Еўрапейскія краіны з найбуйнейшымі абароннымі бюджэтамі назвалі Расію галоўнай пагрозай бяспецы і паабяцалі падтрымліваць Украіну
26 кастрычніка ў Парыжы адбылася сустрэча групы E5 — краін з найбуйнейшымі абароннымі бюджэтамі. Міністры абароны Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы і Францыі сабраліся, каб абмеркаваць падтрымку Украіны напярэдадні зімы, піша Bloomberg.

Па выніках сустрэчы яны назвалі Расію галоўнай доўгатэрміновай пагрозай бяспецы Еўропы і паабяцалі працягваць падтрымліваць Украіну, нягледзячы на збліжэнне Вашынгтона з Масквой.
«Нашы краіны падзяляюць меркаванне, што Расія ўяўляе сабой найбольш вострую і доўгатэрміновую пагрозу еўраатлантычнай бяспецы і стабільнасці», — гаворыцца ў выніковай заяве.
Паводле слоў міністраў, вайна супраць Украіны і ўзмацненне гібрыдных атак у Еўропе «не толькі не падрываюць наша адзінства і салідарнасць, але і ўмацоўваюць нашу рашучасць працягваць ужо распачатыя намаганні для забеспячэння цэласнасці і бяспекі тэрыторыі саюзнікаў».
Міністры паабяцалі працягваць падтрымку Украіны, але не абвясцілі пра новыя пакеты ваеннай або фінансавай дапамогі, адзначае Bloomberg. Падчас сустрэчы яны абмежаваліся пацвярджэннем сваіх ранейшых абавязацельстваў.
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус падкрэсліў, што саюзнікі прыкладуць намаганні, каб захаваць амерыканскую падтрымку Украіны: «Мы зробім усё магчымае, каб ЗША таксама працягвалі падтрымліваць Украіну пастаўкамі, разведвальнай інфармацыяй і спадарожнікавымі данымі».
Каментары