Беларус паўтара года чакаў ПМЖ у Польшчы, а потым атрымаў ліст, што яго карту паляка анулявалі яшчэ чатыры гады таму
У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін незвычайны момант.

Першую карту паляка Пётр (імя зменена) атрымаў яшчэ ў 2012 годзе ў Беларусі. З таго часу ў яго жыцці многае змянілася. Пасля падзей 2020 года ён быў вымушаны з'ехаць спачатку ў Грузію, а потым у Польшчу. У гэтай краіне ў 2025 годзе ён падаў дакументы на дазвол на пастаяннае пражыванне (сталы побыт), а ў якасці падставы прыклаў карту паляка. А праз паўтара года атрымаў ліст: яго карта паляка ануляваная. Верагодна, прычына — старая памылка, пра якую ўжо паспелі забыцца. Сваёй гісторыяй Пётр падзяліўся з Most.
Атрымаць карту паляка ў 2012 годзе Пятру было нескладана. Яго дзед у 1939 годзе быў абаронцам Варшавы (у сям'і захаваліся яго дакументы), у пашпарце бацькі і ў дакументах самога Пятра была пазначана нацыянальнасць — паляк. Права на карту паляка прызнаецца адзін раз, але сама пластыкавая картка выдаецца на 10 гадоў, пасля чаго падлягае замене.
У 2022 годзе, калі скончыўся тэрмін дзеяння першай карты, Пётр жыў у Грузіі. Туды ён быў вымушаны з'ехаць праз рызыку палітычных рэпрэсій. Таму па новую Карту паляка ён звярнуўся ў консульства Польшчы ў Тбілісі. Праблем не ўзнікла — і ў ліпені 2022 года ён атрымаў станоўчае рашэнне аб выдачы карты паляка.
Аднак у дзень, калі Пётр павінен быў забраць новую картку, яму патэлефанавалі з консульства і паведамілі, што ў прозвішчы дапусцілі памылку. Яе паабяцалі выправіць і надрукаваць новую картку, за якой трэба будзе прыехаць пазней.
— Я ўжо ехаў у аўтобусе забіраць карту, калі мне патэлефанавалі. Я прыехаў, але ў консульства ўжо не заходзіў, — успамінае Пётр.
Карта ануляваная
У выніку дакумент з памылкай ён нават не бачыў. А праз чатыры месяцы, як і абяцалі, атрымаў карту паляка ўжо з правільна напісаным прозвішчам. Пазней на яе падставе Пётр у тым жа консульстве атрымаў польскую візу, а яшчэ праз некаторы час пераехаў у Польшчу.
Там у 2025 годзе ён падаў дакументы на сталы побыт — на падставе той самай карты паляка. Нядаўна Пётр атрымаў ліст з ваяводскай установы (ужонда), якая разглядае яго заяву. У ім паведамляецца, што яго карта паляка была ануляваная яшчэ ў верасні 2022 года. Пры гэтым нумар ануляванага дакумента супадае з нумарам карты, якую Пётр падаў разам з дакументамі, — другога варыянту, з правільным прозвішчам. На тое, каб прадставіць сапраўдны дакумент, яму далі 14 дзён.
Які нумар мела картка з памылкай і ці адрозніваўся ён ад нумара новай, Пётр не ведае. Ён ужо накіраваў ліст у консульства Польшчы ў Тбілісі з просьбай растлумачыць, што адбылося і што яму рабіць далей.
У лісце з ужонда прапануецца і іншы варыянт — змяніць падставу для атрымання ПМЖ з карты паляка на польскае паходжанне. У такім выпадку яму давядзецца нанова даказваць свае польскія карані.
У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін незвычайны момант. Легалізацыю Пётр праходзіць разам з непаўналетняй дачкой. Яна таксама афармляе пастаянны від на жыхарства на падставе карты паляка. Аднак яе дакумент у польскіх чыноўнікаў ніякіх пытанняў не выклікаў.
Каментары