Амерыканская паліцыя атрымала ШІ-інструмент, які вызначае дом па адным фота інтэр’ера
Raven шукае жыллё па дэталях пакоя — без каардынат і іншых метаданых здымка. Распрацоўшчыкі прапануюць выкарыстоўваць яго ў расследаваннях гандлю людзьмі.

Кампанія Graylark Technologies дадала ў свой інструмент Raven магчымасць шукаць жыллё па фатаграфіях інтэр’ераў. Доступ да сэрвісу, які раней называўся GeoSpy, ужо набылі паліцыя Лос-Анджэлеса і офіс шэрыфа акругі Маямі-Дэйд, піша 404 Media.
У адным з дэманстрацыйных відэа карыстальнік загружае здымак пральнай і сушыльнай машын, узяты з сацсеткі X, і выбірае рэгіён пошуку. Праз некалькі секунд Raven паказвае жыллё ў амерыканскім горадзе Шарлат. Журналісты знайшлі адпаведную аб’яву на Airbnb: на яе фатаграфіях — той самы інтэр’ер.
У іншым прыкладзе фота ваннага пакоя прыводзіць да дома ў Мантэсіта ў Каліфорніі, які здаюць праз Vrbo.
Як паказана ў відэа, Raven можа знайсці канкрэтны дом па адным здымку інтэр’ера, не выкарыстоўваючы каардынаты ці іншыя метаданыя, прымацаваныя да выявы.
Ён шукае не толькі ідэнтычныя фатаграфіі, але і характэрныя дэталі памяшкання на іншых здымках. Таму кадры могуць быць зробленыя з розных ракурсаў і ў розны час.
«Для следчых, якія расследуюць справы аб гандлі людзьмі і эксплуатацыі, гэтая сувязь можа ператварыць неапазнаны пакой у зачэпку пра месцазнаходжанне, якую яны могуць праверыць і выкарыстаць у расследаванні», — напісаў кіраўнік Graylark Даніэль Хайнен.
Хайнен расказваў, што здольнасць распазнаваць інтэр’еры спачатку здзівіла саміх распрацоўшчыкаў. Падчас тэставання ён загрузіў сэлфі сваёй дзяўчыны ў ваннай, а сістэма пазначыла Сан-Францыска. Пасля гэтага ён праверыў яе на здымках з Zillow: паводле яго, у дзевяці выпадках з дзесяці сістэма правільна вызначала горад.
Гэта не азначае, што Raven можа знайсці любы дом у свеце. Частку функцый выкарыстоўваюць мадэлі, падрыхтаваныя для канкрэтных гарадоў. Напрыклад, паліцыя Маямі-Дэйд атрымала мадэль, навучаную спецыяльна для гэтай акругі.
Airbnb заявіла, што не супрацоўнічае з Graylark і забараняе аўтаматызаваны збор даных са свайго сайта. Платформа выдаляе геаметкі з фота і раскрывае адрас жылля госцю толькі пасля пацвярджэння браніравання. Zillow таксама паведаміла, што такі збор даных парушае яе правілы.
Практычныя вынікі сэрвісу пакуль больш сціплыя за рэкламу. Прадстаўнік офіса шэрыфа Маямі-Дэйд раней паведаміў 404 Media, што выкарыстанне інструмента заставалася пераважна эксперыментальным і не прывяло да істотных прарываў у расследаваннях або арыштаў.
Спачатку сэрвіс быў даступны амаль любому ахвотнаму. Але журналісты выявілі ў супольнасці карыстальнікаў просьбы дапамагчы сачыць за жанчынамі. Пасля звароту 404 Media за каментаром кампанія абмежавала доступ дзяржаўнымі структурамі і карпаратыўнымі кліентамі.
Каментары
па памерах пакоя можна вызначыць праект будынку. А там ужо мянты нагамі ўсе кватэры аббегаюць.