Грамадства88

Вярнуцца ў Беларусь плануюць 42%. Што паказала даследаванне беларусаў замежжа

Апублікавалі вынікі апытання беларусаў замежжа і тых, хто ўнутры краіны. Як выглядае тыповы эмігрант? Хто больш можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі — тыя, хто застаўся, ці тыя, хто з'ехаў? Публікуем самае цікавае.

З 3 па 30 кастрычніка 2022 года Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне» правялі анлайн-даследаванне беларусаў замежжа. Быў апытаны 1631 рэспандэнт за межамі Беларусі і 1267 чалавек унутры краіны. 

Беларусы замежжа — хто яны?

Тыповы прадстаўнік беларускай дыяспары — гэта хутчэй мужчына, якому 30-35 гадоў, з вышэйшай адукацыяй і даходам вышэйшым за сярэдні. У 2021—2022 гадах ён пакінуў Беларусь па палітычных матывах і цяпер жыве ў Польшчы.

«У цэлым беларускую дыяспару можна ахарактарызаваць як маладую, адукаваную і нядрэнна забяспечаную, якая пакінула Беларусь з меркаванняў бяспекі», — адзначаецца ў даследаванні.

Пераважная большасць беларускай дыяспары — гэта людзі з вышэйшай адукацыяй (73,5% рэспандэнтаў). Яшчэ 12,8% маюць адукацыю пасля ВНУ.

  • Большасць беларусаў замежжа — маладзейшыя за 40 гадоў (77% ад усіх апытаных).
  • Доля мужчын і жанчын сярод актыўнай часткі беларусаў замежжа размяркоўваецца як 53,2% і 46,2% адпаведна (пры адказе на пытанне пра пол 0,6% абралі варыянт «іншае»).
  • Палова беларусаў за мяжой працуе па найме ў прыватным сектары, яшчэ практычна 20% вызначаюць сябе як фрылансеры (варыянт — самазаняты, ІП).

Большая частка прадстаўнікоў беларускай дыяспары мае параўнальна высокія заробкі: 12% маюць вельмі высокія даходы; 33,5% валодаюць сродкамі, дастатковымі для куплі аўтамабіля; 27,8% могуць свабодна дазволіць сабе дарагія пакупкі.

Топ краін для пераезду — Польшча, Грузія і Літва

Тры краіны, дзе знаходзіцца найбольш актыўных беларусаў, — Польшча (45%), Грузія (10,1%) і Літва (8,4%). На чацвёртым месцы — Германія (6,4%).

Цікава, што найбольшую долю беларусаў у дыяспарах Старой Еўропы (Германія, Францыя, Англія і г.д.), Новага Свету (ЗША, Канада, Аўстралія і г.д.) і Расіі складаюць людзі, якія пакінулі Беларусь да 2015 года. На другім месцы — тыя, хто прыехаў у перыяд паміж 2015 і 2019 гадамі.

У Польшчы (як у іншых еўрапейскіх краінах, якія не ўваходзяць у Старую Еўропу) максімальнае папаўненне беларускай дыяспары адбылося ў 2021 годзе (адпаведныя даныя за 2022-гі — крыху ніжэйшыя). У грузінскай і літоўскай дыяспарах найбольшае папаўненне, згодна з апытаннем, адбылося ў 2022 годзе.

Ці вернуцца беларусы на радзіму?

42,1% беларусаў замежжа плануюць вярнуцца ў Беларусь, 35,6% цяжка адказаць на гэта пытанне. Не плануюць вяртацца 25,3%.

Асноўная перашкода — рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Скрыншот сумеснага даследавання Цэнтра новых ідэй і «Народнага апытання»

«Але гэта адказы ў фармаце «тут і цяпер». Калі ж глядзець на размеркаванне адказаў у часавым разрэзе, у прыватнасці скрозь прызму розных хваляў эміграцыі, то становіцца відавочным просты факт: чым даўжэй чалавек знаходзіцца нават у вымушанай эміграцыі, тым слабейшыя яго ўстаноўкі на вяртанне на радзіму», — дзеляцца назіраннямі аўтары даследавання.

З’ехаўшыя і тыя, хто застаўся, — палярна розныя?

Важнай задачай даследавання было вызначыць, наколькі адрозніваюцца (і ці адрозніваюцца) па ключавых пытаннях меркаванні беларусаў па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Для разумення сітуацыі можна параўнаць адказы на адны і тыя ж пытанні, якія даюць беларусы замежжа і беларусы ўнутры краіны.

Адно з пытанняў — хто цяпер мае больш магчымасцяў уздзейнічаць на сітуацыю ў Беларусі. Найбольш распаўсюджаным адказам з’яўляецца дастаткова аптымістычны варыянт: «і тыя, і іншыя». Сярод беларусаў, якія з’ехалі, такі варыянт выбрала амаль палова рэспандэнтаў (49,6%), а сярод тых, хто застаўся ў краіне, — траціна (33,6%).

На другім месцы песімістычнае: «ніхто не мае такой магчымасці». Яго часцей выбіралі беларусы ўнутры краіны (26,9%), сярод дыяспары такая ацэнка менш распаўсюджаная (16,4%).

На трэцім месцы — надзея на беларусаў замежжа. Прычым яе ўзровень вышэй унутры краіны, чым за мяжой (22,4% супраць 14,5%).

«У цэлым, і дыяспара, і беларусы ўнутры краіны разумеюць, што ўздзейнічаць на рэжым і дасягаць мэт пратэсту можна толькі сумеснымі намаганнямі. У той жа час для беларусаў унутры краіны больш характэрныя песімістычныя настроі, якія падводзяць іх да надзеі на дыяспару як на галоўнага актара ў абароне сваіх інтарэсаў і магчымым пазітыўным развіцці сітуацыі ў краіне», — падсумоўваецца ў публікацыі.

