Грамадства1313

«Уплываць на тых, хто там, мы можам і тут». Дзмітрый Семчанка — пра свой дэбют на «Белсаце» з новым праектам

З былым палітвязнем і журналістам АНТ, экс-кіраўніком так званага прэзідэнцкага пулу АНТ Дзмітрыем Семчанкам пагаварыў «Белсат». Семчанка паразважаў, ці можа журналіст уплываць на гістарычныя падзеі і чаму не ўдалося перадухіліць таго, што адбылося, а таксама распавёў аб праграме «Дэкодар», якая выйдзе ў эфір «Белсату» 5 верасня.

Былы палітвязень і тэлевядоўца Дзмітрый Семчанка ў цэнтры Варшавы напярэдадні запуску сваёй праграмы на тэлеканале «Белсат». Варшава, Польшча. 3 верасня 2026 года. Фота: Белсат

Дзмітрый Семчанка: — Ну вось, у суботу, 5 верасня, я ўпершыню «засвячуся» на «Белсаце» са сваім «Дэкодарам»…

«Людзі змогуць бачыць навіны голенькімі — без прапагандысцкіх наратываў»

«Белсат»: — «Дэкодар» з Семчанкам — гэта працяг «Антыфэйку», які ты рабіў на АНТ?

— Зусім не. Назва гаворыць сама за сябе. «Дэкодар» — гэта расшыфроўка навінаў, таго, што застаецца незаўважным, між радкоў. Людзі цэлы тыдзень чытаюць навіны, але не заўжды разумеюць, пра што вядзецца і што насамрэч адбываецца. Бо калі пэўныя палітыкі ці дзеячы нешта кажуць, то гэта не азначае, што іх трэба разумець літаральна. Усё важнае часта схаванае і закадаванае. І таму «Дэкодар» прэпаруе навіны тыдня, як патолагаанатам. І паказвае, што ў іх усярэдзіне.

— Прывядзеш прыклад?

— Я пакуль не ведаю канкрэтных тэмаў, бо ўсё будзе адбывацца ў жывым эфіры. Але зараз… На гэтым тыдні старшыня Гомельскага аблвыканкаму абвясціў суботнік. Нібыта нічога новага — вядомая савецкая прыдумка. Раней суботнікі ладзіліся раз на год — у красавіку. З людзей збіралі даніну, а дзяржава зарабляла мільёны долараў. Проста так. Але ў 2025 годзе яна вырашыла правесці яшчэ два суботнікі. Незаўважна, але на іх яна зарабіла ў 4 разы больш, чым раней. І цяпер тое самае вырашылі рабіць рэгіянальныя ўлады. Людзі выходзяць і бясплатна працуюць. На Гомельшчыне — «каб зарабіць на рамонт Мазырскай радзільні». Але ж Мазыр — і так багаты горад, там НПЗ, які добра зарабляе на дэфіцыце паліва ў РФ і мог бы выдаткаваць суму на радзільню. Але ж не — мусяць працаваць настаўніцы, дактары ды іншыя бюджэтнікі. Пры гэтым у нас больш за 2,5 мільярда рублёў выдаткоўваецца на міліцыю. Гэта больш, чым на ўсю адукацыю…

І вось: я пачынаю з гэтага суботніку і паказваю, як гэта адбіваецца на людзях. Кажу, што ў пэўны момант іх прымусяць працаваць бясплатна не толькі раз ці два на год, а, можа быць, штомесяц. І так паціху людзей ператвараюць у рабоў, у бясплатную працоўную сілу…

— Людзям сёння патрэбныя такія прэпараваныя навіны?

— Людзі патрабуюць інфармацыйнага фаст-фуду. Хочуць, каб навіны былі як з «Хутка смачна». А я хачу зрабіць для іх малекулярную інфармацыйную кухню. Не фаст-фуд! «Дэкодар» будзе адрознівацца ад усяго, што сёння прапануецца. Бо гэта будзе разабраная на малекулы ежа. Людзі змогуць бачыць гэтыя навіны голенькімі — без усялякіх прапагандысцкіх ды іншых наратываў. Я даю ім гэтую смачную ежу. Яе няшмат, але ў ёй ёсць усё патрэбнае. Чалавек увогуле можа не сачыць за навінамі цягам тыдня і не перагружаць сябе — проста ў суботу паглядзець «Дэкодар» на «Белсаце» і атрымаць поўную інфармацыю.

