Літаратура

Гузы, хмеры і брудныя хмеры: кніга пра беларускіх дыназаўраў

Гэта гісторыя, якую можна чытаць самім, а можна разам з дзецьмі. Пра кнігу, якая летась перамагла ў конкурсе рукапісаў «Шуфлядка» і ўдзельнічае ў сёлетняй прэміі Гедройця, расказвае Зося Лугавая. 

«Легенда аб забраным сэрцы» — кніга-загадка, з якога боку ні паглядзі. Загадкавы аўтар, напрошваецца версія пра псеўданім. Загадкавы тэкст, які быццам бы для дзяцей альбо падлеткаў, але чытаеш дарослымі вачыма і разумееш: у ім столькі падтэкстаў. 

«Гэтая несправядлівасць і паўсюдная няпраўда такія відавочныя!.. Як так магло стацца? Што мы можам зрабіць? Што я магу зрабіць супраць гэтай несправядлівасці? З аднаго боку, я мушу памятаць і перадаваць іншым сакрэты і старыя таямніцы, але для гэтага трэба выжыць. А каб выжыць, трэба прыстасавацца да несправядлівасці. Ці магу я прыстасавацца да гэтай несправядлівасці?»

Як адказаць на такія пытанні? Ці маюць яны адназначныя адказы? Ці будуць яны адрознівацца, калі адказваць на іх абстрактна і калі — пра сябе саму ці самога? Ці будуць яны рознымі ў эміграцыі і на сваёй зямлі?

У кнізе прынамсі некалькі вось такіх «недзіцячых» фрагментаў. І спачатку гэта выклікае непаразуменне: для каго ўвогуле гэтая кніга? Ці думаў аўтар пра патэнцыйнага чытача і якім ён яго ўяўляў? На каго разлічаная кніга пра дыназаўраў, але з экзістэнцыйнымі развагамі і няпростымі пытаннямі?

Пасля пэўных роздумаў, я назаву гэтую кнігу сямейнай або кнігай для сумеснага чытання. На ёй стаіць пазнака 10+, але нават у такім узросце не ўсё ў ёй можа быць зразумела. Адначасова невялічкая кніга з такой пазнакай наўрад ці сама сабою зацікавіць дарослага чытача. Таму мне падаецца, што менавіта пры сумесным чытанні яна можа спрацаваць найбольш эфектыўна. Яна дае магчымасць пагаварыць з дзецьмі пра тое, што адбываецца з нашай краінай і людзьмі (і тымі, якія цяпер унутры, і тымі, якія за яе межамі), але не рабіць гэтага «ў лоб». 

Гэта лаканічны тэкст, дзеянне ў якім пачынаецца ў сучассі. Бацька і двое дзяцей рэгулярна ладзяць экспедыцыі ў закінуты кар’ер, які месціцца побач з іх вёскай. І калі малодшага Кастуся вабяць «сур’ёзныя» рэчы (уяўныя парэшткі іншапланетных монстраў ці аскепкі касмічных караблёў), то старэйшая Стася ўжо добра разбіраецца ў мінералах і збірае сваю калекцыю. Але самы апантаны ў іх камандзе — бацька, якога дзеці іранічна называюць Капітанам. Суседзі таксама не надта разумеюць гэтага захаплення дарослага чалавека — не як у нармальных людзей. Але бацька, відавочна, летуценнік і рамантык. І аднойчы ён знаходзіць ружовы крышталь, які натхняе яго ці то прыдумаць, ці то прыгадаць легенду аб забраным сэрцы. Пра дыназаўраў.

Згодна з легендай, на тым месцы, дзе яны цяпер жывуць, было мора і выспа. На выспе жылі дыназаўры, якія самі сябе называлі гузамі. Яны жылі па сваіх законах, пакуль літаральна з-пад зямлі не прыйшлі іншыя істоты — хмеры, якія таксама быццам бы дыназаўры, але значна меншыя памерам. Пры гэтым хмеры агрэсіўныя і нахабныя, маюць брыдкія галасы і гучна вішчаць. Але яшчэ больш цікавыя персанажы — брудныя хмеры. Насамрэч, гэта гузы, якія ўдаюць з сябе хмераў і намагаюцца ім дагадзіць. Каб быць знешне падобнымі да хмераў, яны абмазваюцца вулканічнай сажай, але дажджы хутка ператвараюць чорную сажу ў брудныя разводы. Таму гэтых гузаў-падхалімаў называюць бруднымі хмерамі. 

Найбольшай каштоўнасцю для гузаў былі камяні, а знайсці свой камень было важным этапам станаўлення гуза як асобы. І менавіта камяні хмеры забаранілі: гузам іх нельга было збіраць, да іх нельга было дакранацца, пра камяні нельга было нават гаварыць. Але малады гуз Джа нічога не мог з сабой зрабіць: камяні неадольна вабілі яго. Вакол Джа і яго пошукаў свайго каменя і разгортваюцца падзеі.

«Так было, пакуль не прыйшлі хмеры са сваіх нор. Гузы да апошняга спадзяваліся адстаяць сваю праўду мірна, таму не ўсе ўзялі ўдзел у Бітве каля Змяіных слупоў. Тым часам загінулі найлепшыя, а нам, пераможаным, забаранілі памятаць… нязгодных загналі ў Слізкія норы, а адтуль, як вядома, ніхто не вяртаецца. Так яны пасялілі страх у нашых сэрцах і прымусілі жыць у няпраўдзе».

У Слізкіх норах, якія ёсць аналагам вязніцы ў гэтым свеце дыназаўраў, апынуўся і бацька Джа. Сваякі і маці не гавораць з сынам пра бацьку, а той прагне хоць штосьці даведацца пра яго. У пэўны момант ён сустракае таго, хто расказвае яму і пра старэйшага Джа, і пра ролю камянёў у жыцці гузаў. 

Для чаго аўтару спатрэбіліся дыназаўры? Таму што дыстанцыя дазваляе пабачыць лепш. На дыстанцыі мы бачым галоўнае больш выразна. Драбяза губляецца, а сутнасць застаецца. Пра гэта кажа адзін з герояў напрыканцы кнігі:

«У гісторыі не хапіла б месца на ўсё, таму застаецца толькі самае незвычайнае, адзначанае выключным учынкам аднаго героя або неймавернай справай многіх. Хіба камяні памятаюць усё, але ж бачыце, якія яны ўпартыя маўчуны. Вось ці будзе што згадаць пра нас праз стагоддзі, не кажучы пра мільёны гадоў… Таму важна не прапусціць свой час і знайсці свой камень». 

Адначасова гэтая дыстанцыя падкрэслівае: нічога новага на зямлі не адбываецца. Мы ходзім аднымі і тымі ж сцежкамі. І, магчыма, будзем хадзіць надалей, пакуль не навучымся, не зразумеем, не пабачым галоўнага. Дарэчы, гузы ўрэшце абудзіліся, адчулі сваю моц.

Вядома, кнігу можна прачытаць проста як прыгоды юнага дыназаўра, які паспрабаваў змагацца з несправядлівасцю. Але самае прыгожае і глыбокае ў гэтай кнізе ідзе паралельна з прыгодамі. Мяне ў маёй вымушанай эміграцыі, напрыклад, больш за ўсё закранулі вось такія радкі: 

«Што змянілася пасля таго, як ты трапіў сюды? Усё тое самае, толькі ты не мусіш марыць пра тое, што марыў раней. А там не засталося нічога, што ты любіў. Нічога ад твайго дрэва і мясцін, дзе ты быў шчаслівы…»

Хочацца верыць, што гэта не так. І мы вернемся. 

Джа — вярнуўся.

Эліяш Барт. Джа. Легенда аб забраным сэрцы. — Кракаў: Гутэнберг, 2023. Ілюстрацыі Багдана Даўгялы

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці4

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці

Усе навіны →
Усе навіны

Інфармацыя пра вызваленне Валянціна Стэфановіча не пацвярджаецца3

Лукашэнка даў інтэрв'ю жонцы Джона Коўла9

Алесь Бяляцкі расказаў, што ад яго патрабавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён адмовіўся ВІДЭА

Алесь Бяляцкі: Мяне праз усю Беларусь правезлі з завязанымі вачыма ВІДЭА4

«Пачуццё неймавернага шчасця». З'явілася вялікае ВІДЭА з вызваленымі беларускімі палітвязнямі5

Алесь Бяляцкі прыбыў у Вільню1

Прэс-сакратар МЗС Польшчы: Пачобут адмовіўся звяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб вызваленні9

Украіна даставіць вызваленых палітвязняў у краіны Еўрасаюза2

Ціханоўская: Лукашэнка ў апошні момант усё перайграў і змяніў маршрут выезду палітвязняў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці4

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць