Баркоўскі: Часам узнікае жаданне папрасіць Еўракамісію скараціць датацыі на незалежныя медыя
«Каб з незалежных рэдакцый прынамсі сышла пена».

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі выказаўся ў фэйсбуку наконт канфлікту Сяргея Ціханоўскага і СМІ. Ён лічыць, што незалежныя медыя ў «сістэмным крызісе» і ім варта скараціць фінансаванне.
Баркоўскі сфармуляваў некалькі заўваг. Ён лічыць, што медыя не прытрымліваюцца стандартаў і не праводзяць дастатковы фактчэкінг, выкарыстоўваюць «нізкую лексіку» і робяць безапеляцыйныя заявы.
Таксама Баркоўскі наракае, што СМІ пішуць пра Лукашэнку і чыноўнікаў больш, чым пра дэмакратычныя сілы.
«Нават незалежныя СМІ найбольшую ўвагу надзяляюць дзеянням і выказванням лукашэнкі і яго міністраў, бо, маўляў, ад гэтага найбольш залежыць жыццё звычайных беларусаў, у той час як дзейнасць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл падаецца пераважна праз прызму спрэчак і скандалаў. (…) У той жа час дзеянні дэмсіл асвятляюцца куды менш уважліва, нават калі дэманструюцца канкрэтныя вынікі, што ўплываюць на жыццё прынамсі дыяспаральных беларусаў, калі не шырэй.
Адныя СМІ выбіраюць сабе ўлюбёнцаў сярод палітыкаў і цытуюць іх да месца ці не да месца, ператвараючыся ў трыбуны ці тое Пазняка, ці тое Саннікава, іншыя намагаюцца не заўважаць нікога, апроч хіба Ціханоўскай, бо не заўважаць яе дзейнасць бадай цяжка.
Затое журналісты лепей за астатніх ведаюць, варта ці не варта, напрыклад, ісці на выбары ў Каардынацыйную раду і гатовыя самаўласна абвясціць ёй дыягназ і прысуд, разгойдваючы пытанне праз гісторыю з Мельнікавай і скандалы вакол інстытуцыі», — піша Баркоўскі.
Абураецца ён таксама выпадковымі медыязоркамі і некампетэнтнымі экспертамі, а таксама тым, што медыя ў якасці КРІ выкарыстоўваюць колькасць праглядаў і арыентуюцца на тое, што цікава людзям.
«Часам сапраўды ўзнікае жаданне папрасіць на ўзроўні Еўракамісіі скараціць датацыі медыя з тых 15 мільёнаў на год (з 30 агульных на беларускую грамадзянскую супольнасць), каб з незалежных рэдакцый прынамсі сышла пена і ў прафесіі засталіся збольшага прафесіяналы і сышлі выпадковыя людзі.
Можа, і сапраўды б такі дарвінізм пазітыўна адбіўся на культуры незалежнай журналістыкі, бо калі яе паасобныя матэрыялы пачынаюць параўноўваць з творамі беларускай прапаганды — гэта ўжо дыягназ сур'ёзнай хваробы», — прапануе Баркоўскі.
Каментары