У ЗША незадаволены напаў на шэсце ў падтрымку ізраільскіх закладнікаў у Газе
У амерыканскім штаце Каларада, у горадзе Боўлдэр, чалавек па імені Махамед Сабры Сулейман з воклічамі «Свабоду Палесціне!» кінуў бутэлькі з гаручай вадкасцю ва ўдзельнікаў шэсця ў падтрымку ізраільскіх закладнікаў у Газе. Апёкі атрымалі шэсць чалавек, піша Бі-бі-сі.

ФБР, якая агучыла імя затрыманага, заявіла, што разглядае гэта злачынства як меркаваны тэракт. Спецыяльны агент ФБР Марк Міхалек паведаміў на прэс-канферэнцыі, што затрыманаму, Махамеду Сабры Сулейману, 45 гадоў.
Кіраўнік паліцыі Боўлдэра Стывен Рэдферн раней паведаміў журналістам, што некаторыя з пацярпелых атрымалі сур’ёзныя апёкі. Яны былі шпіталізаваныя. Узрост пацярпелых — ад 67 да 88 гадоў.
Кіраўніца ФБР Кэш Патэл адразу заявіла, што гаворка ідзе пра мэтанакіраваны тэракт, але Рэдферн сказаў журналістам, што пра матывы затрыманага пакуль гаварыць рана. Паводле слоў Марка Міхалека, Сулейман, кідаючы бутэлькі з падпаленымі кнотамі ў пажылых удзельнікаў шэсця, выкрыкваў: «Свабоду Палесціне!»
Міністр замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар назваў гэта здарэнне праявай «чыстага антысемітызму».
«Прыгнечаны жудасным антысеміцкім тэрактам супраць яўрэяў у Боўлдэры. Гэта чысты антысемітызм, падсілкаваны крывавымі паклёпамі, якія распаўсюджваюць медыя», — напісаў міністр Саар у сетцы X.
Пасол Ізраіля ў ААН Дані Данон назваў здарэнне тэрарызмам.
Падчас затрымання Сабры яшчэ былі ў яго руках дзве такія бутэлькі з кнотамі з чырвонай тканіны.
Нападзенню ў Боулдэры падвергліся пажылыя ўдзельнікі руху «Бег за іх жыцці» (Run for Their Lives).
Гэты рух, заснаваны ізраільцянамі, што жывуць у Каліфорніі, цяпер, паводле інфармацыі на яго сайце, складаецца з 230 самастойных мясцовых груп, пераважна ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе.
Гэтыя групы ладзяць штотыднёвыя забегі, шэсці або прагулкі, мэта якіх — паказаць, што пра ізраільскіх закладнікаў у Газе не забыліся, і зноў і зноў заклікаць да іх вызвалення.
На гэтыя прагулкі ўдзельнікі выходзяць у чырвоных футболках і з сцягамі тых краін, грамадзяне якіх дагэтуль застаюцца ў палоне ў сектары Газы.
Напад на групу «Бег за іх жыцці» ў Боўлдэры стаў трэцім за два месяцы гучным здарэннем з антысеміцкім або антыізраільскім падтэкстам.
Каментары