Былы палітвязень і тэлевядоўца Дзмітрый Семчанка. Варшава, Польшча. 3 верасня 2026 года. Фота: Белсат

— Колькі будзе працягвацца праграма?

— Усяго 15 хвілінаў. Але гэта не падкаст і не дайджэст. Гэта канцэнтрат. У 15 хвілінаў я змяшчаю ўвесь тыдзень. Усе навіны звязваю ланцужкамі ў адно цэлае, збіраю пазл — і чалавек бачыць усю карціну тыдня.

— Наколькі ведаю, ты паспрабуеш сябе і ў якасці вядоўцы «Студыі «Белсат»?

— Так, гэта класіка. Студыя мадэрнізуецца, абнаўляецца. І я буду весці вечаровыя эфіры на «Белсаце».

«Тады я вырашыў, што нашыя з Лукашэнкам інтарэсы супадаюць…»

— Дзіма, ты 12 гадоў аддаў тэлебачанню, 11 з іх — АНТ, прычым 6 гадоў — у так званым прэзідэнцкім пуле і…

— Я стаў працаваць у прэзідэнцкім пуле ў 2014-м, пасля падзеяў на Крыме і Данбасе. Бо ў той момант я вырашыў, што Лукашэнка не дасць зжэрці нас Расеі. Не таму, што ён патрыёт Беларусі, а таму, што проста ў гэты гістарычны момант не аддасць свайго крэсла. І я вырашыў, што ў нас супадаюць інтарэсы. У той момант, калі ў Расеі зноў прачнуўся імперскі апетыт, мне здавалася, што маё месца — у пуле, дзе я магу ўплываць на гістарычныя падзеі. І я думаю, так і было. Мяркую, я зрабіў там шмат для нашага нацыянальнага падмурку.

— І сёння, у вымушанай эміграцыі пасля трох гадоў турмы, ты працягваеш верыць, што ўплываў і будзеш уплываць на гістарычныя падзеі як журналіст? Такія задачы ставіш перад сабою?

— Так, і нават большыя. Бо цяпер яшчэ больш адкрываецца магчымасцяў. Лідары меркаванняў уплываюць на свядомасць людзей. І мы маем гэты шанец. Так, прапаганда працуе пасля 2020 года. Мяркую, увесь прафіт 2020‑га забрала Масква. Бо да 2020‑га каля АНТ стаялі машыны з налепкамі Пагоні. І я адкрыта казаў на тэлеканале, што мой герб — Пагоня. Я рабіў праграмы супраць імперскіх памкненняў Расеі. Я казаў, што яна нас у 1918 годзе захапіла, што Расея — гэта імперцы. Адкрыта рабіў праграмы пра БНР, пра Статут ВКЛ. А расейскія каналы называлі мяне беларускім русафобам і нацыяналістам яшчэ да таго, як гэта зрабілася мэйнстрымам. 2014-ы, 2015-ы, 2018‑ы — можаце паглядзець у інтэрнэце. Маўляў, гэты беларускі нацыяналіст ізноў распальвае варожасць да расіянаў. Але я распальваў варожасць не да іх, а да імперскіх памкненняў. І працягваю гэта рабіць. Для мяне нічога не змянілася.

— Але ў адным з інтэрв'ю ты казаў, што будучыню Беларусі робяць тыя, хто там. Ты — тут…

— Так, але ўплываць на тых, хто там, мы можам і тут.

— Упэўнены, што цябе пачуюць?

— Упэўнены, што пачуюць. Я атрымліваю шмат фідбэку. Мне пішуць людзі. Яны цяпер стараюцца захаваць свае жыцці і свабоду, таму не выказваюць думак публічна. Але гэтыя думкі ў іх ёсць, і яны ведаюць, з кім могуць імі падзяліцца. Мне піша шмат людзей, так было і да пасадкі. Пішуць у прыватныя паведамленні, даюць зваротную сувязь. І такіх людзей шмат.

«Лепш буду ў зэкаўскай робе, але не вазьму гэтага сораму на сэрца»

— А твае былыя калегі? Чакаеш ад іх фідбэку пасля таго, як «засвецішся» на «Белсаце»?

— Я пра гэта не думаю. Бо тыя, хто насамрэч блізка са мною працаваў, ведалі, што я сабой уяўляю. Ведалі пра маё стаўленне да Расеі і чаму я працую ў пуле. Калі на АНТ прыйшоў Марат Маркаў, мяне яму прэзентавалі так: «Дзмітрый, беларускі нацыяналіст». Хоць я сам сябе не называў так гучна — нацыяналістам. Хутчэй, нацыянальна арыентаваным чалавекам ці патрыётам, хоць гэтае слова ўжо дэвальвавалі ўсякімі «ябацінгамі».

Але я быў адкрыты і шчыры ў гэтым. І калегі ведалі пра маё стаўленне да беларускай мовы, гісторыі і культуры. У серады мы выходзілі ўжо на беларускай мове, і раніцу перавялі на беларускую мову, нават прэзідэнцкія сюжэты ў той момант я рабіў па-беларуску… І, натуральна, усе ведалі пра маё стаўленне да падзеяў 2020 года. І ніхто з маіх падначаленых у пуле, ніводзін чалавек, з кім я працаваў, нічога пра мяне не зрабіў. І я не разумею гэтую паталогію і хворасць Азаронка, які амаль кожны тыдзень рабіў пра мяне праграмы і пісаў, што «Семчанка мусіць сесці»…

— І Семчанка ў 2022 годзе сеў. Мяне ўразіла гісторыя, якую ты апавядаў раней. Ты быў ужо ў «Воўчых Норах», і на зону, у складзе тэлевізійнай групы, якая мелася зняць сюжэт пра палітвязняў, прыязджае твой колішні аператар, з якім вы зʼелі не адзін пуд солі. Вы сустракаецеся позіркамі…

— Галоўны аператыўнік прымушаў мяне даць інтэрв'ю. Пагражаў 411‑м артыкулам, шантажаваў сям'ёй, кідаў у ШІЗА… І вось прыехала здымачная група, менавіта АНТ. Мы стаім у калідоры з яшчэ адным журналістам незалежнага выдання. І яны ідуць — два аператары і начальнік здымачнай групы. Я ўжо не магу іх журналістамі называць, бо гэта не журналістыка, гэта ўжо праца на рэпрэсіўную сістэму. Дык вось — ідуць… А я пасля чарговага ШІЗА — худы такі, высахлы, шчокі запалыя. Ну бо з ШІЗА ты выходзіш як з Асвенцыму. Стаю ў гэтай робе, худы і лысы. А яны — адзін аднаму: «Гэта Дзіма?» — «Гэта ён, гэта Дзіма…»

І я тады кажу журналісту, які стаяў са мной: «Слухай, вось яны ідуць па калідоры і думаюць, што я зрабіў дрэнны выбар, што я памыліўся. Але калі б мне, які прайшоў праз гэтыя здзекі ды пакуты і страціў усё, прапанавалі б «Давай здымай гэтую робу зэкаўскую, бяры мікрафон і пішы інтэрв’ю з палітзняволенымі», я б адмовіўся. Лепш буду ў зэкаўскай робе, але не вазьму гэтага сораму на сэрца».

— Інтэрвʼю было?

— Не, яны не падышлі, не наважыліся. Запісалі іншых палітзняволеных — не мяне. І я потым так думаў, што мы ўжо былі ў розных сусветах. Яны выбралі свой шлях, я выбраў свой…

З дзвюма валізкамі праз два месяцы па вызваленні прыехаў у эміграцыю. І думаю, што я зрабіў правільна.

