«Гэтая хімічная атака ледзь не загубіла». У Гомелі масава скардзіліся на смурод у цэнтры горада
Увечары 3 верасня жыхары Гомеля ў сацсетках масава паведамлялі пра рэзкі непрыемны пах у розных частках горада, заўважыў «Флагшток». Гамельчукі скардзіліся на смурод у Валатаве, Старым Аэрадроме, у цэнтральнай частцы горада, у раёне вакзала.

Большасць каментароў былі іранічнымі:
«Бліжэй да 17.00 на Аэрадроме гэтая хімічная атака ледзь не загубіла наш офіс».
«Выйшлі з мужам з дому ў 17.30 і давай па чарзе падымаць ногі і разглядаць падэшвы абутку, думалі, што недзе ўляпаліся».
Асабліва моцным смурод быў у Валатаве, адзначылі карыстальнікі. Адзін з іх так патлумачыў гэтую з'яву:
«За Касцюкоўкай чысцяць канавы — вось і ідзе водар адтуль. У Касцюкоўцы ўвогуле няма чым дыхаць».
Іншы жыхар адзначыў, што за горадам палі ўгнойваюць — такая сітуацыя назіраецца штогод.
Выказалі і яшчэ адну версію:
«Гэта не гноем смярдзіць, гэта касцяным заводам, дзе перапрацоўваюць тушы жывёл. Ён знаходзіцца ў Бальшавіку. Уявіце, як нам, хто тут жыве».
Афіцыйных каментароў на гэтую тэму ад дзяржаўных органаў не было.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары