На вуліцы Карла Маркса ў Мінску прадаюць яркую сталінку. Квадрат каштуе больш за $4400
У трохпавярховым доме на шэсць кватэр на вуліцы Карла Маркса прадаюць сталінку з яркім рамонтам. У інтэр'еры аб’ядналі рэтра-стыль і сучасныя дэталі. У спальні ёсць сцяна, дзе пакінулі гістарычную мураванку, а ў зале — сцяна, дзе захавалі аўтэнтычную афарбоўку.

Кватэра размешчана на другім паверсе трохпавярховага дома на Карла Маркса, 9. Гэта каля скрыжавання вуліц Маркса і Валадарскага, піша Realt.by.
На першым паверсе ў гэтым доме працуе рэстаран Michel. У кватэры, як і належыць сталінцы, трохметровыя столі. Агульная плошча — 55 метраў, з якіх 42 — жылыя. Плошча кухні — 7 квадратаў. Усе пакоі, уключаючы кухню, раздзельныя. У адным абсталяваная спальня, у другім — гасцёўня. Прадавец кажа, што пасля рамонту ў кватэры ніхто не жыў.
Падлога з натуральнай дошкі. Сцены, у асноўным, у нейтральным колеры. Яркія глыбокія колеры мэблі, тэкстылю і розных элементаў інтэр'еру — на кантрасце. Уваходныя дзверы сіняга колеру, ліштвы і дзвярныя адкосы — смарагдавыя.

Кухня аддзеленая ад гасцінай шкляной перагародкай. Кухонныя фасады выкананыя з натуральнага дрэва і пафарбаваныя ў чырвона-малінавы колер.

Санвузел сумешчаны. Пастаўлена ванна і падключаная пральная машына. Пры рамонце захавалі акно паміж санвузлом і кухняй.

У спальні стаіць ложак-куб з вуаллю, два крэслы і шафа.

Каштуе гэтая двухпакаёвая кватэра ў сталінцы 244 999 даляраў, метр — 4 448 даляраў.
Каментары