Меркаванні

Ігар Карней: Будзе каманда — зробяць усё, каб і з годам трымаць у закладніках хоць пяцігодку, хоць болей

Журналіст і палітвязень Ігар Карней згадаў у сваім фэйсбуку сваё зняволенне, людзей, з якімі сядзеў. Каб не вызваленне 21 чэрвеня 2025 года, ён меўся выйсці на волю толькі сёння.

«13 кастрычніка мусіў скончыцца мой нявольніцкі тэрмін Прынамсі так было пазначана на жоўтай бірцы, скарэктаванай другой крымінальнай справай: першапачатковае «экстрэмісцкае фармаванне» па ходу выязнога судзілішча ў Шклоўскай ПК-17 разбавілі «непадпарадкаваннем адміністрацыі».

То-бок, адразу віды меў крыху лепшыя — пачатак лютага 2026-га. Зрэшты, у адносінах да палітычных уся тая лічбавая эквілібрыстыка — простая фармальнасць: нават з самым лёгкім пакараннем можна стаць пажыццёвікам. 

Колькі разоў уяўляў, як «адкінуся» са строгага рэжыму ў Мазыры. У трэніках і красоўках з кешарам праз плячо прайдуся лесам да трамваю — возіць з горада работнікаў на нафтаперапрацоўчы завод і назад.

Цэлых 20 кіламетраў дарожнай асалоды без канвою і «бранзалетаў». Даеду да вакзала можа нават вып’ю ў буфеце піўка, перарву безалкагольную паўзу). А там ужо як-небудзь і дадому ў Мінск. 

Аднак, як трапна імправізавалі ва ўсе часы, хочаш павесяліць Бога — раскажы яму пра свае планы). Доўгачаканая каманда «с вещами на выход» у аўторак 13‑га так і не прагучала, бо ўжо амаль паўтара года на адноснай волі (калі рашэньні прымаеш не ты, а за цябе, то гэта не зусім тое волевыяўленьне, якое ўяўляеш). Мала за тое, з якім-ніякім багажом будаўнічых навыкаў — адрозна ад бессэнсоўнай промкі-медалупні). І гэта нават ня ўсё: пасьпеў напісаць кнігу пра вымушаныя прыгоды апошніх гадоў. 

З іншага боку, не давялося тлуміць галаву ні трамваем, ні маршруткамі; вывезлі бясплатна з чатырма «бодзігартамі»-гэбэшнікамі. Адзінае, не далі палюбавацца палескімі пейзажамі, усю дарогу праехаў з нахлабучаным мяхом і закаванымі рукамі.

Дзеля справядлівасці, і сам разумеў, што наўрад ці вызваляць згодна з графікам. Калі ўжо ўчапіліся за ганебны 411‑ы артыкул, будуць з «рэцыдывіста» выціскаць па-максімуму. 

У штрафным ізалятары таго ж Мазыра сядзелі ў суседніх камерах з Сашам Францкевічам, перамаўляліся праз трубу пад ракавінай. На анархістаў у мянтоў і без таго класавая алергія, дык ён нават не асабліва і распакоўваў свае чамаданы. У лепшым выпадку тыдзень у каранціне, затым — звыклым маршрутам: ШІЗА, стос парушэнняў, ПКТ, новая крыміналка, дадатковы год. На той момант ужо дакруцілі зверху, здаецца, тры гады, і ў ПК-20 зьбіраліся дадаць яшчэ. Да ўжо наяўных 17-ці.

Гэтаксама ў чарзе на «пралангіраванне» сутак пазнаёміліся з Андрэем Будаем, фігурантам справы за ініцыятыву «Буслы ляцяць». Аналагічная гісторыя. Пасля 411‑га — транзітам з Бабруйска на чарговую раскрутку. Плюс 3,5 да ранейшых 15-ці.

З блогерам Дзімам Казловым дабівалі свае тэрміны ў Мазыры, а да таго разам чакалі разгляду апеляцый у турме №4 Магілёва. У ягоным выпадку паглуміліся, што называецца, на сцяжку. Літаральна пакаваў валізу пасля прысуджаных 5 гадоў, аднак за пару тыдняў да «дзембеля» перазатрымалі за «непадпарадкаванне» і заказным судом скралі з жыцця яшчэ год.

Таму няма вялікай розніцы, які перадузяты вырак агучылі: будзе каманда — зробяць усё, каб і з годам трымаць у закладніках хоць пяцігодку, хоць болей. Так што мне падфарціла абысьціся малой крывёю. Без гарантыі, што не было б працягу, каб не спатрэбіўся тавар на санкцыйны абмен. 

Далей урывак з кніжкі «Катаванне адзінотай». Акурат пра закулісьсе такіх вось антыгуманных працэсаў. 

…Пасля таго, як за два тыдні пазоў адміністрацыі шклоўскай калоніі супраць «экстрэміста Карнея» (аднойчы ўжо асуджанага, але, як аказалася, недастаткова) адляжаўся ў пракуратуры, паперы пайшлі ў суд. У пастанове, якую прынеслі на подпіс, было пазначана, чый удзел неабходна забяспечыць: абвінавачаны, канвой, сведкі. А дзе адвакат? 

Давялося вытрымаць немалы супраціў, каб дабіцца права на абарону. Аргумент забойчы: ты на поўным сур’ёзе збіраешся нечага дамагчыся? Фактычнае прызнанне, што з 411‑га яшчэ ніхто не саскочыў без пакарання. Толькі калі напісаў скаргу на імя начальніка, якую так ці інакш трэба было зафіксаваць, маёр Сазонаў ткнуў заяву назад у рукі. Калі не шкада грошай, будзе табе твой бессэнсоўны адвакат.

Суд прызначылі на 11 снежня 2024-га. Наперадзе тры тыдні трывожнага чакання: з аднаго боку, не самых радасных навін з дому, з іншага — паказальнага пакарання за незгаворлівасць. Бадай, упершыню не ратавалі нават кніжкі: якая ні патрапіць у рукі — смерць, пакуты, выпрабаванні. Перад вачыма карціны цывілізацыйнага калапсу, пагружэння ў пякельны водазварот. Звычайна чакаеш адбою, каб занырыцца ў персанальны панцыр адмежаванасці. Зараз не дапамагае. Напляваць. Як у той показцы, поўная абыякавасць да жыцця. Чыста тэхнічны працэс, бо як не «запакуешся», пачнуць чапляцца.

Амаль чатыры месяцы не распранаюся, кладуся ў поўнай амуніцыі, скідваю толькі гумавыя шлёпанцы. Прадольныя ўжо пераапрануліся ў зімовыя бушлаты, а мы па-ранейшаму ў летніх «піжамах». Накрываюся з галавой, пакідаю толькі маленькую адтуліну для носу. Мае ратавальныя сховішчы: вігвам, іглу, ціпі, зямлянка. Кожны раз новыя. Матрац — толькі назва, доўга ў адной позе не паляжыш, муляюць сінякі, набытыя ў шыза. І ўсё ж лепш, чым на астылых дошках. 

Уласна «ложак» — грувасткая канструкцыя, прыкаваная да сцяны тоўстымі ланцугамі. Металічныя дэталі пачынаюць стагнаць, як здаецца, нават ад дыхання. У запаленай свядомасці ўзнікаюць алюзіі на крык птушкі, якая спрабуе ўзляцець з перабітымі крыламі. З гэтых гукаў нараджаецца гісторыя: кожны скрып — чыйсці голас, закліканы разнастаіць маю самоту. Але раптам вяртаешся з нябыту: шконка замаўчала! Нібыта больш не хоча сведчыць маё жыццё. Атрымліваецца, цішыня можа быць мацнейшай за смерць, здольная зрабіць цябе нікім яшчэ да таго, як спыніцца сэрца? 

Ірваны сон уначы пад кругласуткавымі ліхтарамі, немагчымасць хоць крыху закімарыць удзень ці нават прытуліцца да сцяны даводзяць да галюцынацый: каляровыя шары перад вачыма, гул у галаве. Або рэзкі правал у свядомасці, неразуменне пасля «вяртання», чаму ты тут. Хацелася ўжо хутчэйшага самасуду, каб вымалявалася хоць нейкая пэўнасць. Як ні абсурдна, любы вырак быў адзіным шанцам дачасна вырвацца з гэтай бясконцай тугі. Таму раніцай дня Х адчуваў сябе эмацыйна зараджаным, нібы чалавек, якога наперадзе чакаюць адназначныя змены. Не абавязкова гераічныя. 

Падчас «шпагатнага» вобшуку старшы канвою выцягнуў з маіх крыжом раскінутых рук паперы з прэтэнзіямі. Прабег па аргументах для апошняга слова і загадаў пакінуць у камеры. Маўляў, абыдзешся без шпаргалак, усё роўна не дапаможа.

Што ўдалося вытаргаваць, дык гэта верх з камплекту тэрмабялізны — майку з доўгім рукавом. Нібыта пад умовай паляпшэння знешняга выгляду. Зрэшты, з-пад распашонкі ШИЗО сапраўды па-жабрацку тырчэла расцягнутае горла цвілой майкі, а гэта ніяк не стварала атмасферу «святочнасці». 

Пад імправізаваны суд адвялі штабную актавую залу. Але спачатку — клетка адстойніка. Перада мной па-хуткаму збіраліся перавесці на турэмны рэжым выпадковага забойцу, які гэткай жа хітрасцю звальваў са шклоўскага раю.

Перакінуліся парай слоўцаў праз краты, сказаў, што з задавальненнем вернецца ў магілёўскую крытку да «свайго дзеда» — такім маральным аўтарытэтам нават для крымінальнікаў стаў філосаф і палітвязень Уладзімір Мацкевіч. А вось і мая чарга. 

У калідоры натоўпам тусуюцца «сведкі». Дзеля мяне гатовыя паралізаваць працу калоніі, вырваўшы са змены столькі народу! О, нарэшце і вечна гарластыя вертухаі моўчкі расступаюцца, даюць зялёны калідор. Канвой спыняе адразу пры ўваходзе. Правей ад сябе бачу адвакатку, удалечыні ганаровая «тройка»: пракурор, суддзя, сакратарка. Называюся, дазваляюць прысесці. Ахоўнікі па баках (потым смешна сінхронна скакалі, як толькі мне трэба было падняцца для адказу).

Мутарная працэдура высвятлення асобы, агучванне пракурорам сутнасці прэтэнзій з боку адміністрацыі ПК №17, выслухоўванне апраўданняў. Нашы хадайніцтвы: квітанцыя сплаты штрафу ў якасці дадатковага спагнання, медычная выпіска пра анкалагічнае захворванне жонкі, сведчанне непаўналетнасці малодшай дачкі. Больш аргументаў на маю карысць не знайшлося. 

Затое «ранімыя» выступілі шырокім фронтам: з 22 заяўленых сведкаў прапятлялі толькі начальнік Карніенка і мой непасрэдны куратар Драздоў, нібыта захварэлі. Астатняя дваццатка некалькі гадзін запар літаральна не шкадавала жывата свайго, давялося ахвяраваць абедам… Пасля такіх размазванняў ужо і сам не разумееш, як усё жыццё атрымліваў граматы і падзякі, а ў глыбокія 50+ страціў адэкватнасць і пусціўся ва ўсе цяжкія.

Не прыходзілася сумнявацца, чые аргументы перамогуць, з такім настроем і развіталіся да фінальнага пасяджэння ў пятніцу 13-га. Мінімальнай інтрыгай — колькі ўрэшце дакінуць. Такія ж бедалагі падчас пераклічак на шпацырах падбадзёрвалі, што «пару месяцаў». Нават адносна спагадлівыя ахоўнікі трымаліся такога ж прагнозу — на большае ніяк не цягне. 

У дзень прысуду пракурор без прэлюдый прыступіў да сістэматызацыі калектыўных сведчанняў і на падставе бясспрэчных доказаў запатрабаваў «адэкватнае пакаранне» — 1 год зняволення на падставе ч. 1 арт. 411 КК. 

Максімум, які можна выцягнуць з таннай пастаноўкі аб нібыта не прыбраным смецці. На гарызонце замаячыла новая рэальнасць — чатыры гады замест ранейшых трох. Прычым без аніякай гарантыі, што лічба канчатковая: процьма выпадкаў, калі няўгодных раз за разам заводзілі на паўторкі. 

Маё апошняе слова проста як зацяжка часу перад вяртаннем у абрыдлую катавальню. Хіба «тройка» унутрана пазабавілася, пачуўшы ў зоне беларускую мову. Парадокс, але з гледзішча цяперашняга палітычнага і турэмнага рэжыму, а гэта сутнасна адно і тое ж, ёй тут самае месца. Носьбіты беларускасці даўно асацыююцца з небяспечнымі злачынцамі. 

Ці суддзя Тараканаў праявіў неўласцівы гуманізм, ці перастрахаваўся на будучыню, аднак канчатковы вердыкт здзівіў лаяльнасцю: 10 месяцаў у калоніі строгага рэжыму (натуральна, недаседжаны тэрмін першага прысуду таксама застаецца). Пры тым, што зазвычай пракурорскі запыт у палітычных працэсах не карэктуецца. Магчыма, калядныя зніжкі. 

А можа ўсплыла далікатная тэма сямейніцтва. Ва ўсіх нарматывах прапісана: змяшчэнне вязня ў ізалятар суправаджаецца поўным медабследваннем. Аднак у маім выпадку не было ніводнага, хоць у справе выпіскі дзіўным чынам прысутнічалі. І адказная за іх акурат жонка Тараканава, супрацоўніца медчасткі ПК №17. Што азначае адно: людзі ў белых халатах самі сталі часткай карнай сістэмы. І суддзя, абазнаны ва ўнутранай кухні папраўчай установы, проста заплюшчвае вочы.

Як бы там ні было, з улікам новых абставінаў адкарэктаваны і графік вызвалення — 13 кастрычніка 2026-га. Істотная адтэрміноўка, калі мець на ўвазе асаблівую ўразлівасць палітычных… 

Набыць кнігу Ігара Карнея можна тут. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года1

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Усе навіны →
Усе навіны

Цяжарная беларуска выйшла ў Гданьску на адзіночны пікет супраць доўгай выдачы ДНЖ. Яна чакае ўжо больш за 470 дзён19

За калецтва 17‑гадовай дзяўчыны, на якую скінулі снег з даху Dana Mall, будуць судзіць дырэктара гандлёвага цэнтра2

Згарэў найстарэйшы крыты прадуктовы рынак Парыжа2

Сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру раней займалася і беларускім пытаннем — яна асуджала рэпрэсіі пасля Плошчы 2010‑га4

Гэты пад'езд у Мінску назвалі ўзорным5

У махляроў новая схема ад імя клапатлівых суседзяў. Замануха — надзейная

Пуцін дасць указанне не біць па Украіне толькі ў дзень выбараў14

У Гомелі вынеслі прысуд 17‑гадоваму хлопцу, які забіў аднагрупніка2

У Новалукомлі Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў абраз, створаны штучным інтэлектам6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года1

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць