200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?
Агулам рэальная колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў за амаль чатыры з паловай гады можа складаць ад 450 204 да 547 571 вайскоўца.

Бі-бі-сі сумесна з «Медыязонай» і камандай валанцёраў высветліла імёны 234 795 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. 56% усіх загінулых — гэта людзі, якія мелі грамадзянскія прафесіі і падпісалі кантракт з расійскай арміяй ужо пасля пачатку вайны.
Апошнія два гады колькасць пацверджаных загінулых, якіх удалося ўстанавіць, не апускаецца ніжэй за 200 чалавек у суткі. Гэта толькі тыя выпадкі, смерць якіх можна праверыць на падставе адкрытых крыніц. Рэальная колькасць страт, верагодна, значна большая.
Асноўныя тэндэнцыі
Аналіз тысяч некралогаў дазваляе прасачыць, як змяняўся характар баявых дзеянняў. У першыя паўтара года графік страт быў хвалепадобным: пасля пікаў — напрыклад, падчас штурму Бахмута і захопу Аўдзееўкі, калі штодня гінула па 100—150 чалавек, — колькасць загінулых зніжалася да 50—60 чалавек у суткі.
З кастрычніка 2023 года штодзённыя страты замацаваліся на стабільна высокім узроўні — каля 120 чалавек за дзень.
З ліпеня 2024 года гэты паказчык павялічыўся да 200 салдат і афіцэраў штодня і амаль не змяншаецца да гэтага часу. У асобныя тыдні 2025 года колькасць загінулых дасягала 400—450 чалавек у суткі. Гэта можа быць звязана з двума фактарамі: імкненнем расійскай арміі прасоўвацца наперад нават коштам вялікіх страт, а таксама масавым выкарыстаннем абодвума бакамі беспілотнікаў для ўдараў па жывой сіле.
Зніжэнне паказчыкаў на апошняй частцы графікаў не азначае рэальнага памяншэння страт. Яно тлумачыцца затрымкай паміж гібеллю вайскоўца і публікацыяй некралога, а таксама часам, неабходным для праверкі новых паведамленняў.
Хто нясе найбольшыя страты
Размеркаванне страт па рэгіёнах паказвае, што цяпер кантракты часцей за ўсё заключаюць жыхары невялікіх гарадоў і вёсак, дзе складаней знайсці стабільную і добра аплатную працу, а агітацыя мясцовых уладаў больш актыўная.
Найбольшыя страты ў разліку на колькасць насельніцтва прыпадаюць на рэгіёны Заходняй Сібіры. Спіс узначальвае Тыва, за ёй ідуць Бурація і Рэспубліка Алтай. Найменшыя адносныя страты — у Маскве і Санкт-Пецярбургу, дзе яны ў 25—30 разоў ніжэйшыя.
Па агульнай колькасці загінулых лідзіруюць Башкартастан і Татарстан, аднак гэта часткова звязана з тым, што ў гэтых рэгіёнах валанцёры найбольш актыўна збіраюць інфармацыю.
Добраахвотнікі, мабілізаваныя і зняволеныя
Самай шматлікай катэгорыяй загінулых застаюцца добраахвотнікі — людзі, якія да вайны жылі і працавалі на грамадзянцы, а кантракт з Міністэрствам абароны Расіі падпісалі ўжо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Да гэтай жа катэгорыі адносяць падазраваных і абвінавачаных у крымінальных злачынствах, якія адправіліся на фронт да завяршэння суда.
Зняволеныя складаюць 11% пацверджаных страт, яшчэ 8% прыпадае на мабілізаваных.
Страты афіцэрскага складу
Расія працягвае губляць і падрыхтаваных вайскоўцаў. З пачатку ўварвання вядома пра гібель 7524 афіцэраў, прычым 77% з іх — камандзіры малодшага звяна.
Ваенныя вучылішчы не паспяваюць рыхтаваць патрэбную колькасць афіцэраў, бо падрыхтоўка аднаго камандзіра займае каля чатырох гадоў. Таму Міністэрства абароны ўсё часцей прысвойвае афіцэрскія званні былым радавым, якія набылі баявы досвед і прайшлі кароткатэрміновыя курсы.
Сярод пацверджаных загінулых — 520 падпалкоўнікаў, 169 палкоўнікаў і 15 генералаў.
Якія рэальныя маштабы страт?
Паводле ацэнак ваенных экспертаў, аналіз мог ахапіць толькі 45—55% рэальнай колькасці загінулых.
Не пра ўсе смерці паведамляецца публічна. Акрамя таго, целы многіх вайскоўцаў, якія загінулі ў апошнія месяцы, дагэтуль застаюцца на полі бою, бо іх эвакуацыя звязаная з вялікай рызыкай праз пагрозу ўдараў беспілотнікаў.
Зыходзячы з гэтых ацэнак, рэальная колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў можа складаць ад 426 900 да 521 767 чалавек.
Калі ж улічыць таксама ўдзельнікаў узброеных фарміраванняў так званых «ДНР» і «ЛНР», а таксама страты паўночнакарэйскіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Курскай вобласці Расіі, то агульныя страты прарасійскіх сіл могуць складаць ад 450 204 да 547 571 вайскоўца.
Цяпер чытаюць
«Галоўнае не забываць падзараджаць не толькі тэлефон, але і сябе самога». Як украінскі вайсковец жыве з двума электрастымулятарамі. І што ў яго з сэксам?
«Галоўнае не забываць падзараджаць не толькі тэлефон, але і сябе самога». Як украінскі вайсковец жыве з двума электрастымулятарамі. І што ў яго з сэксам?
«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары