З 1 па 17 верасня ў Беларусь з Расіі была дастаўленая буйная партыя боепрыпасаў з арсеналаў Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ на артылерыйскія базы Міністэрства абароны Беларусі, даведалася Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, пастаўкі не былі звязаны з сумеснымі стратэгічнымі вучэннямі «Захад-2025».

Па стане на 17 верасня ў Беларусь прыбылі як мінімум два вайсковыя эшалоны, якія перавозілі выключна выбуховыя матэрыялы.
Першы эшалон адправіўся са станцыі Бутыліцы ва Уладзімірскай вобласці на станцыю Асіповічы-I і складаўся з 11 вагонаў:
- 1 крыты вагон для праваднікоў;
- 5 паўвагонаў-прыкрыццяў (пустыя вагоны, што выкарыстоўваюцца для аховы грузу);
- 5 крытых вагонаў з выбуховымі матэрыяламі.
Агульная маса выбуховых матэрыялаў ацэньваецца прыкладна ў 275—300 тон. Перасячэнне дзяржаўнай мяжы Расіі і Беларусі адбылося праз міждзяржаўны стыкавы пункт Красное (Расія) — Асінаўка (Беларусь). Адпраўнікам быў 2161‑ы цэнтральны арсенал (вайсковая часць 96570), а атрымальнікам у Асіповічах — 1405‑я артылерыйская база боепрыпасаў (вайсковая часць 42707).

Другі эшалон адправіўся са станцыі Кужэнкіна ў Цвярской вобласці на станцыю Цэнтралiт, што на заходняй ускраіне Гомеля, і складаўся з 20 вагонаў:
- 1 крыты вагон для праваднікоў;
- 14 крытых вагонаў з выбуховымі матэрыяламі;
- 5 паўвагонаў з выбуховымі матэрыяламі (звычайна там перавозяцца кантэйнеры з ракетным узбраеннем).
Агульная маса груза ацэньваецца прыкладна ў 1 000—1 070 тон. Перасячэнне дзяржаўнай мяжы Расіі і Беларусі рабілася праз міждзяржаўны стыкавы пункт Завярэжжа — Езярышча. Адпраўнікам быў 93‑ці арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ (вайсковая часць 55443-ТД), атрымальнікам на станцыі Цэнтралiт — 1393‑ці артылерыйскі склад боепрыпасаў (вайсковая часць 52208).
Паводле папярэдняй інфармацыі, у найбліжэйшы час могуць адбыцца новыя адпраўкі на гэтыя артылерыйскія базы Міністэрства абароны Беларусі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
ў іх там часта гараць арсеналы
а ў Беларусі пакуль ціха.
Са сваіх спецсховаў іх вязуць толькі
а) на ўтылізацыю
б) бліжэй да месца выкарыстання, да месца планаваных баявых дзеянняў.
Утылізоўваць расійскія снарады і ракеты тысячамі тон ў Беларусі няма магчымасці і няма сэнсу.
Перамяшчэнне канкрэтных снарадаў і ракет паказвае дзе і якія запланаваныя баявыя дзеі.
Супрацьпаветраную абарону NATO ў Польшчы, Германіі, Эстоніі ўжо пратэставалі.