«Я быў PR-менеджарам дыктатара…»

— Як табе белсатаўская атмасфера? Яна іншая, чымся была там, на АНТ?

— Вайб той самы. Тэлебачанне ёсць тэлебачанне. Гэтая тэлевізійная магія — я яе заўжды адчуваю. І калі табе гэта падабаецца, то ніякі стрэс не спыніць. Калі гэта тваё, ты штораніцу паўстаеш, як фенікс, з попелу.

— Выглядаеш вельмі добра. Калі б я дакладна не ведаў, што ты тры гады адбыў за кратамі і на зоне, не паверыў бы. Няма праблемаў са здароўем?

— Не, хаця 14 зубоў прыйшлося лячыць. Я падтрымліваў сябе там, стараўся фізічна займацца кожны дзень, дзе б ні быў, нават у ШІЗА. Гэта мяне гартавала. Палітычным забаранялі на зоне цягаць штангі, трэніравацца, але дазвалялі браць удзел у спаборніцтвах. Дык я аднойчы перамог у станавай цязе. Падымаў 80‑кілаграмовую штангу і падняў больш за ўсіх. Нават у турэмную газету «Трудовой путь» трапіў як пераможца — не спраўдзілі там, што я «палітычны», і прапусцілі. А што датычыць псіхікі, дык зона дасюль сніцца. Быццам ізноў трапляеш туды і ніяк не можаш выйсці…

— Ці даводзіцца табе апраўдвацца перад калегамі, з якімі яшчэ не так даўно былі з розных бакоў барыкады?

— Ты ведаеш, я ніколі не думаў, што я з другога боку. У мяне ніколі не было такога парогу, што мы робім рознае. У мяне была канкрэтна справа — я працую на нацыянальную ідэю. Я з павагаю ставіўся да «Белсату», да «Нашай Нівы», бо там людзі таксама працуюць на нацыянальны падмурак. «Наша Ніва», напрыклад, падымала тэму пра казакоў і праваслаўных актывістаў, якія вывозілі дзяцей у лагеры — і я падхопліваў гэты сцяг і нёс далей. А калі не было часу зрабіць матэрыял пра «рускамірскі» Елізавецінскі манастыр, званіў Лукашуку на «Еўрарадыё» і дзяліўся інфармацыяй на гэтую тэму…

Былы палітвязень і тэлевядоўца Дзмітрый Семчанка. Варшава, Польшча. 3 верасня 2026 года. Фота: Белсат

— Але прэзідэнцкі пул — гэта як кляймо. Што скажаш людзям, якія дасюль лічаць цябе «прапагандонам» і гэтак далей?

— Хай лічаць, гэта іхнае меркаванне. Ведаеш, мы пра гэта размаўлялі яшчэ ў 2020 годзе з калегамі, з якімі я браў удзел у страйку на АНТ. Мы адмаўляліся рабіць сюжэты. Мне далі рабіць пра «Белгазпрамбанк», і я зрабіў яго так, што ім вельмі не спадабалася. Я адразу сказаў, што не назаву ў сюжэце ніводнага прозвішча, бо віна людзей не даказаная. Я казаў на нарадах: «Навошта вы брэшаце, навошта вы гэта робіце?» А яны: «Ну, мы ж цябе не прымушаем рабіць гэтыя сюжэты». Я кажу: «Я працую тут, і потым людзі будуць казаць, што ты лайно, ты там працаваў, ніхто не будзе разбірацца». Так потым і адбылося…

Але ў той момант там я бараніў беларускі нацыянальны падмурак. І для мяне нічога не змянілася. Я абараняю яго цяпер і тут, на «Белсаце». Раблю тое самае, што рабіў там.

Таму, ведаеш, калі мне кажуць «Ты там працаваў — ты гаўно», я нават не губляю часу, каб штосьці даказаць. Нікому нічога даказваць не буду. А галоўны мой суддзя — я сам. Я перфекцыяніст і вельмі загонны чалавек, які сам сябе вылупцуе і абвінаваціць нашмат больш, чым хтосьці чужы. З’ядаю сябе і не сплю начамі праз дробязі, праз думкі, што трэба было зрабіць інакш. Але ўжо не зробіш гэтага — не вернешся ў мінулае…

— «Я не ў белым паліто, я таксама вінаваты перад усімі людзьмі». Твае словы.

