У ЗША рыхтуюцца да перамоў аб скарачэнні амерыканскага кантынгенту ў Еўропе
Злучаныя Штаты могуць пачаць перамовы з еўрапейскімі саюзнікамі аб скарачэнні амерыканскага вайсковага кантынгенту ў Еўропе ў канцы гэтага года. Пра гэта 16 мая заявіў пасол ЗША пры НАТА Мэцью Уітакер, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Адказваючы на пытанне, ці разглядае адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа магчымасць вываду войскаў з Еўропы, Уітакер сказаў, што «нічога не вырашана».
«Але як толькі мы прымем пастанову, мы пачнём гэтыя перамовы ў рамках НАТА. Гэта будзе, безумоўна, пасля саміту [у Гаазе], дзесьці ў канцы года, мы пачнем гэтыя перамовы… Усе нашы саюзнікі гатовыя да гэтага», — дадаў ён.
Уітакер сказаў, што ЗША абмяркуюць з саюзнікамі любыя змены ў колькасці войскаў, каб пазбегнуць прабелаў у бяспецы.
«Гэта больш чым 30-гадовае жаданне ЗША [скараціць войскі ў Еўропе], прэзідэнт Трамп проста сказаў: дастаткова, гэта будзе зроблена, і гэта будзе зроблена цяпер, гэта будзе зроблена ўпарадкавана, але мы не будзем больш трываць прамаруджванне ў гэтай сітуацыі… Нам проста трэба прапрацаваць практычныя наступствы», — адзначыў пасол.
Пры гэтым ён запэўніў, што «Злучаныя Штаты застануцца ў гэтым альянсе, і мы будзем вялікім сябрам і вялікім саюзнікам».
Амерыканскія вайскоўцы маюць на кантыненце больш за 100 тысяч вайскоўцаў, але кіраўнік Пентагона Піт Хегсет раней казаў еўрапейскім калегам, што яны не павінны лічыць, што прысутнасць Злучаных Штатаў будзе доўжыцца вечна.
У красавіку СМІ паведамлялі, што ў Міністэрстве абароны ЗША разглядаюць прапанову вывесці з Еўропы да 10 тысяч вайскоўцаў.
Каментары