На старыцы Дняпра пад Рагачовам злавілі двухметровага сома ФОТЫ
Рыбак з Рагачова Леанід Сакалоў падчас чарговай рыбалкі злавіў трафейнага сома, які стаў адным з найбуйнейшых, злоўленых у Беларусі ў гэтым сезоне, піша Fishing.by.

На рыбалку мужчына выправіўся на старыцу Дняпра каля вёскі Ільіч Рагачоўскага раёна і нават не думаў, што яму давядзецца змагацца з такой вялікай рыбінай. Па словах Леаніда, ён лавіў з лодкі метадам тролінгу. Сом клюнуў на воблер даўжынёй 130 міліметраў.

Рыба надзейна зачапілася адразу за два кручкі, але яе выцягванне было вельмі складаным. Змаганне з гігантам працягвалася каля 40 хвілін.
У выніку рыбаку ўдалося дастаць сома даўжынёй 2 метры і вагой 55 кілаграмаў. Сам Леанід адзначыў, што гэта яго асабісты рэкорд.

У беларускіх вадаёмах буйныя самы трапляюцца даволі рэгулярна, аднак асобіны вагой больш за 50 кілаграмаў лічацца вельмі рэдкім і асабліва каштоўным трафеем.
Каментары