У Кобрыне капітальны рамонт зрабілі так, што пасля дажджу ўсё пацякло
Дом знаходзіцца па вуліцы Дзяржынскага, 30/1. Завяршыць работы планавалі 30 мая, але напярэдадні прайшоў дождж, і жыхары пабачылі вынік працы будаўнікоў, заўважыла «Люстэрка».

Вада працякала над і пад вокнамі, сцены былі мокрыя, у кватэрах — лужыны на падлозе і шпалеры, якія абрываліся. На кухні вада цякла са столі проста ў тазікі і каструлі.
Адна з жыхарак апублікавала відэа ў тыктоку, дзе паказала наступствы. Яна напісала, што кожная кватэра заплаціла за рамонт каля 3 000 рублёў.
Замоўцам рамонту была «Кобрынская ЖКГ», а асноўным падрадчыкам — «Палессежылбуд». Пасля інцыдэнту на месца прыехалі прадстаўнікі гэтых арганізацый і чыноўнікі, каб ацаніць сітуацыю і пагаварыць з жыхарамі.
Аказалася, што будаўнікі не закрылі адзін з участкаў даху, таму вада і трапіла ў кватэры.
Усе пашкоджанні будуць ліквідаваныя за кошт вінаватай арганізацыі. З кожным жыхаром складзеныя акты агляду, пасля высыхання сцен будуць вызначаць, што менавіта трэба рамантаваць — колькі квадратных метраў столі, шпалераў і г. д.
Работы абяцаюць выканаць у поўным аб’ёме, а вінаватых пакараюць.
Каментары