бы

Цяпер чытаюць

Соф'я Сапега: Пратасевіч нагаварыў на мяне цэлы том крымінальнай справы33

Соф'я Сапега: Пратасевіч нагаварыў на мяне цэлы том крымінальнай справы

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп адменіць абмежаванні на выкіды метану для нафтагазавай галіны

У Гродне вынеслі прысуд за махлярства з турыстычнымі пуцёўкамі. Адзін з фігурантаў нядаўна трапіў у любоўны скандал

Рыта Дакота спрачаецца з былым мужам за аліменты 745 даляраў6

У ЗША парады ChatGPT прывялі да смерці жанчыны. Яе сваякі падалі на OpenAI ў суд2

Падчас фестывалю Pradmova ў Празе будзе працаваць выстава малюнкаў палітвязняў

У Брэсце мужчына забіў нажом жонку і цешчу3

Кіроўца аўтобуса Мінск — Вільня спрабаваў правезці 25 тысяч еўра ў трусах6

У цэнтры Гомеля знеслі даўгабуд, які за 13 гадоў так нічым і не стаў1

Колькасць ахвяр чыгуначнай катастрофы ў Іспаніі павялічылася да 64‑х чалавек2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Соф'я Сапега: Пратасевіч нагаварыў на мяне цэлы том крымінальнай справы33

Соф'я Сапега: Пратасевіч нагаварыў на мяне цэлы том крымінальнай справы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць