У праваслаўнай парафіі на поўдні Польшчы царкоўная ўрачыстасць ператварылася ва ўслаўленне Расіі. З пратэстам выступілі лемкі
Арганізацыя «Згуртаванне лемкаў», якая дзейнічае ў Польшчы, выступіла з заявай, у якой рэзка асудзіла падзею, якая нядаўна адбылася ў вёсцы Гладышаў у Малапольскім ваяводстве. Там падчас урачыстасці ў мясцовай праваслаўнай царкве арганізацыя «Саюз казакоў» перадала ёй у падарунак звон з сімволікай Расійскай імперыі.

У заяве арганізацыі лемкаў падкрэсліваецца, што гэта падзея выглядала як адкрытая дэманстрацыя імперскай і вайсковай сімволікі Расіі. Тым больш што на фотаздымках з мерапрыемства бачныя людзі ў строях, падобных да расійскіх імперскіх мундзіраў, а таксама з георгіеўскімі стужкамі, якія сёння асацыююцца з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.

Падкрэсліваецца, што для многіх лемкаў гэтая сітуацыя стала балючай і непрымальнай. Яны лічаць, што іх родны край не павінен быць месцам для распаўсюджвання сімволікі дзяржавы, якая гістарычна ўспрымаецца як прыгнятальнік і крыніца рэпрэсій у рэгіёне.

Аўтары заявы асобна падкрэсліваюць, што лемкаўская супольнасць не мае нічога агульнага з такімі дзеяннямі і не хоча, каб яе выкарыстоўвалі для прасоўвання прарасійскіх ідэй.

Асаблівае абурэнне выклікала тое, што на будаўніцтва гэтай царквы раней сярод лемкаў збіралі грошы пад лозунгамі адзінства і падтрымкі, а ў выніку гэта месца выкарысталі для мерапрыемства з выразным палітычным падтэкстам.

Згуртаванне лемкаў запатрабавала выразна адмовіцца ад выкарыстання расійскай імперскай сімволікі і ад дзейнасці арганізацый, якія яе прапагандуюць. Лемкі заяўляюць, што выступаюць за годнасць, свабоду і права народаў жыць без гвалту і імперскага ціску.

Лемкі — гэта ўсходнеславянская этнаграфічная група, якая гістарычна жыла ў Карпатах на сумежжы сучасных Польшчы, Славакіі і Украіны. Сёння яны расселены па розных краінах, але захоўваюць сваю ўнікальную культуру.
Большасць даследчыкаў лічаць лемкаў часткай украінскай нацыі (аўтахтонным украінскім насельніцтвам Прыкарпацця). Самі ж яны часта вызначаюць сябе ці як асобны народ, ці як этнічную групу ўкраінцаў. Іх гаворка належыць да паўднёва-заходніх дыялектаў украінскай мовы з моцным уплывам польскай і славацкай моў.
Паводле веравызнання лемкі традыцыйна ці грэка-католікі (уніяты), ці праваслаўныя. Яны вядомыя таксама сваёй самабытнай драўлянай архітэктурай (асабліва трохкупальнымі цэрквамі), унікальным народным адзеннем, песнямі і майстэрствам разьбы па дрэве.
Пасля Другой сусветнай вайны лемкі былі гвалтоўна выселеныя са сваіх родных карпацкіх земляў. Частка іх была дэпартаваная ва ўжо падсавецкую Украіну, а астатнія ў 1947 годзе ў межах польскай вайсковай аперацыі «Вісла» былі дэпартаваныя з родных мясцін у паўночныя і заходнія рэгіёны Польшчы, прытым з мэтай асіміляцыі сяліліся не кампактна, а свядома рассейваліся. Тым не менш, знішчыць гэтую групу да канца не ўдалося, яна ператрывала цяжкія часы і захавалася да сёння.
Сёння найбуйнейшыя супольнасці лемкаў жывуць у Польшчы, Украіне, Славакіі, а таксама ў ЗША і Канадзе, дзе яны актыўна праводзяць фестывалі (напрыклад, «Лемкаўская ватра») для захавання сваіх традыцый.
Вёска Гладышаў уваходзіла ў гістарычны абшар рассялення лемкаў, да Другой сусветнай вайны яны тут складалі абсалютную большасць насельніцтва. Падчас аперацыі «Вісла» мясцовыя жыхары таксама былі выселеныя, але пасля частка іх змагла вярнуцца, дзякуючы чаму тут цяпер і захоўваецца лемкаўская культура і праваслаўная парафія.

Беларускі прыхільнік «рускага свету» ледзь не выступіў на канферэнцыі ў Літве. Яго выкраслілі ў апошні момант
Пад Мінскам хочуць пабудаваць царкву ў выглядзе велізарнага звона з цыбулінай
Кіраўнік БПЦ Веніямін сустрэўся з прапаведнікам Грэмам, на сустрэчы прысутнічаў сектазнаўца
Адзіная польская ліцэістка, якая здавала выпускны экзамен па лемкаўскай мове ФОТА
Каментары