— Так. Вінаваты ў тым, што мы не прадухілілі таго, што адбылося. Я не змог, хоць заклікаў на нарадах штосьці рабіць, каб пачаўся нейкі дыялог з людзьмі… Можа, я занадта браў на сябе, думаючы, што магу ўплываць на сітуацыю, а ў выніку лёг прынцыпова на гэтую амбразуру? Я разумеў, што будзе адбывацца, але змяніць не змог. Бо, атрымліваецца, як бы я там ні казаў, што працаваў на нацыянальную ідэю, але ж я працаваў і на Лукашэнку. Працаваў на ягоны імідж, адбельваў яго, выразаў ягоныя фразы, чысціў, яшчэ штосьці. Я быў, па сутнасці, PR-менеджарам дыктатара. І ў гэтым мая віна…

Але калі хтосьці кажа яшчэ пра тое, што мяне трэба судзіць, то нагадаю: мяне ўжо шэсць разоў судзілі ў Беларусі з 2020 года. Таму не трэба мяне гэтым палохаць. Я нічога ўжо не баюся. «Губазікі» мяне душылі і збівалі, калі прымушалі выбачацца на камеру. Я казаў, што не хачу выбачацца перад імі, бо я зрабіў свой выбар. І, разумееш, гэты выбар мяне трымае. У мяне была мэта — рабіць беларускі падмурак. Яна і засталася. Нічога не змянілася. Я раблю і буду рабіць гэтую працу. Цяпер — на «Белсаце».

Каментары13

  • Неверагодны
    04.09.2026
    На каго ты з Белсата ўплываць сабраўся, сынку? Ці мы недаацэньваем папулярнасць твайго каналу праз міл'ёны праглядаў па спадарожніку Сірыюс Х?
  • Пінгпонг
    04.09.2026
    Слухайце, ну гэта ж відавочная хлусня, каб згуляць у "я заўсёды быў апазіцыянерам": "мне здавалася, што маё месца — у пуле, дзе я магу ўплываць на гістарычныя падзеі. І я думаю, так і было. Мяркую, я зрабіў там шмат для нашага нацыянальнага падмурку."
  • Кромвель вам в душу
    04.09.2026
    Почти все политэмигранты хотят лёгкого хлеба. Кого не ткни, то политолог, то блогер, то эксперт ( непонятно чего и в чем), то тележурналист. А что ж вы, братцы, за 30 лет революцию в стране не подготовили? Почему так бездарно все продули в 2020- ом? Теперь они нам вновь все будут объяснять. Но мне это не надо. Вы все в массе несерьёзные змагары, ыейковые. Из серьезных был Ленин и люди его эпохи.

Цяпер чытаюць

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах

Усе навіны →
Усе навіны

На беларускіх трасах штучны інтэлект пачаў шукаць ласёў. Як гэта працуе?1

Уіткаф і Кушнер могуць наведаць Маскву і Кіеў 5—6 верасня2

Расійскія стрымеры ідуць пешшу з Масквы ў Мінск, каб паціснуць руку Лукашэнку17

Начальнікам «Воўчых нораў» прызначылі афіцэра з калоніі ў Навасадах9

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»10

У Германіі перапахавалі імператара Атона I Вялікага, заснавальніка Святой Рымскай імперыі. Ён прызначыў першага каталіцкага епіскапа Русі, але місію знішчылі язычнікі14

Буданаў расказаў пра рэгулярныя размовы з Прыгожыным9

Бізнэсмен з Гродна ўзяў шэфства над зубрамі з Белавежскай пушчы

«Зразумела: выкладанне, відаць, занадта стрэсавае для мяне». Настаўніца з Беларусі вырашыла змяніць жыццё і стала сцюардэсай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць