Андрэй Зайцаў скончыў першую ступень швейцарскага тэхнікума. Ён расказаў Радыё Свабода, колькі каштуе такая адукацыя, ці шмат часу займае вучоба і наколькі больш ён зможа зарабляць пасля яе.

Падручнік на 800 старонак па-нямецку
Андрэй Зайцаў ужо больш за два гады апрацоўвае медыцынскія інструменты пасля аперацый у шпіталі. Робіць гэта ў буйной нямецкай фірме ў Швейцарыя. Па адукацыі ён настаўнік геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры, а таксама менеджар турыстычнай арганізацыі. Нядаўна скончыў першую ступень тэхнічнага навучання для дарослых у швейцарскім Люцэрн — у тым ліку каб больш зарабляць.
Андрэю 42 гады. У Швейцарыя ён жыве амаль чатыры гады. У Беларусі працаваў у школе і менеджарам продажаў. Але пацвердзіць беларускі дыплом у Швейцарыі вельмі складана, заўважае ён. Пасля пераезду некалькі месяцаў працаваў памочнікам садоўніка.
На цяперашнюю працу ўзялі дзякуючы знаёмству, прызнаецца ён, без вопыту ў гэтай галіне і з дрэнным узроўнем нямецкай мовы. Але цяпер працуе ўжо «нядрэнна», з яго слоў: «у мяне ўсё ў парадку з якасцю».

«Інструменты трэба падрыхтаваць, разабраць, сабраць, памыць, прадэзінфікаваць, прастэрылізаваць. Гэта даволі працяглы цыкл на 6—8 гадзін», — расказвае Андрэй Зайцаў.
Сёлета ў красавіку Зайцаў скончыў першую ступень швейцарскага тэхнічнага навучання ў апрацоўцы інструментаў. Усяго ступеняў тры.
«Для мяне гэтая першая ступень параўнальная з універсітэтам у Беларусі», — адзначае ён.
На першай ступені Андрэй вучыўся паўгода, але не ўвесь час: усяго па тры дні ў месяц, астатні час хадзіў на працу. Аднак перад тым, як пайсці ў гэтую школу, ён яшчэ паўгода вывучаў спецыялізаваную медыцынскую тэрміналогію, каб разумець, пра што будуць гаварыць на занятках.
«Каб прачытаць адну старонку кнігі, мне трэба было патраціць мінімум гадзіну», — тлумачыць суразмоўца.
Узровень яго нямецкай мовы яшчэ не надта добры, заўважае Андрэй. Ён вучыў нямецкую мову з нуля, калі прыехаў у Швейцарыя. Цяпер валодае ёю прыкладна на ўзроўні B1.
Больш за 8 тысяч еўра за паўгода
У выніку беларус рыхтаваўся да экзамену першай ступені амаль год. Іспыт складаўся з пісьмовага тэсту і вуснай часткі. Андрэй кажа, што здаў іх на 4,9 і 5,4 бала адпаведна. Найвышэйшая ацэнка ў гэтай сістэме — шэсць. З дваццаці чалавек яго групы тэст не здалі чатыры.
«Я не ўяўляў, што будзе, калі я не здам іспыт. Бо пачынаць усё нанова ў мяне не было сіл. Сілы скончыліся за тыдзень перад іспытам. Я ўжо не мог вучыцца фізічна. Толькі разгортваў падручнік — мяне кідала ў паніку, мне нават фізічна было балюча. Апошні тыдзень я не вучыў. Падрыхтоўка заняла год. Я не меў адпачынкаў, не быў у гарах амаль год, хоць мне да гор рукой падаць», — успамінае суразмоўца.

На вучобу Зайцава накіраваў працадаўца, бо ён зацікаўлены ў адукаваных супрацоўніках, кажа Андрэй. Каб туды трапіць, не трэба здаваць экзамены або ўдзельнічаць у конкурсе, тлумачыць беларус. Патрэбныя толькі згода, жаданне вучыцца і ўзровень B1 валодання нямецкай мовай.
Гэта навучанне каштуе каля 8750 еўра. Аднак для Андрэя яно было бясплатным, бо ўсё аплаціла яго кампанія. Дадатковых патрабаванняў да яго як іншаземца не было.
Андрэй кажа, што пайшоў вучыцца, бо гэта магчымасць больш зарабляць і таму што ён любіць вучыцца. Ён адчувае, што яго прафесійны ўзровень моцна вырас, бо цяпер лепш разумее тэарэтычную базу. Цяпер можа працаваць з дакументамі, чаго не было раней.
Да пачатку навучання заробак беларуса складаў каля 5500 еўра з улікам працы ў другую змену і ў некаторыя выхадныя. Цяпер ён павялічыўся прыкладна на 270 еўра. Пасля ўсіх неабходных тратаў у яго застаецца «свабодных» каля 1500 еўра. Пасля наступнай ступені навучання, паводле яго падлікаў, будзе заставацца 2000.
Суразмоўца дадае, што пры гэтым пра ўласнае жыллё ў Швейцарыя ён не думае, бо гэта вельмі дорага.
Зайцаў плануе вучыцца і далей. Перад гэтым хоча падцягнуць нямецкую мову. Пасля другой ступені чалавек ужо можа працаваць начальнікам змены, пасля трэцяй — кіраўніком арганізацыі. Перад трэцяй ступенню яму яшчэ неабходна атрымаць агульную швейцарскую адукацыю — яна займае год, па адным дні на тыдзень. Атрымаць сертыфікат аб завяршэнні тэхнічнай адукацыі ён можа пасля пяці гадоў стажу ў гэтай галіне.
«Неабавязкова атрымліваць адукацыю»
Тры ступені адукацыі дарослых па паўгода можна прыраўняць да трох гадоў тэхнічнай адукацыі, якую атрымліваюць падлеткі пасля школы, тлумачыць беларус. Тыя падлеткі, якія пасля школы выбіраюць тэхнікум, вучацца там тры гады, але толькі адзін дзень у тыдзень, а чатыры дні ходзяць на працу. Зарабляюць у гэты час 900—1100 еўра. Калі атрымаюць тэхнічную адукацыю, могуць мець заробак па 4—5 тысяч еўра.
Суразмоўца звяртае ўвагу, што ў дзяцінстве ў швейцарскай школе вучыцца лягчэй, чым у Беларусі. Яго васьмігадовы сын ходзіць у другую класу пачатковай школы, і бацька не робіць з ім хатняе заданне, бо няма такой патрэбы. У шостай класе адбываецца падзел на тых, хто будзе больш вывучаць акадэмічныя навукі, і тых, хто больш любіць працаваць рукамі — яны потым атрымліваюць тэхнічную адукацыю. Паводле Зайцава, каля 80% швейцарцаў паступаюць на тэхнічныя спецыяльнасці.
У Швейцарыя іншае стаўленне да адукацыі, чым у Беларусі, параўноўвае краіны Андрэй Зайцаў.
«Каб у Швейцарыі добра жыць, каб табе ўсяго хапала, чалавеку не абавязкова атрымліваць вышэйшую адукацыю. Калі чалавек працуе амаль на любой працы, напрыклад прадаўцом у краме, яму будзе дастаткова для жыцця. Электрык можа зарабляць 9 тысяч еўра. Але праграміст або доктар зарабляюць вельмі добра. Сярэдні заробак доктара — 20 тысяч еўра. Ці гэта варта таго, каб вучыцца? Хтосьці кажа, што варта. Але гэта супервельмі складана», — адзначае Андрэй.

Пры гэтым дыпломы ў Швейцарыя вельмі цэняцца, бо паказваюць, што чалавек здольны і хоча вучыцца, заўважае суразмоўца. Яму, імаверна, аддадуць перавагу пры прыёме на працу.
«У Швейцарыі, калі чалавек хоча вучыцца, ён можа вучыцца вельмі доўга», — дзеліцца вопытам Андрэй Зайцаў.
Супрацоўнікаў у розных арганізацыях звычайна не хапае, паўсюль патрэбныя людзі, кажа беларус. Таму, паводле яго, жыхары Швейцарыі не надта трымаюцца за працу, могуць памяняць яе ў любым узросце, нават пасля 20 гадоў стажу ў адным месцы. Людзі могуць перавучвацца на кожным этапе. Сістэма адукацыйных курсаў для дарослых добра развітая.
«Каб пайсці працаваць прыбіральшчыкам у гатэлі, ты можаш прайсці некалькі курсаў, атрымаць некалькі сертыфікатаў. Можна, вядома, і без сертыфікатаў працаваць. Але з той прычыны, што шмат людзей гатовыя перавучвацца, ёсць вялізны рынак працы. Працаўнікі сцякаюцца сюды з іншых краін Еўропы, бо ў Швейцарыі заробкі істотна большыя, сістэма адукацыі супервельмі развітая», — тлумачыць імігрант.
На яго думку, адукацыя для дарослых у Швейцарыя адрозніваецца ад паслядыпломнай адукацыі і курсаў павышэння кваліфікацыі ў Беларусі.
«Тут больш складаны шлях, які больш паглыбляецца ў прафесію. У Швейцарыі пасля кожнай прыступкі навучання ты атрымліваеш большы заробак. Гэта патрабаванне ад наглядных органаў. Яны патрабуюць ад арганізацый, каб у пэўнага працэнта супрацоўнікаў была профільная адукацыя», — заўважае Андрэй Зайцаў.
Каментары