«Дзіда трапіла яму ў грудзі». Падчас прадстаўлення ў Лідзе смяротна паранілі каня
У рэдакцыю выдання «Анлайнер» звярнулася чытачка і расказала, што стала сведкай вельмі непрыемнага інцыдэнту на Дні горада ў Лідзе.

«Падчас аднаго з шоу, што праходзіла ў сценах Лідскага замка, дзіда трапіла проста ў грудзі каня. Нягледзячы на такую жудасную траўму, выступленне працягвалася, а жывёліна нейкі час проста стаяла з гэтай дзідай у грудзях — бачыць гэта было невыносна. Праз некалькі дзён мы даведаліся, што конь памёр», — расказала Вікторыя (імя зменена па просьбе гераіні) і дадала, што вырашыла апублічыць гэту гісторыю, каб прадухіліць яе паўтарэнне пасля.
Журналісты даведаліся падрабязнасці інцыдэнту, а таксама звярнуліся па каментары да дырэктара Лідскага замка і ўладальніка жывёлы.
«І вось уявіце, карціна: конь стаіць з дзідай у грудной клетцы»
Інцыдэнт, па словах чытачкі, адбыўся яшчэ 13 верасня падчас правядзення Дня горада ў Лідзе. У той дзень дзяўчына спецыяльна прыехала са сваім хлопцам на фестываль.
«Мы прыйшлі ў замкавы двор у раёне чацвёртай гадзіны дня: там павінна было пачацца конна-трукавое выступленне, — расказала Вікторыя. — Купілі квіткі, прыйшлі, селі. Людзей было вельмі шмат: чалавек са сто, калі не больш, у тым ліку дзеці».

Вось як апісаў гэтае мерапрыемства Лідскі замак на сваёй старонцы ў інстаграме:
«Адным з самых яркіх момантаў дня сталі конна-трукавыя выступленні клуба «Залатая шпора». Шэсць коннікаў у гістарычных касцюмах прадставілі гасцям замка тры гумарыстычныя сцэны, якія былі напоўненыя дынамікай, грацыяй і добрай іроніяй. Гледачы шчодра дзякавалі артыстам гучнымі апладысментамі, а дзеці глядзелі на коней і акцёраў з непадробным захапленнем, бо перад імі паўсталі героі з сапраўдных рыцарскіх балад».
«Усяго было чатыры нумары, — кажа суразмоўца. — Спачатку ўсё выглядала бяспечна, пакуль не пачаўся нумар з мячамі: на вострых штырах былі нанізаныя качаны капусты — вершнік разганяўся і мячом рассякаў іх. Усё гэта адбывалася за пару метраў ад маленькай агароджы, за якой стаялі гледачы, у тым ліку дзеці. Мячы з лёгкасцю разразалі капусту, што здавалася небяспечным.
Далей ішоў нумар з дзідай. Прыкметна было, што яна вострая, не падобная да імітацыі. Сутнасць была такая: па арэне скакалі коннікі на конях і спрабавалі ўсадзіць дзіду ў драўляны шчыт, які размяшчаўся вельмі блізка да агароджы. Усе спробы ў асноўным былі няўдалымі: дзіда пастаянна адскоквала ад паверхні шчыта. Адзін раз яна паляцела ў незразумелым кірунку, другі ці трэці трапіла ў нагу каня іншага вершніка, а пасля ледзь не прыляцела ў залу да гледачоў. Відаць было, што дзіды адскокваюць, але коннікі працягвалі іх кідаць.
У нейкі момант пры чарговай такой спробе дзіда адскочыла і трапіла проста ў грудзі каня. І вось уявіце, карціна: конь стаіць з дзідай у грудной клетцы, людзі пачынаюць крычаць, вершнік пачынае адводзіць параненую жывёліну за будынак унутры панадворка, а шоу, нягледзячы на ўсё гэта, працягваецца».
Далей, па словах чытачкі, сярод гледачоў узнікла некаторае замяшанне, хтосьці не змог даглядзець шоу да канца і пайшоў.
«Я была ў шоку ад убачанага, не магла стрымаць слёз. Мне хацелася ўсё гэта спыніць, таму я пабегла шукаць хоць кагосьці. Звярнулася спачатку да супрацоўніцы замка, якая адкрывала гэтае мерапрыемства, а пасля да нас падышла яшчэ і білецёрка. Я ім усё расказала і папрасіла неяк паўплываць на сітуацыю. Усе выглядалі разгубленымі. Далей супрацоўніца замка, паколькі не было ветдоктара, паклікала медыкаў са звычайнай хуткай, якія хутка прыбеглі, але былі збянтэжаныя, што рабіць з канём».
Пасля дзяўчыне, па яе словах, прапанавалі вярнуцца і даглядзець прадстаўленне. Следам павінен быў адбыцца паказ калекцыі сукенак XIV-XVI стагоддзяў, частка якіх з'яўлялася экспазіцыяй Лідскага замка.
«Думаю, усё гэта бачылі і дзяўчынкі з мадэльнай школы Ads models, але, на жаль, ні ў нас з хлопцам, ні ў іх не было відэа самога інцыдэнту. Прайшло недзе каля гадзіны, пакуль я змагла супакоіцца. Да таго моманту мы пайшлі з замкавага двара і што далей было з жывёлінай, я не бачыла.
Увечары, калі вярнулася дадому, пачала пісаць у сацсетках усім, каму магчыма, у тым ліку і дырэктару замка, і ў «Залатую шпору», і дзяўчынкам з мадэльнага агенцтва. Таксама скінула ў тыкток відэа з мерапрыемства, каб знайсці хоць кагосьці, хто быў у той дзень там. І мне праз нейкі час напісаў ананімны чалавек і паведаміў, што ў той жа дзень конь загінуў. […]
Ведаеце, мерапрыемства, дзе на тваіх вачах конь атрымлівае дзіду ў грудзі, выклікае ў мяне шокавыя ўспаміны. Мне хацелася апублічыць гэту гісторыю, каб надалей прадухіліць вось такія вось выпадкі, дзе ёсць пагроза як для жывёл, так і для людзей — яны стаялі літаральна за два метры ад агароджы, і невядома, куды наогул магла прыляцець дзіда».
«Для нас гэта вялікая трагедыя»
Журналісты паспрабавалі разабрацца, наколькі сур'ёзнай была траўма каня, ці была яму аказаная своечасовая дапамога і ці ёсць нейкія нормы для правядзення падобных шоу ў шматлюдных месцах, паколькі дзяўчыне некаторыя нумары здаліся небяспечнымі.
У конна-спартыўным клубе «Залатая шпора», куды яны звярнуліся па каментар, гібель жывёліны пацвердзілі, але падрабязнасці расказваць не сталі.
— Для нас гэта вялікая трагедыя. Мы выступаем больш за 20 гадоў, ніколі такога не было, і прадказаць такое, на жаль, немагчыма. Усе магчымыя меры былі прынятыя максімальна хутка, ветэрынар прыехаў нават з Мінска. Больш нічога не магу сказаць, — расказаў дырэктар клуба Павел Калінкоў.
— Ці праўда, што першапачаткова давялося звяртацца да дактароў хуткай дапамогі, паколькі побач не было ветэрынара?
— У такой сітуацыі важна звярнуцца да любога прафесіянала, які можа дапамагчы, таму што мы знайшлі ветэрынара і ў Мінску, і ў Гродзенскай вобласці. Выбачайце, калі ласка, больш каментароў даць не магу, для нас гэта вялікая трагедыя.

