УЕФА пажыццёва дыскваліфікаваў трэнера, які таемна здымаў у распранальні на відэа сваю жаночую каманду
Пацярпелых аказаліся каля 15 футбалістак, самай малодшай — 17 гадоў.

Еўрапейскі футбольны саюз (УЕФА) пажыццёва адхіліў ад любой дзейнасці, звязанай з футболам, 42‑гадовага чэшскага спецыяліста Пятра Улахоўскага, які раней узначальваў жаночую каманду клуба «Славацка» і юніёрскую зборную краіны. Акрамя гэтага, арганізацыя звярнулася ў ФІФА з патрабаваннем пашырыць гэтую забарону на ўвесь свет.
Да нейкага часу Улахоўскі меў у Чэхіі практычна бездакорную рэпутацыю — ён прапрацаваў у структуры жаночага футбола каля 15 гадоў і нават прызнаваўся найлепшым жаночым трэнерам краіны.
Аднак высветлілася, што на працягу чатырох гадоў, з 2019 па 2023 год, мужчына выкарыстоўваў схаваную ў заплечніку мініяцюрную камеру, каб таемна здымаць сваіх падапечных. Пацярпелымі аказаліся каля 15 футбалістак, самай малодшай — 17 гадоў.
Злачынства раскрылася ў верасні 2023 года, калі паліцыя выявіла ў інтэрнэце запісы з распранальні і арыштавала трэнера.
Для самой каманды гэта стала шокам, бо дзяўчаты даведаліся пра сачэнне толькі пасля арышту настаўніка. Пазней пацярпелыя прызнаваліся чэшскім журналістам, што перажыты кашмар пакінуў цяжкі псіхалагічны след: многія пачалі баяцца спаць па начах і сутыкнуліся з пастаяннай трывожнасцю ў грамадскіх месцах.
Судовыя разборы па гэтай справе цягнуліся некалькі гадоў. Спачатку суд прысудзіў выплаціць ахвярам невялікую грашовую кампенсацыю, а ў маі 2025 года крымінальны суд у Чэхіі прызначыў Улахоўскаму адзін год пазбаўлення волі ўмоўна і забараніў працаваць трэнерам унутры краіны на працягу пяці гадоў.
Міжнародны прафсаюз гульцоў FIFPRO палічыў такі прысуд занадта мяккім і заклікаў да поўнага бана спецыяліста, заявіўшы, што нават бескантактавы сэксуальны гвалт застаецца гвалтам, які патрабуе максімальна суровага адказу.
Цяперашняе ж рашэнне УЕФА павінна падаць выразны сігнал усяму спартыўнаму свету, што непрыстойным паводзінам і гвалту ў футболе месца няма.
Каментары
І нічога.