Адзін з блокаў пытанняў, накіраваных на параўнанне меркаванняў дзвюх груп беларусаў, складаўся са сцвярджэнняў, з якімі рэспандэнты выказвалі сваю згоду або нязгоду.

«У беларусаў за мяжой скажонае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і пра настроі беларусаў»? Беларуская дыяспара часцей лічыць свае ўяўленні разбежнымі з уяўленнямі беларусаў унутры краіны (43,5%), чым беларусы ўнутры краіны (35,1%).

Таксама падчас даследавання прагучала і дыскусійнае пытанне аб пратэстах у сучаснай рэчаіснасці. Рэспандэнтам прапанавалі выказаць сваё меркаванне да сцвярджэння «Беларусы за мяжой чакаюць ад беларусаў унутры краіны больш пратэснай дзейнасці, чым тыя могуць рэалізаваць».

«Распачатая вайна паміж Расіяй і Украінай, безумоўна, абвастрыла сітуацыю ў Беларусі. Міжнародная супольнасць, а разам з ёй і беларуская дыяспара за мяжой, для падтрымання наратыва аб адрозненні беларускага народа і рэжыму Лукашэнкі стала патрабаваць ад беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне, больш актыўных дзеянняў па супрацьстаянні беларускаму рэжыму, які падтрымаў расійскую агрэсію. Гэты ціск адчулі як беларусы ўнутры краіны, так і дыяспара», — пішуць аўтары апытання.

Таму і беларусы ўнутры краіны (59,8%), і сама дыяспара (50%) згодныя, што ад беларусаў унутры краіны чакаюць большага, чым тыя могуць рэалізаваць.

Ці дыскрымінуюць беларусаў у іншых краінах?

Пачатак ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны паслужыў падставай для прадузятых адносін не толькі да расіян, але і да беларусаў. Выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для наступу расійскіх войскаў на Украіну ў вачах абывацеля ў пэўнай ступені выраўнавала расіян і беларусаў у статусе агрэсараў.

Адносная даўнасць падзей беларускага пратэсту 2020 года, а таксама адсутнасць значных поспехаў гэтага руху ў наступным, прывялі да пэўнага інфармацыйнага зліцця рэжыму Лукашэнкі і беларускага народа.

«Аналіз атрыманых даных гаворыць пра тое, што элементы дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце адзначаюцца, аднак яны не маюць сістэмнага характару, а сама выява беларусаў не тоесная выяве агрэсара ў вайне на тэрыторыі Украіны. У той жа час вайна значна адбілася на іміджы беларусаў і прывяла да развіцця пэўных форм прадузятага да іх стаўлення», — адзначаюць сацыёлагі.

Паводле «Народнага апытання», 39,4% беларусаў у эміграцыі пасля пачатку вайны сутыкнуліся з прадузятым стаўленнем з прычыны свайго паходжання, сярод іх знаёмых з дыскрымінацыяй сутыкнуліся 57,9%.

Найбольш распаўсюджанымі формамі дыскрымінацыі, на якія звярнулі ўвагу рэспандэнты, былі абразы (16,5%) і пагрозы (4,1%) падчас стасункаў у інтэрнэце, адмова абслугоўвання ў банках (11,7%), абразы ў асабістых стасунках з боку незнаёмых людзей (10,6%), а таксама адмовы ў здачы жылля (6, 4%).

Амаль кожны 10-ты беларус ведае пра выпадкі наўмыснага псавання маёмасці і адмовы ў прыёме на працу ў асяроддзі сваіх знаёмых.

«У якасці праблемных абласцей далейшага вывучэння дыскрымінацыі беларусаў варта звярнуць увагу на дыскрымінацыю беларусаў у Грузіі і на Каўказе ў цэлым, на працу банкаўскай сферы ў краінах Паўднёвай Еўропы, а таксама выпадкі псавання маёмасці беларусаў у краінах Скандынавіі», — пішуць даследчыкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Працоўны
    20.01.2023
    Тут не улічваюцца тысячы працоўных якія губляюць працу з-за сваей нацыянальнасці, губляюць жытло, іх высяляюць з хостэлаў каб вызваліць месцы украінцам. Я спачуваю украіне але пра гэтых беларусаў ніхто не думае, не памятае і не аказвае дапамогі ні юрэдычнай ні фінансавай.
  • снупа-кек
    20.01.2023
    не, не планую. няма там чаго рабіць бліжэйшыя год 50. у мяне адно жыцце.
  • Пожалуй
    20.01.2023
    Примерно соответствует. Сын уже врядли вернется в постлукашенковскую Беларусь, а вот дочка очень надеюсь. Хотя и он, и она успешно выглядят на фоне жителей страны пребывания. Вносят свой вклад в ввп тех стран, а могли бы здесь.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп абвесціў вайну еменскім хусітам6

У злітай размове сілавікі абмяркоўваюць, як адсочваюць людзей па лакацыі мабільнага тэлефона. Надзейна схавацца з ім складана27

«Не пойдзе на карысць прусаку». МЗС Украіны адрэагаваў на словы Лукашэнкі пра Зяленскага20

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду15

З якога ўзросту пачынаюцца першыя збоі ў працы мозгу і як іх запаволіць? Вучоныя далі адказ1

Украіна правяла паспяховае выпрабаванне сваёй новай ракеты «Доўгі Нептун»2

Марзалюк пра адносіны з жонкай: Хаджу на задніх лапах11

Меркель: Трамп зачараваны пуцінскай Расіяй11

Загінуў 22-гадовы беларус Аляксандр «Лыч» Серада, які ваяваў за Украіну22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць