На сметніцы пад Масквой самазвал насмерць збіў 61‑гадовую беларуску. Кіроўцу адпусцілі ў зале суда
Яна ішла ўладкоўвацца на працу.

Падольскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці прызнаў вінаватым кіроўцу самазвала, які ў канцы 2024 года насмерць збіў 61‑гадовую грамадзянку Беларусі на палігоне па перапрацоўцы будаўнічых адыходаў пад Падольскам. Гэта вынікае з тэксту прысуду.
Жанчына прыехала ў Расію на заробкі. Жыла ў інтэрнаце, працавала сартавальшчыцай на сметніцы, а ў апошні час спрабавала ўладкавацца туды зноўку — пасля таго як ад'язджала ў Беларусь па асабістых справах. На момант гібелі афіцыйна аформленая на працу яна яшчэ не была.
Паводле матэрыялаў справы, кіроўца самазвала Shacman, грамадзянін Кыргызстана, паварочваў направа, каб разгрузіць будаўнічае смецце. Жанчына ў гэты момант ішла ўздоўж правага боку машыны — у сляпой зоне агляду. Кіроўца зачапіў яе правым бокам аўтамабіля, яна ўпала, пасля чаго ён пераехаў яе заднімі коламі. Жанчына загінула на месцы ад мноства пераломаў і разрываў унутраных органаў. Алкаголю і наркотыкаў у яе крыві экспертыза не выявіла.
Кіроўца віну не прызнаў. Ён сцвярджаў, што не бачыў жанчыну праз сляпую зону, а яго рухам кіраваў брыгадзір, які паказваў, куды ехаць. Суд гэтыя довады адхіліў: паводле прысуду, кіроўца перад пачаткам руху не пераканаўся ў бяспецы манеўра і ў адсутнасці пешаходаў, не ўключыў паваротнік, не знізіў хуткасць і не падаў гукавы сігнал.
Прадстаўніцай загінулай у судзе спачатку была яе сяброўка і зямлячка — таксама грамадзянка Беларусі. Паводле яе паказанняў, родзічы загінулай адмовіліся прыязджаць у Расію, каб забраць цела і арганізаваць пахаванне, і не цікавіліся справай; за ўвесь час яны ні разу не звярнуліся ў праваахоўныя органы. Сама сяброўка казала, што не хоча для кіроўцы рэальнага зняволення і гатовая на прымірэнне, пасля чаго з'ехала ў Беларусь. Каб прадставіць інтарэсы загінулай, суд прыцягнуў мясцовы орган сацыяльнага развіцця.
Суд кваліфікаваў дзеянні кіроўцы як парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 3 арт. 264 КК РФ), і прызначыў год і месяц пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні.
З улікам тэрміну, які кіроўца ўжо правёў пад вартай, суд палічыў пакаранне адбытым — рэальна за краты ён не трапляе. На ўтрыманні ў яго трое малалетніх дзяцей.
Каментары