Таксама журналісты патэлефанавалі дырэктарцы Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталлі Хацяновіч.
— Тое, што адбылося, для нас трагічна, але з нагоды гібелі ўсе пытанні [задавайце] уладальніку жывёліны. Мы шкадуем, што падчас выступлення адбыўся такі інцыдэнт.
— Больш падрабязна можаце пра гэта расказаць?
— Я сама не была сведкай інцыдэнту, мне складана пра гэта казаць.
— Кажуць, на мерапрыемстве не было ветдоктара і яго давялося чакаць з Мінска.
— Ветдоктар прыехаў хутка.
— Але ад Мінска да Ліды гадзіны з дзве ехаць.
— У гэтым выпадку лекар прыехаў хутка і была аказаная ўся неабходная дапамога, — расказала Наталля Хацяновіч, адмовіўшыся ад далейшых каментароў.
Зоаабаронца: «Падобныя выпадкі не павінны заставацца па-за ўвагай»
Інцыдэнт таксама папрасілі пракаментаваць кіраўніцу Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Аксану Давыдзенку. Вось на што яна звяртае ўвагу:
«Гэтая сітуацыя патрабуе адказу на шэраг пытанняў, адрасаваных як арганізатарам мерапрыемства, так і кантрольным органам.
Па-першае, калі мерапрыемства носіць культурна-відовішчны характар, гаворка ідзе пра прамое парушэнне заканадаўства ў сферы культуры, якое прадпісвае арганізатару гарантаваць бяспеку ўсіх удзельнікаў і захаванасць іх маёмасці. Чаму арганізатары не гарантавалі бяспеку жывёліны? І чаму мерапрыемства не было неадкладна спынена пасля нанясення траўмы жывёліне, як патрабуе Кодэкс аб культуры?
Па-другое, выклікае сур'ёзныя пытанні рэквізіт, выкарыстаны для прадстаўлення. Чаму для відовішчнасці выкарыстоўваліся прадметы, якія з'яўляюцца функцыянальнай імітацыяй зброі і здольныя наносіць рэальныя, сур'ёзныя раненні? Ці дапушчальна ў прынцыпе ўжываць падобныя небяспечныя аб'екты ў непасрэднай блізкасці ад людзей і жывёл?
Мы разумеем, што ўладальнікі жывёліны наўрад ці будуць ініцыяваць супраць сябе адміністрацыйны працэс. Тым не менш, падобныя выпадкі не павінны заставацца па-за ўвагай, інакш гэта стварае небяспечны прэцэдэнт, які ставіць пад пагрозу здароўе і жыцці не толькі жывёл».
Каментары