Культура22

Пасля скандалаў вакол няўдалых пастановак галоўнага балетмайстра Тэатра оперы і балета абвінавацілі ў плагіяце

Вакол Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі разгараецца чарговы скандал. Расійскі харэограф Алег Габышаў публічна абвінаваціў галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба ў прысваенні ідэі балета пра Марка Шагала. Пра гэта ён распавёў у інстаграме. 

Ігар Колб. Фота: Нацыянальны тэатр оперы і балета Беларусі

Паводле Габышава, паўтара года таму ён прапанаваў кіраўніцтву беларускага тэатра канцэпцыю балета пра Шагала. Ён асабіста прыязджаў у Мінск, сустракаўся з дырэктаркай Кацярынай Дулавай і Ігарам Колбам, а пасля прадставіў дэталёвае лібрэта і візуальныя эскізы.

«Паўтара года таму мне паведамілі: «Беларускі тэатр зацікаўлены ў ідэях. Вось нумар генеральнага дырэктара — абавязкова напішы!» Як харэограф, я, вядома, узрушыўся. Гэта шанец! Тым больш ведаю хлопцаў — таленавітых артыстаў, з якімі хацелася пасупрацоўнічаць. Пачаў абдумваць: што прапанаваць?

І вось, блукаючы па ідэях, асяніла: а што калі распавесці пра Марка Шагала? Геніяльнага мастака з Віцебска, чые карціны дыхаюць беларускай душой — палётамі закаханых, зялёнымі каровамі, скрыпачамі на дахах. Тэма сапраўднага кахання, творчага канфлікту і мастацтва — ідэальна для балета!

Уявіце: «Шагал: Палёт над горадам». У двух актах — ад нараджэння ў палаючым ад пажару Віцебску, ад пошуку сябе ў мастацтве, ад кахання з першага погляду з Бэлай (яго музай на ўсё жыццё), дзе таксама не ўсё так проста: ён бедны, яна з багатай сям'і, але сэрца перамагае. Да бітвы стыляў з Малевічам у рэвалюцыйным Віцебску. Каляровыя палотны ажываюць у танцы, супрэматычныя квадраты змагаюцца з паэтычнымі лініямі Шагала, а фінал — грандыёзны ўзлёт над радзімай пад беларускія матывы. А яго цудоўны плафон у Оперы Гарнье — гэта ж сапраўдны балет у балеце, які ажыў на столі! Кожны сектар — свой віхур колеру, свая мелодыя, свая гармонія і свая захапляльная гісторыя. Бессюжэтнае гранд-па («Гранд-па: Плафон»), якое лунае ў палёце.

Гэта цудоўная тэма для сучаснага балета: з разнастайнай пластыкай, сумешчанай з беларускім фальклорам і яўрэйскай мелодыяй. А галоўнае — тэма канфлікту: гэта не палітыка, не рэвалюцыя, а дуэль стыляў — каляровыя абдымкі Шагала супраць ледзяных квадратаў Малевіча. Гэта можна выдатна паказаць у розных харэаграфічных стылях!» — з захапленнем піша Габышаў.

Ён напісаў у тэатр, прыйшоў адказ: «Так, мы вельмі зацікаўлены ў новых ідэях. Прыязджайце, гэта не тэлефонная размова. Распавядзіце асабіста!»

Ён паехаў у Мінск, сустрэўся з дырэктарам і галоўным харэографам тэатра.

«Выслухоўваюць ідэю балета, але сумневы: «А ўрад Беларусі добра ставіцца да Шагала?» Даказваю, быццам, так, што нават беларускі мультфільм 2016‑га створаны «пры падтрымцы міністэрства»!

Просяць эскізы, касцюмы, дэкарацыі, поўны каштарыс. Кажу: «Я ж не мастак па сцэне, я харэограф, якраз за гэтым і прыехаў — ствараць каманду, калі ідэя спадабалася». Выязджаю ні з чым, але пасля яны пішуць: «Дэталёва распішыце лібрэта».

Каля месяца распрацоўваю, ствараю прэзентацыю, шлю ім план: дзеі спектакля, візуалы. Нават знайшоў дзіўны эскіз самога Шагала — вёску, перавернутую на небе, яго любімы Віцебск і родны пакой!»

Адказ: сцэнарый спадабаўся, патрабуе абмеркавання. На 2025 планы закрыты, на 2026 год — «у думках». 

Але днямі сябры Габышава напісалі яму, што ў тэатры афіцыйна абвясцілі аб будучай пастаноўцы ў 26‑м пра Шагала.

«Я: «Гэта ж цудоўна!!!» «Але ставіць яе будзе галоўны харэограф тэатра — Ігар Колб, ужо распрацоўваюць эскізы дэкарацый і абмяркоўваюць музыку з дырыжорам».

Вось такі сюрпрыз! Прыляцелі…» — піша Габышаў.

Ён дадае, што гэта дзіўнае супадзення, што менавіта пасля яго візіту ў тэатр у кіраўніцтва і галоўнага балетмайстра Колба з'яўляецца ідэя спектакля пра Шагала.

«Разумею, у творчым асяроддзі такіх няўдзячных гісторый, на жаль, нямала. Але я ўпершыню сутыкнуўся з такой непавагай, несправядлівасцю і творчым падманам — усё спакойна, ціха вырашылі за спінай, нават не паспрабаваўшы неяк апавясціць», — дадае ён.

Ігар Колб нарадзіўся ў Пінску і скончыў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, яшчэ на 3 курсе пачаў выступаць на сцэне Тэатра оперы і балета ў Мінску. Але зоркай стаў у Расіі — з 1996 года ён працаваў у Санкт-Пецярбургу ў Марыінскім тэатры.

У 2022 годзе Ігар Колб — заслужаны артыст Расіі — вярнуўся ў Мінск. Тут яго зрабілі галоўным балетмайстрам. Мужчына расказваў, што прыняць прапанову было не вельмі проста — бо сям’я не хацела нікуды пераязджаць з Санкт-Пецярбургу.

Сёлета ў красавіку гледачы ўжо абураліся яго бачаннем балетаў «Балеро. Кармэн». Публіка тады палічыла, што новы балетмайстар «апаганіў святое» і патрабавалі вярнуць пастаноўку Валянціна Елізар’ева.

А ў канцы года «Шчаўкунок» Колба сабраў так шмат негатыўных водгукаў, што людзі нават пыталіся ў сацсетках, ці варта загадзя здаць квіткі за 250 рублёў.

Каментары2

  • Абу
    11.01.2026
    Добра навучыліся ў цап-царап.
    Хаця не ў духу часу гэта. Тут трэба Вікцюка: мужчынскі балет "Аляксандар і яго сыны" ці "Шпіцава возера".
  • 1
    11.01.2026
    Лояльная бездарь.

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца8

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША заявіла пра эпідэмію яшчуру ў Расіі5

У Германіі беларус ехаў у цягніку без квітка і з наркотыкамі. І ўвогуле ён быў у краіне незаконна

Украінскія ўдары па партах паралізавалі амаль палову расійскага нафтавага экспарту8

У гродзенскім «Еўраопце» заўважылі мыш ВІДЭА1

Буслы, дранікі і БелАЗы. «Мегатоп» выпусціў калекцыю абутку з беларускімі матывамі

Дроны, якія заляцелі ў Латвію і Эстонію, аказаліся ўкраінскімі4

Прэзідэнт Германіі: Адносіны з Масквой і Вашынгтонам ніколі не будуць ранейшымі5

«Кароткі шпацыр, хлёрка, холад». Эдуард Пальчыс расказаў, у якіх умовах трымаюць Андрэя Пачобута

Меланія Трамп абвергла словы Лукашэнкі, што звярталася да яго па дапамогу23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца8

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё становішча на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць