Францыя пабудуе супертурму ў джунглях. Раней на гэтым месцы была катаржная калонія
Згодна з планамі, турма ў джунглях будзе разлічана на 500 сур'ёзных злачынцаў, уключаючы асабліва ахоўную зону для прыкладна 60 наркабаронаў і крыло для ісламісцкіх тэрарыстаў.

У канцы мінулага тыдня міністр юстыцыі Францыі Жэральд Дарманен абвясціў аб пачатку будаўніцтва новай турмы, якая размесціцца ў Французскай Гвіяне — заморскай тэрыторыі Францыі ў паўночна-ўсходняй частцы Паўднёвай Амерыкі, у джунглях Амазоніі, піша Bild.
Новая турма размесціцца ў цяжкадаступнай зоне трапічных лясоў каля горада Сэн-Ларан-дзю-Мароні за 300 кіламетраў ад сталіцы Французскай Гвіяны Каены на месцы былой французскай катаржнай калоніі, якая праславілася дзякуючы фільму «Матылёк» («Papillon», 1973, 2017).
У часы Другой імперыі (з 1850 па 1938 гады) гэтая тэрыторыя была сапраўдным кашмарам для дзясяткаў тысяч зняволеных, большасць з якіх гінулі ад хвароб, гвалту ці безнадзейнасці. Цяпер тут зноў ствараецца месца для ўтрымання асабліва небяспечных злачынцаў.

Паводле планаў, турма зможа змясціць 500 чалавек, у тым ліку асабліва ахоўны блок для 60 наркабаронаў і асобны адсек для ісламісцкіх тэрарыстаў. Кошт праекта ацэньваецца ў 400 мільёнаў еўра. Галоўная мэта, па словах Дарманена, — нейтралізаваць найбольш небяспечных наркагандляроў, пазбавіўшы іх магчымасці падтрымліваць сувязь з крымінальнымі сеткамі.
Выбар месца выклікае змрочныя асацыяцыі: у мінулым катаржныя калоніі Французскай Гвіяны славіліся жорсткай ізаляцыяй і высокай смяротнасцю.
Адзін з найстарэйшых і ўплывовых французскіх прафсаюзаў CGT (Confédération Générale du Travail, Усеагульная канфедэрацыя працы) выступіў супраць праекта, заявіўшы, што ў абавязкі Гвіяны не ўваходзіць прыём злачынцаў і тэрарыстаў з мацерыковай Францыі.
Retour sur #France2 sur le nécessaire quartier de haute sécurité contre les narcotrafiquants qui sévissent en Guyane et aux Antilles. pic.twitter.com/gGIJjaqjde
У адказ Дарманен падкрэсліў, што жыхарам заморскіх тэрыторый неабходна гарантаваць належны ўзровень бяспекі.
Французская Гвіяна — важны перавалачны пункт у міжнародным гандлі какаінам. Як частка Францыі і Еўрасаюза, яна служыць варотамі для наркотыкаў з Паўднёвай Амерыкі. Паліцыя б'е трывогу: усё больш кур'ераў, так званых «бодыпакераў», перавозяць какаін праз аэрапорт Каены «Фелікс Эбуэ» ў Парыж. Існуючыя турмы перапоўнены.

«Турма ў джунглях павінна стаць месцам, дзе верхаводы наркагандлю будуць цалкам адрэзаныя ад сваіх сетак», — заявіў Дарманен. Новы аб'ект закліканы не толькі ізаляваць злачынцаў, але і аднавіць кантроль над сітуацыяй у рэгіёне, дзе крымінальныя групоўкі ўсё часцей выходзяць з-пад кантролю ўлад.
Адкрыццё турмы, якая зойме дзясяткі гектараў каля ракі Мароні побач з мяжой Сурынамам, запланавана на 2028 год.
Каментары