Вырасла колькасць выпадкаў хваробы Лайма пасля ўкусу кляшчоў. У якіх раёнах лютуюць кляшчы
Сёлета выпадкі хваробы Лайма назіраліся ў 79 раёнах, клешчавога энцэфаліту — у 31.

Станам на 1 жніўня зарэгістравана каля 100 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і больш за 950 выпадкаў хваробы Лайма. Сёлета паказчыкі захворвання клешчавым энцэфалітам засталіся на ўзроўні мінулага года, а захворванняў хваробай Лайма стала болей у 1,4 разу, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Выпадкі клешчавога энцэфаліту зафіксавалі ў 31 раёне. У Смаргонскім і Валожынскім раёнах было па 2 выпадкі ў кожным, дзе інфекцыя трапіла харчовым шляхам пасля ўжывання казінага малака. У некалькіх раёнах Брэсцкай (4) і Гродзенскай (3) вобласці, на якіх размяшчаецца нацыянальны парк «Белавежская пушча», колькасць выпадкаў клешчавога энцэфаліту традыцыйна вышэйшая за сярэднерэспубліканскі ўзровень.
Выпадкі хваробы Лайма назіраліся ў 79 раёнах.
Станам на 1 жніўня ў арганізацыі аховы здароўя з нагоды ўкусу кляшча звярнулася каля 18 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 5,5 тысячы дзяцей. Гэта на 6% ніжэй, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Больш за ўсё зваротаў адзначана сярод жыхароў сталіцы і Гродзенскай вобласці, а найменшая колькасць тых, хто звярнуўся — у Мінскай і Гомельскай вобласці. Часцей кляшчоў «падбіралі» на дачных участках і ў сельскай мясцовасці (40,6%), а таксама пры наведванні тэрыторыі лесу (34,4%), радзей — на тэрыторыі жылой забудовы гарадоў (11,5%).
У цэлым колькасць кляшчоў засталася на ўзроўні мінулага года.
Самай эфектыўнай мерай прафілактыкі «клешчавых інфекцый» з'яўляецца прадухіленне кантакту з кляшчом, а ў выпадку ўкусу — хуткае і правільнае яго выдаленне са скуры, з апрацоўкай месца ўкусу спіртазмяшчальным сродкам.
Выкарыстоўвайце рэпеленты і кожную гадзіну, пры знаходжанні ў лесе, аглядайце сваю вопратку і адкрытыя ўчасткі цела для выяўлення і зняцця кляшчоў.
Ужывайце ў ежу казінае малако толькі пасля 2-3 хвілін кіпячэння.
Пры выяўленні кляшча, які прысмактаўся, яго неабходна зняць са скуры і як мага хутчэй звярнуцца да ўчастковага доктара (тэрапеўта, педыятра) або доктара-інфекцыяніста ў паліклініку па месцы жыхарства, які прызначыць прафілактычнае лячэнне і, пры неабходнасці, медыцынскае назіранне. Звярнуцца да доктара варта ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу.
Калі вы хочаце аднесці кляшча на даследаванне, то змясціце яго ў кантэйнер, які шчыльна закрываецца; можна пакласці кавалачак ваты (тканіны), змочанай вадой, або 1-2 травінкі. Захоўваць кантэйнер да адпраўкі ў лабараторыю неабходна ў халадзільніку.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
пакуль на вашу бяду яшчэ жыва)
ужо пасля ўкусу выпадкова заўважыла ў магазіне - ёсць наборы для выдалення кляшча. там нейкая прылада і маленечкі (з каўпачок) кантэйнер. можа прыдасца каму