Памёр Генадзь Цярэня, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання. Пра смерць Цярэні паведаміла ў фэйсбуку былая супрацоўніца Вярхоўнага Савета Валянціна Свяцкая. Яму было 77 гадоў, піша «Радыё Свабода».

Генадзь Цярэня нарадзіўся 9 мая 1948 года ў вёсцы Стайкі Аршанскага раёна.
У 1967 годзе ён скончыў Аршанскі тэхнікум транспарту, у 1976 годзе — факультэт філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1990 годзе — Акадэмію міліцыі МУС Беларусі, а ў 1997 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «міжнароднае права».
Пасля вучобы працаваў у розных структурах, звязаных з чыгункай і міліцыяй. Спачатку быў кіраўніком грузавога пункта на станцыі Сцяпянка, пазней займаў пасады ў гэтай жа станцыі і працаваў інжынерам у сістэме Беларускай чыгункі. З 1974 па 1996 год служыў у органах міліцыі, дзе ўзняўся да пасады намесніка кіраўніка крымінальнай міліцыі і кіраваў падраздзяленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.
Таксама ён удзельнічаў у палітычным жыцці краіны. У незалежнай Беларусі ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, а на парламенцкіх выбарах 1995 года балатаваўся як беспартыйны ў Сенненскім раёне. Стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета, ён працаваў у камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах і ўваходзіў у апазіцыйную фракцыю, якая выступала супраць палітыкі Лукашэнкі.
Пасля канстытуцыйных змяненняў у 1996 годзе ён не ўвайшоў у Палату прадстаўнікоў, створаную Лукашэнкам, а ягоны дэпутацкі мандат фармальна працягваўся паводле старой Канстытуцыі да 2001 года, хоць новыя выбары так і не адбыліся.
Пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 года ён быў у апазіцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Тады частка дэпутатаў, якія ў лістападзе 1996 года не прызналі роспуск Вярхоўнага Савета, выбралі яго намеснікам старшыні парламента Сямёна Шарэцкага.
Развітанне з Генадзем Цярэнем адбудзецца 8 красавіка ў Мінску з 12.00 да 13.00 у развітальнай зале па вуліцы Куляшова, 49.
Каментары