У Мінску 5 і 6 чэрвеня будуць дзейнічаць часовыя абмежаванні руху ў сувязі з правядзеннем масавых мерапрыемстваў, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Увечары 5 чэрвеня, пачынаючы з 19:00, магчымыя абмежаванні на вуліцы Леніна ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да вуліцы Няміга, а таксама на праспекце Пераможцаў ад Нямігі да вуліцы Мельнікайце. Гэта звязана з правядзеннем фестывалю «Настрой — лета». Трапіць на мерапрыемства можна будзе толькі праз кантрольна-прапускныя пункты з асабістым аглядам.
6 чэрвеня ў сталіцы адбудзецца велакарнавал «Viva, Ровар — 2026». Яго маршрут пройдзе ад Палаца спорту да «Мінск-Арэны» і назад.
У гэты дзень рух транспарту будзе абмежаваны:
- на праспекце Пераможцаў ад вуліцы Леніна да вуліцы Мельнікайце — з 10:30 да 12:30;
- на ўчастку ад вуліцы Мельнікайце да вуліцы Нарачанскай — прыкладна з 10:50 да 12:10.
Таксама пасля 16:30 магчымыя кароткачасовыя абмежаванні на вуліцы Леніна і праспекце Пераможцаў.
У сувязі з мерапрыемствамі будзе скарэктаваная праца грамадскага транспарту.
Прадметы, забароненыя да праносу на тэрыторыю мерапрыемстваў, можна будзе пакінуць у камерах захоўвання на праспекце Пераможцаў, 2 і 4.
Міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме для гарантавання бяспекі ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемстваў.
Каментары